Мужчынская зборная Пэру па футболе
| Пэру | |||||
| | |||||
| Фэдэрацыя | Пэруанская футбольная фэдэрацыя[d] | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Канфэдэрацыя | КОНМЭБОЛ | ||||
| Трэнэр | |||||
| Капітан | Паолё Герэра | ||||
| Найбольш гульняў |
Яшымар Ятун | ||||
| Найлепшы бамбардзір |
Паолё Герэра | ||||
| Першая гульня | |||||
|
Пэру 0:4 Уругвай (Ліма, Пэру; 1 лістапада 1927) | |||||
| Самая буйная перамога | |||||
|
Пэру 9:1 Эквадор (Багата, Калюмбія; 11 жніўня 1938) | |||||
| Самая буйная параза | |||||
|
Пэру 0:7 Бразылія (Санта-Крус-дэ-ля-Сьера, Балівія; 26 чэрвеня 1997) | |||||
| Чэмпіянат сьвету | |||||
| Удзел | 5 (упершыню: 1930) | ||||
| Дасягненьні | чвэрцьфінал (1970, 1978) | ||||
| Кубак Амэрыкі | |||||
| Удзел | 34 (упершыню: 1927) | ||||
| Дасягненьні | чэмпіён (1939, 1975) | ||||
| |||||
Мужчы́нская збо́рная Пэру́ па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Пэру на міжнародных футбольных турнірах і ў таварыскіх матчах. Арганізацыяй, якая ажыцьцяўляе кантроль і кіраваньне зборнай, ёсьць Пэруанская футбольная фэдэрацыя. Зборная ўваходзіць у такія арганізацыі, як ФІФА і КОНМЭБОЛ.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Футбол зьявіўся ў Пэру ў XIX стагодзьдзі, дзякуючы брытанскім імігрантам і пэруанцам, якія прыязджалі з Ангельшчыны[2]. У 1859 годзе сябры брытанскай суполкі Лімы, сталіцы краіны, заснавалі Крыкетны клюб Лімы, першую арганізацыю Пэру, прысьвечаную практыцы гульні ў крыкет, рэгбі і футбол[3][4]. Новыя віды спорту сталі папулярнымі сярод мясцовай найвышэйшай клясы цягам наступных дзесяцігодзьдзяў, але практыкаваньні былі спыненыя Салетравай вайной супраць Чылі, якая доўжылася з 1879 па 1883 гады. Па вайне футбол як сучасная інавацыя ахапіў прыбярэжныя рэгіёны Пэру[5]. Гэты від спорту стаў папулярнай паўсядзённай дзейнасьцю ў раёнах Лімы і падтрымліваўся босамі, якія хацелі натхніць і павысіць прадукцыйнасьць сярод сваіх работнікаў[6]. У суседнім порце Кальяо і іншых камэрцыйных раёнах брытанскія рабочыя і маракі гулялі ў футбол супраць мясцовых спартоўцаў[7]. Такім чынам, узьнікла суперніцтва паміж замежнікамі і мясцовымі жыхарамі ў Кальяо, а таксама паміж элітай і рабочай клясай у Ліме. З часам гэта ператварылася ў супрацьстаяньне паміж Кальяо і Лімай[2][8][9]. Гэтыя фактары, у спалучэньні з хуткім ростам футболу сярод гарадзкой беднаты раёну Ля Вікторыі ў Ліме, дзе ў 1901 годзе зьявіўся футбольны клуб «Альянса», прывяло да таго, што ў Пэру разьвіваўся, паводле гісторыка Андрэаса Кампамара, «самы элегантны і вытанчаны футбол на кантынэнце»[10] і наймацнейшая футбольная культура ў раёне Андаў[11].
