Перайсьці да зьместу

Марыя Баравік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марыя Баравік
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 22 лютага 1946(1946-02-22)[1] (80 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, драматург

Мары́я Я́каўлеўна Бараві́к (у дзявоцтве Новікава; 22 лютага 1946, в.Прэабражэнка, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласьць) — беларуская паэтка, драматург, аўтарка твораў для дзяцей. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1992 году. Аўтарка лірычнай паэзіі, дзіцячых вершаў, казак, загадак і п'есаў. Жыве ў гарадзкім пасёлку Падсьвільле Глыбоцкага раёну.

Нарадзілася 22 лютага 1946 году ў вёсцы Прэабражэнка Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Навучалася ў Перадольскай сямігадовай школе і Падсьвільскай сярэдняй школе. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Працоўную дзейнасьць пачала ў Падсьвільскім доме культуры. Пасьля працавала ў рэдакцыі глыбоцкай раённай газэты «Шлях перамогі» (цяпер — «Веснік Глыбоччыны»). Доўгі час працавала кіраўніцай гуртка «Юны экскурсавод» Падсьвільскага цэнтру дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсіяў.

Друкуецца з 1965 году. Першыя вершы зьявіліся на старонках раённага друку, пасьля яе творы рэгулярна публікаваліся ў рэспубліканскіх літаратурных выданьнях.

У 1992 годзе была прынятая ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Марыя Баравік працуе ў розных літаратурных жанрах. Найбольш вядомая як аўтарка лірычнай паэзіі і твораў для дзяцей. Яна піша вершы, казкі, загадкі, чыстагаворкі, весяліны, драматычныя творы.

Для яе паэзіі ўласьцівыя шчырая лірычная інтанацыя, любоў да роднай зямлі, беларускай мовы і народнай культуры. У вершах значнае месца займаюць тэмы Радзімы, прыроды, мацярынства, духоўнасьці, гістарычнай памяці. Крытыкі адзначалі арганічнае спалучэньне душэўнай адкрытасьці з глыбокім веданьнем народнага жыцьця, багатую вобразнасьць, выкарыстаньне эпітэтаў, параўнаньняў і мэтафараў.

Творы Марыі Баравік друкаваліся ў газетах: «Шлях перамогі», «Віцебскі рабочы», «Чырвоная зьмена», «Голас Радзімы», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Наша слова», «Народнае слова».

Публікавалася таксама ў часопісах «Маладосьць», «Родная прырода», «Бярозка», «Вясёлка», «Роднае слова».

Вершы ўключаліся ў калектыўныя зборнікі «Дзень паэзіі», «Самавар у лесе», літаратурныя альманахі «Край», «Далягляды», «Ратуша», а таксама рэгулярна друкаваліся ў літаратурна-мастацкім часопісе «Літаратурная Беларусь».

Пра творчасьць Марыі Баравік пісалі Фёдар Сіўко, Алесь Жыгуноў, Алесь Зінкевіч, Навум Гальпяровіч, Анатоль Салтук ды іншыя літаратуразнаўцы і крытыкі. Яе творы разглядаліся ў беларускім літаратурным друку як узор шчырай лірычнай паэзіі, цесна зьвязанай з народнай традыцыяй і беларускай мовай.

Паэтычныя зборнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Поле долі. Менск, 1985.
  • Вір пяшчоты і журбы. Менск, 1995.
  • Зорка гасьцюе ў месяца. Глыбокае, 2010.
  • На вас глядзіць мая душа, Глыбокае, 2010[2]
  • Прымі, душа, таямніцу. Глыбокае, 2011.
  • Намалюю вясну. Менск: Сувіг, 2026[3].

Узнагароды і прызнаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

2010 — адна з пераможцаў Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу, прымеркаванага да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш, арганізаванага літаратурным аб'яднаньнем «Дабравест». Паводле рашэньня журы ўвайшла ў лік сямі галоўных пераможцаў конкурсу. 20025 - Ляўрэат прэміі Эксьлібрыс за вершаваную нізку «Намалюю вясну»[4].

Асабістае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Жыве ў гарадзкім пасёлку Падсьвільле. Дачка — Марыя Новікава, беларуская бард, выкладчыца і арганістка Ў Чырвоным касьцёле.Працуе ў школе ў Самахвалавічах.

  • Беларускія пісьменьнікі : біябібліяграфічны слоўнік. Т. 1. Менск, 1992. С. 548—549.
  • Пісьменьнікі Віцебшчыны : даведнік. Віцебск, 2001. С. 16—17.
  • Памяць. Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Глыбоцкага раёну. Менск, 1995. С. 417—418.
  • Гальпяровіч Н. Дзьве Марыі // Звязда. 4 лютага 1997.
  • Салтук А. Саткана са сьвятла і дабрыні // Літаратура і мастацтва. 23 лютага 1996.
  • Сіўко Ф. У голасе з родным адценьнем // Народнае слова. 24 сакавіка 2001.
  • Зінкевіч А. Творчая ўдача Марыі Баравік // Веснік Глыбоччыны. 4 сьнежня 2001.
  • Жыгуноў А. Поле долі Марыі Баравік // Веснік Глыбоччыны. 24 лютага 2016.
  • Канапелька А. Марыя Баравік // Народнае слова. 12 сакавіка 2002.
  • Боровик М. Волшебные сказки Марии Боровик // Народнае слова. 20 сьнежня 2008.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]