Перайсьці да зьместу

Мужчынская зборная Ўэйлзу па футболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўэйлз
Лягатып
Фэдэрацыя Футбольная асацыяцыя Ўэйлзу[d]
Канфэдэрацыя УЭФА
Трэнэр
Найбольш гульняў Гарэт Бэйл Edit this on Wikidata (111)
Найлепшы бамбардзір Гарэт Бэйл Edit this on Wikidata (41)
Першая гульня
Шатляндыя 4:0 Ўэйлз
(Глазга; 25 сакавіка 1876)
Самая буйная перамога
Ўэйлз 11:0 Ірляндыя
(Рэксэм; 3 сакавіка 1888)
Самая буйная параза
Шатляндыя 9:0 Ўэйлз
(Глазга; 23 сакавіка 1878)
Чэмпіянат сьвету
Удзел 2 (упершыню: 1958)
Дасягненьні чвэрцьфінал (1958)
Чэмпіянат Эўропы
Удзел 2 (упершыню: 2016)
Дасягненьні паўфінал (2016)
Асноўная форма
Рэзэрвовая форма

Мужчы́нская збо́рная Ўэ́йлзу па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Ўэйлз на міжнародных футбольных турнірах і ў таварыскіх матчах. Арганізацыяй, якая ажыцьцяўляе кантроль і кіраваньне зборнай, ёсьць Футбольная асацыяцыя Ўэйлзу.

Зборная Ўэйлзу 1887 году.

Зборная Ўэйлзу згуляла свой першы афіцыйны матч 25 сакавіка 1876 году супраць зборнай Шатляндыі ў Глазга, стаўшы трэцяй найстарэйшай нацыянальнай футбольнай зборнай у сьвеце. Першы матч валійцаў супраць зборнай Ангельшчыны адбыўся ў 1879 годзе і скончыўся паразаю зь лікам 1:2. Матч ладзіўся ў Лёндане. А ў 1882 годзе каманда ўпершыню згуляла супраць зборнай Ірляндыі, перамогшы 7:1 у Рэксэме. Асацыяцыі чатырох хатніх памянёных нацыяў сустрэліся 6 сьнежня 1882 году ў Манчэстэры на Міжнароднай футбольнай канфэрэнцыі, каб усталяваць агульнасусьветныя правілы. Там жа была створаная Міжнародная рада футбольных асацыяцыяў, які зацьвярджае зьмены ў правілах дасюль. У сэзоне 1883—1884 гадоў быў заснаваны Брытанскі хатні чэмпіянат, які штогод ладзіўся паміж зборнымі Ангельшчыны, Шатляндыі, Ірляндыі і Ўэйлзам ажно да сэзону 1983—1984 гадоў[2]. Валійская каманда 12 разоў рабілася чэмпіёнам гэтага турніру, пры гэтым сем разоў адзінаасобна і пяць разоў падзяляючы тытул.

Футбольная каманда Ўэйлзу 1951 году.

Футбольная асацыяцыя Ўэйлзу далучылася да ФІФА, сусьветнага кіроўнага органу футболу, у 1910 годзе, але адносіны паміж ФІФА і брытанскімі асацыяцыямі былі напружаныя. У 1928 годзе асацыяцыі брытанскіх нацыяў выйшлі зь ФІФА праз спрэчку наконт аплаты гульцам-аматарам. У выніку зборная Ўэйлзу ня брала ўдзел у трох першых чэмпіянатах сьвету. У 1932 годзе каманда ўпершыню прыняла на сваёй зямлі зборную Рэспублікі Ірляндыі, таму матч паміж імі стаў першай сустрэчай валійцаў з камандай па-за межамі хатніх нацыяў. Па Другой сусьветнай вайне зборная поруч з трыма іншымі хатнімі нацыямі вярнулася ў ФІФА ў 1946 годзе і ўзяла ўдзел у кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету 1950 году.

Зборная Ўэйлзу ўпершыню трапіла ў фінальную частку чэмпіянату сьвету 1958 году ў Швэцыі. Аднак шлях да кваліфікацыі быў пакручасты. Заняўшы другое месца за зборнай Чэхаславаччыны ў кваліфікацыйнай групе 4, «залатое пакаленьне» ўэйлскага футболу пад кіраўніцтвам Джымі Мэрфі, здавалася, страціла шанец на ўдзел, але ўмяшаліся палітычныя абставіны, павязаныя з Блізкім Усходам. У азіяцка-афрыканскай кваліфікацыйнай зоне зборныя Эгіпту і Судану адмовіліся згуляць супраць зборнай Ізраілю пасьля Суэцкага крызісу, а зборная Інданэзіі дамагалася на матчы на нэўтральнай тэрыторыі. У выніку ФІФА абвесьціла зборную Ізраілю пераможцам сваёй групы. Аднак арганізацыя не жадала, каб каманда кваліфікавалася на чэмпіянат сьвету, не згуляўшы аніводнага матчу, таму было праведзенае лёсаваньне сярод усіх камандаў, якія занялі другія месцы ў групах кваліфікацыйнай зоны УЭФА. Першай была выцягнутая зборная Бэльгіі, але тая адмовілася ад удзелу. Наступным была выцягнутая каманда з Ўэйлзу, якая мусіць правесьці двухматчавы плэй-оф супраць Ізраілю за месца на турніры[3]. Перамогшы зборную Ізраілю 2:0 на стадыёне ў Рамат-Гане і 2:0 на стадыёне ў Кардыфе, валійцы ўпершыню трапілі ў фінальную частку чэмпіянату сьвету.