Пэруанская футбольная ліга была створана ў 1912 годзе і ладзілася штогод, пакуль не распалася ў 1921 годзе праз спрэчкі паміж клюбамі-сябрамі турніру[12]. У наступным годзе была створана Фэдэрацыя пэруанскага футболу (ФПФ), а ў 1926 годзе яна рэарганізавала штогадовыя чэмпіянаты краіны[13]. ФПФ прыядналася да футбольнай канфэдэрацыі Паўднёвай Амэрыкі (КОНМЭБОЛ) у 1925 годзе і сфармавала нацыянальную каманду ў 1927 годзе. Пэўная затрымка была абумоўленая фінансавымі цяжкасьцямі[14]. У 1927 годзе зборная дэбютавала на чэмпіянаце Паўднёвай Амэрыкі, які ладзіўся на Нацыянальным стадыёне ў Ліме[7]. Першы матч у сваёй гісторыі нацыянальная каманда Пэру прагуляла зборнай Уругваю зь лікам 0:4, а ў другім атрымала перамогу над зборнай Балівіі зь лікам 3:2[15]. Пасьля гэтага каманда Пэру брала ўдзел у першым чэмпіянаце сьвету па футболе ў 1930 годзе, але саступіла ў двух матчах групавога раўнду і пакінула спаборніцтва з бракам перамог[16].

1930-я гады ўважаюцца за першую залатую эпоху пэруанскага футболу[17]. Цягам гэтага дзесяцігодзьдзя пэруанцы выязджалі за мяжу ў пошуках канкурэнцыі дзеля далейшага разьвіцьця свайго футболу[10]. Адным з характэрных падарожжаў была паездка ў Эўропу ў 1933 і 1934 гадах сумеснай ціхаакіянскай каманды (гішп. «Combinado del Pacífico»), зборнай, у склад якой уваходзілі чылійскія і пэруанскія футбалісты. Зборная таксама была вядомая ў эўрапейскай прэсе як «Пэру—Чылі XI», зборная Паўднёвай Амэрыкі і зборная Ціхаакіянскага рэгіёну. Большасьць ейных удзельнікаў былі футбалістамі клюбу «Ўнівэрсытарыё», але некаторыя таксама баранілі колеры клюбаў «Альянса», «Атлетыка» з Чалакі і чылійскага клюбу «Колё-Колё»[10]. Пачынаючы з «Кіклісты» ў 1926 годзе пэруанскія клюбы таксама гастралявалі па Лацінскай Амэрыцы, дасягаючы шматлікіх перамог[18][19]. Падчас аднаго з такіх тураў — непераможнай вандроўкі «Альянсы» па Чылі ў 1935 годзе — групу гульцоў на чале з форвардамі Алехандра Вільянуэвам і Тэадора Фернандэсам і галкіпэрам Хуанам Вальдывіесам сталі называць «Чорны ролер» (гішп. «Rodillo Negro»)[18][20]. Спартовы гісторык Рычард Ўітцыг апісаў гэтую тройцу як «футбольны трыюмвірат, неперасягнены ў сьвеце ў той час», спасылаючыся на іхняе спалучэньне інавацыі і эфэктыўнасьці на абодвух канцах поля[17]. Пэру і «Чорны ролер» атрымалі прызнаньне гледачоў на летніх Алімпійскіх гульнях 1936 году, перамаглі на першых Баліварыянскіх гульнях 1938 году і скончылі дзесяцігодзьдзе ў якасьці чэмпіёнаў Паўднёвай Амерыкі[21][22].
Наступныя гады былі менш пасьпяховымі для каманды. Паводле сьцьверджаньня гісторыка Дэйвіда Голдблата, не зважаючы на ўсе відавочныя перадумовы для росту і разьвіцьця футболу, перуанскі футбол згас[23]. Ён мяркуе, што прычынай гэтага было прасоўваньне рэпрэсіяў пэруанскіх уладаў супраць сацыяльных, спартовых і палітычных арганізацыяў сярод гарадзкой і сельскай беднаты цягам 1940-х і 1950-х гадоў[23]. Тым ня менш, зборная, перадусім, задавальняльна выступала на чэмпіянатах Паўднёвай Амэрыкі, два разы ўвайшоўшы ў тройцу прызэраў, і амаль прабілася ў асноўную стадыю чэмпіянату сьвету 1958 году, у выніку саступіўшы ў двухматчавым супрацьстаяньні будучым чэмпіёнам сьвету зборнай Бразыліі[24].

