Мечыслаў Хвойнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мэнахем Орэн»)
Мечыслаў Хвойнік
Mieczysław Chwojnik
מנחם ארן
ІмяМэнахэм Орэн
Імя пры нараджэньні Мендэль Орэн
Краіна
Нарадзіўся 16 студзеня 1902
Ружаны
Памёр 1 сьнежня 1962 (60 гадоў)
Тэль-Авіў

Мечы́слаў Хво́йнік (па-польску: Mieczysław Chwojnik), пасьля зьмены грамадзянства Мэнахэм Орэн (па-габрэйску: מנחם ארן; 16 студзеня 1902, Ружаны, Расейская імпэрыя — 1 сьнежня 1962, Тэль-Авіў, Ізраіль) — польскі шахматыст, алімпійскі прызэр, пасьля Другой сусьветнай вайны рэпрэзэнтант Ізраілю.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 20-х роках XX стагодзьдзя быў адным з наймацнейшых кракаўскіх шахматыстаў, тройчы (1919, 1925 і 1926) здабываў тытул чэмпіёну места. Двойчы (1926 і 1927) выступаў у фіналах чэмпіянатаў Польшчы. У 1928 прадстаўляў (на IV дошцы) Польшчу на шахматнай алімпіядзе ў Гаазе (+4 −3 =4), разам з камандай заваяваўшы бронзавы мэдаль. У 1929, выступаючы за каманду Кракава, заваяваў бронзавы мэдаль каманднага чэмпіянату Польшчы.

У сярэдзіне 1930-х пераехаў з Кракава ў Роўна на Валыні (цяпер ва Ўкраіне). Перамог на чэмпіянаце Роўна 1938 року. З пачаткам II сусьветнай вайны апынуўся ў Мелякесе (цяпер ва Ўльянаўскай вобласьці Расеі), выкладаў у настаўніцкім інстытуце[1]. У 1946 вярнуўся ў Польшчу і пасяліўся ў Ніжняй Сылезіі.

У 1949 Мечыслаў Хвойнік эміграваў у Ізраіль і зьмяніў імя на Мэнахэм Орэн. У 1951 року перамог на чэмпіянаце Ізраілю і чэмпіянаце Тэль-Авіву, праз год паўтарыў посьпех на чэмпіянаце Тэль-Авіву[2].

Тройчы выступаў за Ізраіль на алімпіядах: у 1952 на другой дошцы (+6 −4 =3), у 1954 на трэцяй (+7 −2 =3) і ў 1956 на чацьвёртай (+2 −2 =4). Агулам згуляў 44 алімпійскія партыі, у якіх здабыў 26 пунктаў[3].

Паводле рэтраспэктыўнае сыстэмы Chessmetrics найвышэйшы рэйтынг меў у кастрычніку 1954, займаючы 74-е месца ў сьвеце[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зялевіч, Алена (20 ліпеня 2016) Жыцьцё на чорна-белай дошцы Навіны. Раённыя будніПраверана 20 ліпеня 2016 г.
  2. ^ Wolsza Tadeusz. Arcymistrzowie, mistrzowie, amatorzy. Słownik biograficzny szachistów polskich. — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2007. — Т. 5. — ISBN 83-7181-495-X
  3. ^ Oren, Menachem (Israel) (анг.) OlimpBase. Wojciech Bartelski & Co.. Праверана 20 ліпеня 2016 г.
  4. ^ Chessmetrics Player Profile: Menachem Oren (анг.) Chessmetrics Праверана 20 ліпеня 2016 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]