Перайсьці да зьместу

Мужчынская зборная Румыніі па футболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Румынія
Лягатып
Фэдэрацыя Румынская футбольная фэдэрацыя[d]
Канфэдэрацыя УЭФА
Трэнэр
Капітан Нікалаэ Станчу[d][2]
Найбольш гульняў Дарынэл Мунцяну Edit this on Wikidata (134)
Найлепшы бамбардзір Георге Хаджы, Адрыян Муту Edit this on Wikidata
Першая гульня
Югаславія 1:2 Румынія
(Бялград, Югаславія; 8 чэрвеня 1922)
Самая буйная перамога
Румынія 9:0 Фінляндыя
(Бухарэст, Румынія; 14 кастрычніка 1973)
Самая буйная параза
Вугоршчына 13:0 Румынія
(Будапэшт, Вугоршчына; 6 чэрвеня 1948)
Чэмпіянат сьвету
Удзел 7 (упершыню: 1930)
Дасягненьні Чвэрцьфінал (1994)
Чэмпіянат Эўропы
Удзел 6 (упершыню: 1984)
Дасягненьні Чвэрцьфінал (2000)
Асноўная форма
Рэзэрвовая форма

Мужчы́нская збо́рная Румыніі па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Румынію ў міжнародных матчах і турнірах па футболе. Кіруецца і кантралюецца Румынскай футбольнай фэдэрацыяй.

Румынская футбольная фэдэрацыя была заснаваная ў кастрычніку 1909 году ў Бухарэсьце. Зборная Румыніі згуляла свой першы міжнародны матч 8 чэрвеня 1922 году, калі здабыла перамогу зь лікам 2:1 над зборнай Югаславіі ў Бялградзе. Першым трэнэрам каманды быў Тэафіл Марару[3]. Пасьля гэтага на кароткі час прызначаліся некалькі часовых трэнэраў, пакуль Марару не вярнуўся да кіраўніцтва камандай у жніўні 1924 году і не кіраваў камандай амаль чатыры гады. Румынія дасягнула пэўных посьпехаў у 1930-я гады, калі трэнэр Канстантын Рэдулеску вывеў каманду на першыя тры чэмпіянаты сьвету, такое дасягненьне акрамя румынаў здолелі паўтарыць толькі зборныя Бразыліі, Бэльгіі і Францыі.

Матч паміж зборнымі Румыніі і Пэру на чэмпіянаце сьвету 1930 году.

На чэмпіянаце сьвету 1930 году зборная Румыніі перамагла ў першым матчы зборную Пэру зь лікам 3:1, але пасьля гэтага каманда саступіла гаспадарам і будучым чэмпіёнам з зборнай Уругваю зь лікам 0:4. На наступны чэмпіянат сьвету румыны трапілі, бо ў кваліфікацыйным турніры перамаглі зборную Югаславіі. У фінальнай частцы турніру, які цяпер ладзіўся паводле алімпійскай сыстэмы, румынская каманда знуляла толькі адзін матч. Параза зь лікам 1:2 ад зборнай Чэхаславаччыны ў Трыесьце адразу выбіла каманду з спаборніцтваў. У 1938 годзе каманда з Румыніі кваліфікавалася аўтаматычна, бо зборная Эгіпту як ейны супернік у кваліфікацыйным турніры зьняўся з турніру. На фінальнай частцы ў Францыі каманда зазнала нечаканую паразу ад слабейшай зборнай Кубы, якая, як і Румынія, трапіла на мундыяль праз адкліканьне заяўкі суперніка, то бок зборнай ЗША. Першы матч у Тулюзе скончыўся 3:3 пасьля дадатковага часу, але праз чатыры дні ў перагулёўцы кубінскія футбалісты перамаглі зь лікам 2:1.

Румынская каманда ў матчы супраць зборнай Нідэрляндаў у Ратэрдаме.