Кульмінацыяй сэрыі посьпехаў каманды ў канцы 1960-х гадоў стаў удзел у асноўнай стадыі чэмпіянату сьвету 1970 году, які заклаў пачатак другой залатой эпосе пэруанскага футболу[17][25]. Адным з ключавых фактараў посьпехаў зборнай у 1970-х гадах лічыцца супрацоўніцтва пары форвардаў Тэафілё Кубільяса і Уга Сатыля[26]. Зборная Пэру дакрочыла да чвэрцьфінальнай стадыі сусьветнага першынства ў 1970 годзе, саступіўшы будучым чэмпіёнам бразыльцам, і атрымала першы Трафэй сумленнай гульні на чэмпіянатах сьвету[27][28]. Паводле спартовага гісторыка Рычарда Гэншоў каманда стала сюрпрызам спаборніцтва 1970 году, выявіўшы пачуцьцё гульні і высокі ўзровень майстэрства[24]. Празь пяць гадоў зборная Пэру ў другі раз стала чэмпіёнам кантынэнта, перамогшы на Кубку Амэрыкі 1975 году (менавіта ў тым годзе чэмпіянат Паўднёвай Амэрыкі быў перайменаваны на Кубак Амэрыкі). Пасьля гэтага каманда два разы запар праходзіла кваліфікацыю да чэмпіянатаў сьвету, сягаючы другога раўнду ў 1978 годзе (у другі раз патрапіўшы ў топ-8 зборных сьвету) і вылецеўшы ў групавым раўндзе ў 1982 годзе безь перамог. Паразай у 1982 годзе скончыўся залаты час пэруанскага футболу. Не зважаючы на гэта, зборная амаль патрапіла на чэмпіянат сьвету 1986 году, заняўшы другі радок у кваліфікацыйнай групе за будучымі чэмпіёнамі сьвету аргентынцамі[29].

Наступныя чаканьні ад зборнай былі сканцэнтраваныя на маладым пакаленьні гульцоў клюбу «Альянса», вядомых у народзе як «Кольты» (гішп. «Los Potrillos»). Сацыёлагі Альда Панфічы і Віктар Віч пісалі, што «Кольты» былі надзеяй усёй краіны, і заўзятары чакалі ад іх кваліфікацыі на чэмпіянат сьвету 1990 году[30][31]. Пасьля авіякатастрофы 8 сьнежня 1987 году, калі самалёт, на борце якога была большасьць футбалістаў клюбу, паваліўся ў Ціхі акіян, гульня нацыянальнай зборнай пайшла на спад. У катастрофе выжыў толькі пілёт летака, а сярод загінулых былі галоўны трэнэр зборнай Маркас Кальдэрон і некалькі гульцоў зборнай, у тым ліку брамнік Хасэ Гансалес Ганоса і Люіс Эскабар, якому многія прадказвалі вялікую будучыню ў якасьці форварда[32][31]. Пасьля гэтага каманда не набліжалася да трапленьня ў асноўную стадыю чэмпіянату сьвету да 1998 году, калі яна саступіла месца зборнай Чылі толькі праз розьніцу загнаных і прапушчаных мячоў[29]. Гэтая ж зборная заняла трэцяе месца на Залатым кубку КАНКАКАФ 2000 году, дзе брала ўдзел як запрошаная каманда[33].
