Мэтапазаўры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мэтапазаўры
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
НадклясаЧатырохногія
КлясаЗемнаводныя
АтрадТэмнаспандылы
ПадатрадСтэрэаспандылы
НадсямействаМэтапазаўры
Бінамінальная намэнклятура
Metoposauroidea

Мэтапазаўры (Metoposauroidea) — надсямейства вымерлых земнаводных. Існавалі цягам лядынскага, карнскага ды норскага вякоў трыясу, зьяўляюцца кіруючымі выкапнёвымі верхняга трыясу. Адзінае вядомае сямейства — мэтапазаўрыды. Адрозьніваліся надзвычай плоскім чэрапам з моцна прасунутымі наперад вачыма, то бок, мелі кароткую пысу ды доўгую завочную частку чэрапу. Валодалі разьвітай бакавой лініяй. Цела й хвост адносна кароткія, агульная будова масіўная. Паходзяць з Эўропы, Паўночнай Амэрыкі, Індыі й Паўночнай Афрыкі. Знаходкі мэтапазаўраў звычайна ўяўляюць сабой скопішчы шкілетаў дарослых асобнікаў, што загінулі па высыханьні вадаёмаў. Гэта сьведчыць на конт абсалютнае іх няздольнасьці да існаваньня на сушы. У той жа час маладзейшыя мэтапазаўры нярэдка сустракаюцца ў адкладах прыбярэжных палосаў вадаёмаў.

Мэтапазаўры мелі жыцьцёвую форму «жывога капкану» — яны пасіўна ляжалі на дне, чакаючы на набліжэньне здабычы, і тады лавілі яе рэзкім рухам. Аднак ня выключана, што мэтапазаўры маглі быць актыўнымі воднымі драпежнікамі, у чым ім маглі дапамагаць прасунутыя наперад вочы.

Вядомыя дробныя, верагодна, напаўназемныя мэтапазаўры з позьняга трыясу ЗША (апачазаўр). Астатнія ж роды групы ўяўлялі сабой буйных жывёлаў ддаўжынёй да 2,5 мэтру, паўмэтру зь якіх прыпадала на чэрап. Найбольш вядомыя род Metoposaurus (мэтапазаўр) з позьняга трыясу Нямеччыны, Польшчы й Паўночнай Амэрыкі ды каскінанадонт з карну Паўночнай Амэрыкі. У 2006 року ў Нямеччыне апісаны дробны даўгацелы мэтапазаўр калістамордакс, які апынуўся найстаражытнейшым з прадстаўнікоў групы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Основы палеонтологии: Земноводные, пресмыкающиеся и птицы/под ред. А. К. Рождественского, Л. П. Татаринова. — М., 1964. — С. 116—119.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]