Мары Дант’ер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адзінае жаночае імя на сьцяне Рэфармацыі ў Жэнэве

Мары Дант’ер (па-француску: Marie Dentière; к. 1495–1561) — жэнэўская пратэстанцкая рэфарматарка і багаслоўка. Адыграла актыўную ролю ў рэлігійным і палітычным жыцьці Жэнэвы, закрыцьці кляштараў, прапаведала разам з такімі рэфарматарамі, як Жан Кальвін і Гіём Фарэль.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра раньнія гады Мары Дант’ер амаль нічога не вядома. Яна нарадзілася ў Турнэ (цяпер у Бэльгіі) ў параўнальна дастатковай сям’і дробнай шляхты. У 1508 року пайшла ў жаночы кляштар Турнэ, у выніку ў 1521 стала абатысай Сэн-Нікаля-дэ-Прэ(fr).

Лютэравы пропаведзі супраць манаства змусілі яе ўцякаць ад перасьледу ў 1524 року ў Страсбур — ня толькі з прычыны сыходу з кляштару, але й за падтрымку Рэфармацыі. У той час Страсбур стаў папулярным прытулкам пратэстантаў.

У 1528 у Страсбуры Мары выйшла за маладога пастара Сымона Рабэра, зь якім мелі пяцёх дзяцей. Неўзабаве яны пачалі прапагандаваць ідэі Рэфармацыі ў ваколіцах Жэнэвы. У 1533 Робэрт памёр, і Мары выйшла за Антуана Фрамана(fr), які працаваў у Жэнэве разам з Фарэлем.

У 1536 року ў Жэнэве, пасьля пасьпяховага паўстаньня супраць герцага Савойскага і мясцовага князя-біскупа, Дант’ер склала «Вайну і вызваленьне места Жэнэвы». Праца была апублікаваная ананімна і заклікала жэнэўцаў прыняць Рэфармацыю.

У 1539 Дант’ер склала адкрыты ліст да Маргарыты Наварскай, каралеўскае сястры. Ліст, названы «вельмі карысным лістом»[a], заклікаў выгнаць з Францыі каталіцкае сьвятарства, прапагандаваў большую ролю жанчынам у царкве і крытыкаваў глупства пратэстанцкіх сьвятароў, якія прымусілі Кальвіна і Фарэля пакінуць Жэнэву.

Ейнае судзеяньне па далучэньні жанчынаў да набажэнстваў раззлавала жээнўскія ўлады. Пасьля публікацыі Пасланьне было сканфіскаванае, большасьць копіяў зьнішчаныя. Захаваліся толькі каля 400 копіяў ліста[1].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Поўная назва франц. Epistre tres utile, faicte ey composee par une femme chrestienne de Tornay, envoyee a la Royne de Navarre, seur de Roy de France, contre les Turcz, Juifz, Faux crestiens, Anabaptists et Lutheriens (Вельмі карыснае пасланьне, створанае і складзенае хрысьціянкай з Турнэ, адасланае каралеве Навары, сястры караля Францыі, супраць турак, жыдоў, ілжэхрысьціянаў, анабаптыстаў і лютэранаў).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  •  Dentière, Marie Epistle to Marguerite de Navarre and Preface to a Sermon by John Calvin / Mary B., McKinley. — Chicago: The University of Chicago Press, 2004. — xxx+110 с. — (The Other Voice in Early Modern Europe).
  • Diarmaid MacCulloch. The Reformation: A History. — New York: Penguin, 2003. — ISBN 0-670-03296-4