Мужчынская зборная Японіі па футболе
| Японія | |||||
| | |||||
| Фэдэрацыя | Японская футбольная асацыяцыя[d] | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Канфэдэрацыя | Азіяцкая футбольная канфэдэрацыя | ||||
| Трэнэр | |||||
| Капітан | Маката Хасэбэ[d] | ||||
| Найбольш гульняў |
Ясухіта Энда | ||||
| Найлепшы бамбардзір |
Кунісіге Камамота | ||||
| Першая гульня | |||||
|
Японія 0:5 Кітай (Токіё, Японія; 9 траўня 1917) | |||||
| Самая буйная перамога | |||||
|
Японія 15:0 Філіпіны (Токіё, Японія; 27 верасьня 1967) | |||||
| Самая буйная параза | |||||
|
Японія 2:15 Філіпіны (Токіё, Японія; 10 верасьня 1917) | |||||
| Чэмпіянат сьвету | |||||
| Удзел | 8 (упершыню: 1998) | ||||
| Дасягненьні | 1/8 фіналу (2002, 2010, 2018, 2022) | ||||
| Кубак Азіі | |||||
| Удзел | 11 (упершыню: 1988) | ||||
| Дасягненьні | Чэмпіён (1992, 2000, 2004, 2011) | ||||
| |||||
Мужчы́нская збо́рная Япо́ніі па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Японію на міжнародных футбольных турнірах і ў таварыскіх матчах. Арганізацыяй, якая ажыцьцяўляе кантроль і кіраваньне зборнай, ёсьць Японская футбольная асацыяцыя. Не зважаючы на тое, што ў каманды няма афіцыйнай мянушкі, яе таксама часта называюць імем галоўнага трэнэра, але ў апошні час за зборнай таксама замацавалася мянушка «сінія самураі».
Японія ёсьць самай тытулаванай нацыянальнай зборнай у Азіі, якая мае ў сваім актыве 4 перамогі ў розыгрышах Кубка Азіі і выхад у 1/8 фіналу на чэмпіянатах сьвету 2002, 2010, 2018 і 2022 гадоў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Самыя раньнія міжнародныя матчы каманды зь Японіі адбыліся на Далёкаўсходніх гульнях 1917 году ў Токіё, дзе краіну прадстаўляла каманда з Такійскай вышэйшай нармальнай школы. У той час Японія мела добрыя вынікі ў плаваньні, бэйсболе і лёгкай атлетыцы, але футбольная каманда трывала гучныя паразы ад зборных Рэспублікі Кітаю і Філіпінаў[2]. Тым ня менш, у 1920-я гады футбол пачалі актыўна прасоўваць у японскіх школах[3]. Першая «сапраўдная» нацыянальная зборная Японіі, якая не была ўнівэрсытэцкай камандай, выйшла на поле на Далёкаўсходніх гульнях 1930 году і згуляла ўнічыю з зборнай Кітаю ў матчы за чэмпіёнскі тытул[3]. Японская дружына брала ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях 1936 году.

Паваенны дэбют зборнай Японіі адбыўся на Азіяцкіх гульнях 1951 году ў Індыі[4]. Японія паўторна далучылася да ФІФА ў 1950 годзе, атрымаўшы права браць удзел у адборачных турнірах да чэмпіянатаў сьвету. Першае значнае дасягненьне зборнай адбылося на летніх Алімпійскіх гульнях 1968 году ў Мэхіка, дзе японцы заваявалі бронзавыя мэдалі. Хоць гэты вынік прынёс футболу большую значнасьць у Японіі, адсутнасьць прафэсійнай унутранай лігі стрымлівала ягонае разьвіцьцё. У выніку зборная Японіі не давала рады, каб кваліфікавацца на чэмпіянат сьвету яшчэ 30 гадоў[5]. Дружына ўпершыню выступіла на Кубку Азіі ў 1988 годзе, дзе была выбітая на групавым этапе пасьля нічыі з зборнай Ірану і паразаў ад зборных Рэспублікі Карэі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Катару. Канец 1980-х гадоў адзначыўся канкрэтнымі крокамі да прафэсіяналізацыі футболу ў краіне.
У 1990-х гадах Японская футбольная асацыяцыя пачала прафэсіяналізацыю нацыянальнай зборнай. У 1991 годзе ўладальнікі паўпрафэсійнай Японскай футбольнай лігі пагадзіліся распусьціць яе і стварыць новую прафэсійную лігу, якая атрымала назву Джэй-ліга, часткова дзеля павышэньня прэстыжу футболу і ўмацаваньня праграмы разьвіцьця нацыянальнай зборнай. У наступным годзе Японія прымала Кубак Азіі 1992 году, дзе мясцовая каманда здабыла свой першы тытул, перамогшы ў фінале зборную Саудаўскай Арабіі зь лікам 1:0[6]. Першы сэзон Джэй-лігі, між тым, адбыўся ў 1993 годзе[7]. Першы ў гісторыі ўдзел зборнай Японіі на чэмпіянатах сьвету адбыўся на турніры 1998 году, дзе японцы саступілі ўва ўсіх сваіх матчах. Два першыя матчы завяршыліся паразамі 1:0 на карысьць зборных Аргентыны і Харватыі, а выступ скончыўся паразай 2:1 ад зборнай Ямайкі. Тым ня менш, японская каманда ўразіла заўзятараў, бо ўсе тры паразы мелі розьніцу толькі ў адзін гол[8]. На Кубку Азіі 2000 году зборная Японіі здолела зноў перамагчы на турніры, выгуляўшы ў фінале зборную Саудаўскай Арабіі[9]. Ужо праз два гады Японія поруч з Рэспублікай Карэі ладзіла на сваёй зямлі чэмпіянат сьвету 2002 году. Пасьля нічыі 2:2 з зборнай Бэльгіі ў першым матчы японская зборная прабілася з групы дзякуючы перамогам 1:0 над зборнай Расеі і 2:0 над зборнай Тунісу. Аднак у 1/8 фіналу японцы выбылы, мінімальна саступіўшы зборнай Турэччыны[10].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://www.transfermarkt.com/japan/mitarbeiterhistorie/verein/3435
- ↑ 1917年の日本サッカー | 日本サッカーアーカイブ // 日本サッカーアーカイブ Архіўная копія ад 03.07.2018 г.
- 1 2 Japan, Korea and the 2002 World Cup. — Psychology Press, 2002. — С. 121–122. — ISBN 0415275636
- ↑ World Football Elo Ratings. www.eloratings.net. Праверана 19.06.2018 г. Архіўная копія ад 12.06.2018 г.
- ↑ Matsushima, Ken History of the J. League. Rising Sun News. Праверана 02.11.2016 г. Архіўная копія ад 12.05.2006 г.
- ↑ Japan-1992 Asian Cup Champs-AFC. the-AFC. Праверана 12.05.2023 г.
- ↑ 25 years of J League - Rise and Fall of Asia's No.1 football league. Goal. Праверана 12.05.2023 г.
- ↑ 1998 FIFA World Cup France™: Japan. www.fifa.com. Праверана 13.05.2023 г.
- ↑ Troussier: 2000 triumph an amazing memory. the-AFC. Праверана 12.05.2023 г.
- ↑ Turkey end Japan’s dream. news.bbc.co.uk. Праверана 12.05.2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт Японскай футбольнай асацыяцыі.