У 2000-я гады зборная Пэру паступова скацілася ў лік аўтсайдэраў паўднёваамэрыканскага футболу. На 2 лютага 2011 году каманда займала 68-е месца ў рэйтынгу ФІФА. Паводле гісторыка Чарлза Ф. Ўокера, у XXI стагодзьдзі справы ў пэруанскай камандзе і нацыянальнай лізе былі азмрочаныя недысцыплінаванасьцю гульцоў[34]. Непрыемнасьці ў ФПФ, у прыватнасьці павязаныя зь ейным былым прэзыдэнтам Мануэлем Бургам, паглыбілі крызіс футболу ў краіне[35]. Гэтак, калі пэруанскі ўрад перашкаджаў перавыбраньню Бургі на пасаду прэзыдэнта ФПФ у 2008 годзе, абвінаваціўшы яго ў невыкананьні законаў ФПФ у адпаведнасьці з пэруанскім заканадаўствам, ФІФА прыпыніла дзейнасьць зборнай Пэру і пэруанскай футбольнай лігі з спасылкай на палітычнае ўмяшальніцтва. Гэтыя санкцыі былі зьнятыя ў сьнежні 2008 году, пасьля таго як Пэруанскі інстытут спорту пагадзіўся зладзіць перамовы з ФПФ.[36]. Аднак з прыходам у якасьці галоўнага трэнэру ўругвайскага спэцыяліста Сэрхіё Маркарыяна пэруанская каманда значна прыбавіла ў якасьці гульні. У 2011 годзе «інкі» здолелі заняць трэцяе месца на Кубку Амэрыкі[37], нават не зважаючы на брак у складзе з прычыны траўмаў такіх дасьведчаных гульцоў, як то Кляўдыё Пісара і Джэфэрсан Фарфан. Лідэрамі каманды сталі Хуан Мануэль Варгас і Паолё Герэра, апошні зь якіх зь пяцьцю мячамі стаў найлепшым бамбардзірам турніру. У пачатку 2015 году бізнэсовец Эдвін Авіеда замяніў Бургу на пасадзе прэзыдэнта ФПФ[38]. У сакавіку 2015 году новым трэнэрам зборнай быў прызначаны аргентынец Рыкарда Гарэка[39], зь якім каманда заняла трэці радок на Кубку Амэрыкі 2015 году ў другі раз запар, а таксама прабілася ў чвэрцьфінал Кубку Амэрыкі 2016 году і ўпершыню за 36 гадоў трапіла ў фінальную стадыю чэмпіянату сьвету 2018 году[40].
Чэмпіянаты сьвету
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
|
Кубкі Амэрыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
|
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://www.transfermarkt.com/-/mitarbeiterhistorie/verein/3584
- 1 2 Gerardo Tomas Álvarez Escalona La difusión del fútbol en Lima (гішп.). National University of San Marcos. Архіўная копія ад 5 верасьня 2004 г.
- ↑ Higgins 2005. С. 130.
- ↑ Eli Schmerler and Carlos Manuel Nieto Tarazona (14 March 2013) Peru – Foundation Dates of Clubs. RSSSF.
- ↑ Juan Luis Orrego Penagos (18 October 2008) La historia del fútbol en el Perú (гішп.). Pontifical Catholic University of Peru (PUCP). Архіўная копія ад 16 сакавіка 2022 г.
- ↑ Jacobsen 2008. С. 378.
- 1 2 Henshaw 1979. С. 571.
- ↑ Goldblatt 2008. С. 135—136.
- ↑ Stein 2011. С. 3—4.
- 1 2 3 Campomar 2014. С. 153.
- ↑ Goldblatt 2008. С. 135.
- ↑ Murray 1994. С. 127.
- ↑ Historia (гішп.). FPF.
- ↑ Jaime Pulgar-Vidal Otálora (23 October 2007) La Selección Peruana de 1924 (гішп.). Jaime Pulgar-Vidal.
- ↑ José Luis Pierrend (6 March 2012) Peru International Results. RSSSF.
- ↑ Basadre 1964. С. 4672—4673.
- 1 2 3 Witzig 2006. С. 349.
- 1 2 Basadre 1964. С. 4671—4673.
- ↑ Iván Carpio (26 January 2012) Rayas históricas (гішп.). DeChalaca.
- ↑ Miró 1958. С. 66.
- ↑ Thorndike 1978. С. 158.
- ↑ Waldemar Iglesias (31 July 2012) Cuando Perú Humilló a Hitler (гішп.) Clarín. Grupo Clarín. Архіўная копія ад 7 студзеня 2014 г.
- 1 2 Goldblatt 2008. С. 642.
- 1 2 Henshaw 1979. С. 572.
- ↑ The Silence of the Bombonera. FIFA. Архіўная копія ад 10 лютага 2015 г.
- ↑ Radnedge 2001. С. 195.
- ↑ FIFA World Cup: Milestones, facts & figures. Statistical Kit 7. FIFA (18 March 2015). Архіўная копія ад 21 May 2013 г.