Не зважаючы на паразу 0:3 ад зборнай Партугаліі ў Лісабоне і дзьве нічыі ў матчах зборнай Грэцыі, румынская дружына здолела кваліфікавацца на чэмпіянат сьвету 1970 году ў Мэксыцы. Пэрспэктыўная каманда Анжэла Нікулеску атрымала адзін з найцяжэйшых лёсаваньняў, трапіўшы ў адную групу з зборнымі Ангельшчыны, Бразыліі і Чэхаславаччыны. Гол Джэфры Гэрста прынёс Ангельшчыне мінімальную перамогу ў першым матчы зборнай Румыніі на стадыёне ў Гвадаляхары. Шанцы зборнай Румыніі палепшыліся пасьля перамогі 2:1 над чэхаславакамі. Пасьля таго як Ладзіслаў Пэтраш адкрыў лік, зборная Румыніі разьвярнула хаду матчу пасьля перапынку, калі Александру Нягу і Флора Думітраке пацэлілі галы і прынесьлі камандзе два жыцьцёва важныя пункты. Аднак нават тады толькі перамога над бразыльцамі давала Румыніі шанец прабіцца ў чвэрцьфінал. Перад матчам меліся чуткі, што зборная Бразыліі можа аддаваць перавагу таму, каб далей прайшла зборная Румыніі, а не чэмпіёны сьвету з Ангельшчыны. Нават пасьля перамогі 1:0 над ангельцамі ў папярэднім матчы ў Гвадаляхары паўднёваамэрыканскія гранды ўсё яшчэ лічылі Ангельшчыну адным з галоўных перашкодаў на шляху да тытулу. Але бразыльцы паказалі адзін з найлепшых матчаў турніру, пры гэтым Пэле пацэліў двойчы, а паміж ягонымі галамі адзначыўся Жаірзыньню. Два галы румынаў скарачалі адставаньне, але каманда ўсё адно выбыла з турніру.

Адзіная ўдалая кваліфікацыйная кампанія зборнай Румыніі паміж 1970 і 1990 гадамі была кваліфікацыя на чэмпіянат Эўропы 1984 году ў Францыі. У фінальнай частцы каманда трапіла ў групу з зборнымі Гішпаніі, ФРН і Партугаліі. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Мірчы Лучэску абнадзейлівы старт у Сэнт-Эт’ене прынёс румынам адзін пункт у сустрэчы з гішпанцамі. У матчы супраць немцаў у Лянсе Марчэл Кораш ураўнаў лік на першай хвіліне другога тайму пасьля голу Рудзі Фёлера, але Фёлер адзначыўся яшчэ адзін раз. Апошні матч у Нанце быў абавязковым для перамогі, але румыны мінімальна саступілі партугальцам зь лікам 1:0. Румынія ня мела добрых вынікаў цягам астатняй часткі дзесяцігодзьдзя, але мацнейшы склад напрыканцы 1980-х дазволіў ёй кваліфікавацца на пяты чэмпіянат сьвету ў 1990 годзе.

Чэмпіянаты сьвету

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1930 — групавы этап
  • 1934 — ⅛ фіналу
  • 1938 — ⅛ фіналу
  • 1950 — ня брала ўдзелу
  • 1954 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1958 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1962 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1966 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1970 — групавы этап
  • 1974 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1978 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1982 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1986 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1990 — ⅛ фіналу
  • 1994 — чвэрцьфінал
  • 1998 — ⅛ фіналу
  • 2002 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2006 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2010 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2014 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2018 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2022 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2026 — не прайшла кваліфікацыю

Чэмпіянаты Эўропы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1960 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1964 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1968 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1972 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1976 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1980 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1984 — групавы этап
  • 1988 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1992 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1996 — групавы этап
  • 2000 — чвэрцьфінал
  • 2004 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2008 — групавы этап
  • 2012 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2016 — групавы этап
  • 2020 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2024 — ⅛ фіналу

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • RSSSF.com — усе гульні зборнай з 1922 году