Зборная ў аўтобусным парадзе ў Кардыфе па чэмпіянаце Эўропы 2016 году.

Моцная ўэйлская каманда пакінула свой адбітак у гісторыі сусьветнага першынства. Усе матчы групавога этапу супраць зборных Вугоршчыны, Мэксыкі і Швэцыі скончыліся нічыйнымі вынікамі, а ў плэй-оф каманда выбіла вугорцаў, прабіўшыся ў чвэрцьфінал. Аднак шанцы на перамогу былі саслабленыя праз траўму Джона Чарлза, які ня змог выйсьці на поле. Зборная Ўэйлзу саступіла зборнай Бразыліі зь лікам 0:1, а 17-гадовы Пэле загнаў свой першы гол на міжнародным узроўні. Гэты гол зрабіў паўсталую бразыльскую зорку наймалодшым аўтарам голу на чэмпіянатах сьвету, а бразыльская каманда ўрэшце стала чэмпіёнам сьвету. Пасьля гэтага на доўгія дзесяцігодзьдзі каманда не давала рады, каб трапіць на чэмпіянат сьвету і новаствораны чэмпіянат Эўропы.

Зборная ўпершыню кваліфікавалася на чэмпіянат Эўропы толькі ў 2016 годзе, які ладзіўся ў Францыі. У дэбютным матчы на Эўра, 11 чэрвеня супраць зборнай Славаччыны нападнік Гарэт Бэйл адкрыў лік простым стрэлам з штрафнога, а Гэл Робсан-Кану загнаў пераможны гол, усталяваўшы лік 2:1[4]. У другім матчы, які ладзіўся ў Лянсе супраць зборнай Ангельшчыны, валійцы трымалі лік роўным 1:0 пасьля чарговага голу Бэйла, але ангельцы перавярнулі хаду матчу, выгуляўшы суседзяў 1:2[5]. У матчы супраць зборная Расеі валійцы тройчы ўлучылі галы ў браму супернікаў, захаваўшы ўласную браму на замку, што прынесла камандзе Ўэйлзу першы радок у групе[6]. Каманда пераможна пракрочыла праз 1/8 і 1/4 фіналу, адолеўшы зборную Паўночнай Ірляндыі зь лікам 1:0[7], а зборную Бэльгіі выгуляўшы зь лікам 3:1. У паўфінале валійцы зазнала паразу ад зборнай Партугаліі праз галы Крыштыяну Раналду і Нані, якая адзначыліся на пачатку другой паловы[8]. 8 ліпеня зборная была сустрэтая дома аўтобусным парадам у Кардыфе[9].

Чэмпіянаты сьвету

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1930 — ня брала ўдзелу
  • 1934 — ня брала ўдзелу
  • 1938 — ня брала ўдзелу
  • 1950 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1954 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1958 — чвэрцьфінал
  • 1962 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1966 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1970 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1974 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1978 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1982 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1986 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1990 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1994 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1998 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2002 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2006 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2010 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2014 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2018 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2022 — групавы этап
  • 2026 — не прайшла кваліфікацыю

Чэмпіянаты Эўропы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1960 — ня брала ўдзелу
  • 1964 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1968 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1972 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1976 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1980 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1984 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1988 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1992 — не прайшла кваліфікацыю
  • 1996 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2000 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2004 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2008 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2012 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2016 — паўфінал
  • 2020 — ⅛ фіналу
  • 2024 — не прайшла кваліфікацыю
  1. ↑ https://www.transfermarkt.us/-/mitarbeiterhistorie/verein/3864
  2. ↑ Foundation of Wales National Team Архіўная копія ад 18.10.2006 г.
  3. ↑ World Cup 1958 Qualifying. Rec.Sport. Soccer Statistics Foundation (02.09.2015). Праверана 14.10.2015 г. Архіўная копія ад 30.10.2012 г.
  4. ↑ Pritchard, Dafydd. Wales 2–1 Slovakia // BBC Sport, 11.06.2016 г. Архіўная копія ад 20.06.2016 г.
  5. ↑ England 2–1 Wales. BBC Sport (16.06.2016). Праверана 02.07.2016 г. Архіўная копія ад 18.06.2020 г.
  6. ↑ Russia 0 Wales 3. BBC Sport (20.06.2016). Праверана 02.07.2016 г. Архіўная копія ад 23.06.2016 г.
  7. ↑ Wales 1 Northern Ireland 0. BBC Sport (25.06.2016). Праверана 02.07.2016 г. Архіўная копія ад 28.06.2016 г.
  8. ↑ McNulty, Phil. Portugal 2–0 Wales // BBC Sport (British Broadcasting Corporation), 06.07.2016 г. Архіўная копія ад 16.01.2018 г.
  9. ↑ Euro 2016: Wales players to get homecoming celebration // BBC News (British Broadcasting Corporation), 07.07.2016 г. Архіўная копія ад 07.07.2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]