- ↑ Fiore 2012. С. "El Nene" de Perú.
- 1 2 Tim Vickery (29 June 2015) Chile must see off Peru attack to win first Copa America trophy on home soil ESPN FC. ESPN Inc..
- ↑ Panfichi 2005. С. 161.
- 1 2 Panfichi 2005. С. 173.
- ↑ Panfichi 2005. С. 161—162.
- ↑ Caro Acosta (2 July 2015) El Sabor Que Le Dio Conmebol a la Copa Oro Goal Mexico. Goal.com.
- ↑ Charles F. Walker Review of Ese Gol Existe, ed. Aldo Panfichi. — Vol. 90. — P. 569–571. — ISSN 0018-2168. — DOI:10.1215/00182168-2010-033
- ↑ Tim Vickery (2 November 2014) Federation infighting deepens existing football trouble in Peru ESPN FC. ESPN Inc..
- ↑ La FIFA levantó la suspensión al fútbol peruano (гішп.) Perú 21. Empresa Editora El Comercio (20 December 2008). Архіўная копія ад 6 ліпеня 2015 г.
- ↑ Venezuela no olvida que Perú le quitó el tercer puesto en la Copa América (гішп.) El Comercio. Empresa Editora El Comercio (4 September 2012).
- ↑ Edwin Oviedo is the new president of the Peruvian Football Federation. CONMEBOL (18 December 2014). Архіўная копія ад 24 верасьня 2015 г.
- ↑ Ricardo Gareca: "Es el desafío más importante de mi carrera" (гішп.) El Comercio. Empresa Editora El Comercio (2 March 2015).
- ↑ Ricardo Gareca Vows More Peru Rebuilding. beIn Sports (3 July 2015). Архіўная копія ад 6 ліпеня 2015 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Basadre, Jorge Historia de la República del Perú (гішп.). — Lima: Talleres Graficos P.L. Villanueva S.A., 1964. — Т. 10.
- Campomar, Andreas Golazo! The Beautiful Game from the Aztecs to the World Cup. — New York City: Riverhead Books, 2014. — ISBN 978-0-698-15253-3
- Fiore, Fernando ¡Vamos al Mundial!. — New York: HarperCollins, 2012. — ISBN 0-06-222664-9
- Goldblatt, David The Ball is Round. — New York: Riverhead Trade, 2008. — ISBN 1-59448-296-9
- Henshaw, Richard The Encyclopedia of World Soccer. — Washington, D.C.: New Republic Books, 1979. — ISBN 0-915220-34-2
- Higgins, James Lima: A Cultural and Literary History. — Oxford: Signal Books Limited, 2005. — ISBN 1-902669-98-3
- Jacobsen, Nils Nations and Nationalism: A Global Historical Overview // Peru / Herb, Guntram ; Kaplan, David. — Santa Barbara: ABC-Clio, 2008. — Т. 1. — ISBN 978-1-85109-907-8
- Miró, César Los Intimos de La Victoria. — Lima: Editorial El Deporte, 1958.
- Murray, William Football: A History of the World Game. — Aldershot: Scolar Press, 1994. — ISBN 1-85928-091-9
- Radnedge, Keir The Illustrated Encyclopedia of Soccer. — New York: Universe Publishing, 2001. — ISBN 978-0-7893-0670-8
- Panfichi, Aldo; Vich, Victor Soccer and Disaster: International Perspectives // Political and Social Fantasies in Peruvian Football: The Tragedy of Alianza Lima in 1987 / Darby, Paul; Johnes, Martin; Mellor, Gavin. — New York: Routledge, 2005. — ISBN 0-7146-5352-7
- Stein; Steve Fútbol // The Case of Soccer in Early Twentieth-Century Lima / Stavans; Ilan. — Santa Barbara: ABC-CLIO, LLC, 2011. — ISBN 978-0-313-37515-6
- Thorndike, Guillermo El Revés de Morir (гішп.). — Lima: Mosca Azul Editores, 1978.
- Witzig, Richard The Global Art of Soccer. — Harahan: CusiBoy Publishing, 2006. — ISBN 0-9776688-0-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт Пэруанскай футбольнай фэдэрацыі.
