Перайсьці да зьместу

Мужчынская зборная Грэцыі па баскетболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грэцыя
Eθνική Oμάδα Καλαθοσφαίρισης Ελλάδος

Сьцяг Грэцыі

Асноўныя зьвесткі
Рэйтынг ФІБА 13 (25 лютага 2025)
Чалец ФІБА з 1932
Рэгіён ФІБА Эўропа
Фэдэрацыя Грэцкая баскетбольная фэдэрацыя
Трэнэр Танасіс Скуртопуляс
Алімпійскія гульні
Удзелаў 5
Мэдалёў 0
Чэмпіянаты сьвету
Удзелаў 9
Мэдалёў Срэбра: (2006)
Чэмпіянаты Эўропы
Удзелаў 28
Мэдалёў Золата: (1987, 2005)
Срэбра: (1989)
Бронза: (1949, 2009)
Форма
Сьветлая швэдра
Камандныя колеры
Сьветлая
Цёмная швэдра
Камандныя колеры
Цёмная
Спасылкі
Вэб-старонка
(абнаўленьне: 6 красавіка 2025)

Мужчынская зборная Грэцыі па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Грэцыю на міжнародных баскетбольных турнірах. Зборная кіруецца Грэцкай баскетбольнай фэдэрацыяй.

Грэцыя мусіла ўзяць удзел на чэмпіянаце Эўропы 1935 году, то бок на першым чэмпіянаце, які ладзіўся ў Жэнэве, але ня здолела выехаць у Швайцарыю празь фінансавыя праблемы[1]. Такім чынам, Грэцыя дэбютавала на міжнародным узроўні толькі праз чатырнаццаць гадоў на чэмпіянаце Эўропы 1949 году ў эгіпецкім Каіры. Той турнір уважаецца найслабейшым турнірам у гісторыі турніру, бо большасьць вядучых эўрапейскіх баскетбольных дзяржаваў таго часу адмовіліся ляцець у Эгіпет самалётам. Грэцыя брала ўдзел у турніры ў якасьці пачаткоўца і дамаглася свайго першага буйнога посьпеху, заняўшы трэці радок пасьля гаспадароў зборнай Эгіпту і моцнай зборнай Францыі[2].

Грэкі ўзялі ўдзел у наступным турніры Эўрабаскету 1951 году, дзе яны былі восьмыя сярод васямнаццаці краінаў. Праз годы зборная Грэцыі ўпершыню дэбютавалі на летніх Алімпійскіх гульнях. Пасьля каманда ня брала ўдзел ані ў адным буйным турніры да канца 1950-х гадоў. Цягам 1960-х, 1970-х і першай паловы 1980-х гадоў Грэцыя брала ўдзел у большасьці турніраў чэмпіянатаў Эўропы, зь іх найлепшымі паказьнікамі былі 8-е месца ў 1965 годзе і 9-е месца ў 1979 і 1981 гадах. Зь сярэдзіны 1980-х гадоў Грэцыя стала сілай у міжнародным баскетболе, дзякуючы такім гульцам, як то Нікас Галіс, Панаётыс Янакіс, Панаётыс Фасуляс і Фаніс Хрыстадулю. У 1986 годзе баскетбалісты Грэцыі запачаткавалі выступы на чэмпіянаце сьвету. Зборная заняла 10-е месца. Ужо ў 1987 годзе Грэцыя ладзіла ў сябе чэмпіянат Эўропы, выбіўшы ў чвэрцьфінале і паўфінале моцныя зборныя Італіі і Югаславіі. У фінале каманда сустрэлася зь дзейным чэмпіёнам зборнай СССР. Перад 17-ю тысячамі грэцкіх заўзятараў на стадыёне міра і сяброўства гаспадары здабылі залаты мэдаль пасьля захапляльнай перамогі над савецкай камандай зь лікам 103:101, пры гэтым Нікас Галіс набраў 40 пунктаў[3]. Гэта быў першы раз, калі зборная Грэцыі перамагла ў буйным турніры ў любым відзе спорту, імгненна зрабіўшы баскетбол нацыянальным відам спорту, а нацыянальная зборная стала шанаванай ва ўсёй краіне. Праз два гады зборная здабыла срэбныя мэдалі.

Зборная Грэцыі з срэбнымі мэдалямі чэмпіянату сьвету 2006 году.

У 1990-я гады адбылася сэрыя пасьпяховых вынікаў зборнай, якая штогод выступала на ўсіх буйных міжнародных турнірах, за выключэньнем летніх Алімпійскіх гульняў 1992 году. У час паміж 1990 і 1998 гадамі зборная Грэцыі ніколі не апускалася ніжэй за 6-е месца і звычайна сканчвала на 4-м месцы. Зборная таксама кваліфікавалася на свой другі алімпійскі турнір у 1996 годзе, дзе каманда спынілася на 5-м месцы. 1999—2002 гады былі адзначаныя відавочным заняпадам зборнай. На чэмпіянаце Эўропы 1999 году грэкі былі шаснаццатамі, то бок апошнімі на турніры. Праз два гады каманда заняла толькі 9-е месца, такім чынам, ня здолеўшы кваліфікавацца на чэмпіянат сьвету 2002 году.

Адраджэньне Грэцыі пачалося на Эўрабаскеце 2003 году, дзе абноўленая каманда заняла 5-ы радок. Экспэрымэнт збольшага даў рады, але грамадзкасьць не выклікала вялікага энтузіязму. Летнія Алімпійскія гульні 2004 году ў Атэнах лічыліся найвялікшым шанцам для гаспадароў здабыць свой першы алімпійскі мэдаль. Грэкі былі выбітыя зборнай Аргентыны ў чвэрцьфінале зь лікам 69:64. Грэцыя лічылася моцным аўтсайдэрам у барацьбе за мэдалі на чэмпіянаце Эўропы 2005 году. Баскетбалісты выйшлі з групы, здабыўшы дзьве перамогі ў трох гульнях і выбіўшы зборныя Ізраілю і Расеі. У паўфінале грэкі сустрэліся з зборнай Францыі. Французы мелі перавагу ў ліку ў сем пунктаў за хвіліну да канца, але грэкі хутка скарацілі дэфіцыт да двух пунктаў і агулам перамаглі зь лікам 67:66 дзякуючы трапнаму трохпунктнаму кідку Дымітрысу Дыямантыдысу за тры сэкунды да заканчэньня матчу. У фінале перад 20-тысячным натоўпам на бялградзкай арэне зборная Грэцыі пераканаўча перамагла зборную Нямеччыны зь лікам 78:62, здабыўшы залатыя мэдалі ў другі раз у сваёй гісторыі[4]. На чэмпіянаце сьвету 2006 году зборная ў паўфінале выбіла моцную зборную ЗША, але страцілі ўсе сілы, зазнаўшы паразу ў фінале ад зборнай Гішпаніі зь лікам 70:47. У 2009 годзе зборная здабыла бронзавыя мэдалі на чарговым чэмпіянаце Эўропы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]