Палац Радзівілаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 11:06, 27 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Дом Я. Байкова, фрагмэнт акварэлі Ю. Пешкі (кан. XVIII ст.)

Менскі гарадзкі тэатар — першы тэатральны будынак Менску, унікальны помнік культуры і архітэктуры Беларусі. Знаходзіўся на Валоцкай вуліцы, леваруч ад гатэлю «Эўропа» (у наш час зруйнаваны ў вайну гатэль адбудавалі акурат на месцы тэатру).

Гісторыя

У XVII стагодзьдзі на гэтым месцы існаваў менскі палац Радзівілаў, які напрыканцы XVIII ст. быў прададзены менскаму бурмістру Яну Байкову. У 1825[1] року адбылася рэканструкцыя будынка, па якой у ім разьмясьціўся мескі тэатар. Глядацкая заля знаходзілася на другім паверсе. Меў месцаў: у верхнім ярусе 15 ложаў, у ніжнім ярусе 13 ложаў і 56 крэслаў, 151 месца ў партэры, 40 — на гаўбцы і 92 — у райку. 30 траўня 1835 року тэатар згарэў, але быў адбудаваны. У памяшканьнях Менскага мескага тэатру, акрамя спэктакляў, давалі балі й маскарады, наладжвалі аматарскія канцэрты.

Выдатная зьявай у культурным жыцьці Менску зрабілася прэм'ера першай беларускай камічная опэры «Сялянка» («Ідылія») на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч. Нягледзячы на тое, што расейскія ўлады забаранілі пастаноўку опэры на беларускай мове, 9 лютага 1852 року спэктакль ўсё адно адбыўся і меў вялізны посьпех.

У 1870-х роках побач з трох'яруснай глядацкай заляй знаходзіліся антрактовая заля, курыльня, буфэт ды гардэроб.

У 1884 року мескі тэатр згарэў. Ад 1895 року ў ім знаходзілася менскае аддзяленьне Пецярбурска-Азоўскага банку, якое з 1901 року зьмяніла філія Паўночнага банку, а ў 1913 року тут разьмясьцілася аддзяленьне Расейска-Азіяцкага банку, што «праглынуў» Паўночны.[2] У 19201930-х роках да будынка надбудавалі чацьверты паверх.

Менскі мескі тэатар ня быў пашкоджаны за часамі Другой сусьветнай вайны, аднак у 1984 року, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, савецкая ўлада зруйнавала ўнікальны помнік культуры і архітэктуры.

У 20042007 роках на месцы зьнішчанага тэатру быў пабудаваны новы будынак, які ў агульных рысах паўтарае існы да Другой Сусьветнай вайны гатэль Эўропа, што насамрэч месьціўся праваруч.

Архітэктура

Менскі мескі тэатар — помнік архітэктуры клясыцызму. Будынак быў двухпавярховы, меў сымэтрычную кампазыцыю з рызалітам (выступам) і трыкутным франтонам пасярэдзіне галоўнага фасаду.

Пасьля пажару 1884 року будынак неаднаразова перарабляўся, падвышаўся і паступова губляў свае першапачатковыя клясыцыстычныя рысы.

Ад XVIII ст. у будынку заставаліся падмуркі, сходы са скляпеньнямі і ніжнія дзялянкі сьценаў. У час рэстаўрацыі дома ў 1982 року пад слоем тынкоўкі быў выяўлены руст сярэдзіны XIX ст., якраз таго часу, калі тут адбылася пастаноўка «Сялянкі».[3]

Цікавыя факты

  • Пікет, што адбыўся 13 чэрвеня 1984 року супраць руйнаваньня будынка Менскага гарадзкога тэатру стаўся першай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Беларусі. У ім ўдзельнічалі 13 менскіх студэнтаў, сябраў «Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні». Усе удзельнікі пікету былі затрыманыя.[4]

Крыніцы

  1. ^ В. М. Ярмалінская. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 420
  2. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 260
  3. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 99
  4. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Менск, вуліца Інтэрнацыянальная, 28 // Радыё Свабода, 8.09.2009

Літаратура

Вонкавыя спасылкі