Марка ван Бастэн
Марка ван Бастэн | ||
![]() | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 31 кастрычніка 1964[1][2][3][…] (60 гадоў)
| |
Рост | 188 см | |
Вага | 80 кг | |
Пазыцыя | нападнік | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
1981—1987 | Аякс | 133 (128) |
1987—1995 | Мілян | 147 (90) |
Зборныя | ||
1981 | Нідэрлянды (да 21)[d] | 15 (13) |
1983—1992 | Нідэрлянды | 58 (24) |
Трэнэрскія клюбы | ||
2004—2008 | Нідэрлянды | |
2008—2009 | Аякс | |
2012—2014 | Гээрэнвээн | |
2014 | АЗ Алькмаар |
Ма́рка ван Ба́стэн (па-нідэрляндзку: Marco van Basten; нар. 31 кастрычніка 1964 году) — былы нідэрляндзкі футбольны трэнэр і гулец, які выступаў у якасьці нападніка за «Аякс» і «Мілян», а таксама за нацыянальную зборную Нідэрляндаў. Уважаецца адным з найвялікшых гульцоў усіх часоў, які правёў 300 галоў за час сваёй кар’еры, але свой апошні матч згуляў у 1993 годзе ў веку 28 гадоў праз паўторнай траўмы шчыкалаткі, якая вымусіла яго аб’явіць аб завяршэньні кар’еры праз два гады пасьля гэтага[4][5]. Пазьней працаваў галоўным трэнэрам «Аякса» і зборнай Нідэрляндаў.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюбная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юнаком выступаў за шэраг клюбаў з роднага Утрэхту, перш чым далучыцца да «Аякса».
«Аякс»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Аякс» падпісаў кантракт з 16-гадовым ван Бастэнам на сэзон 1981—1982 гадоў пасьля таго, як адхіліў кандыдатуру ягонага 19-гадовага брата Стэнлі. Іхны бацька Ёоп наўмысна пакінуў малодшага сына ў іншым клюбе ў надзеі, што «Аякс» абярэ менавіта Стэнлі. Марка згуляў свой першы матч за «Аякс» 3 красавіка 1982 году, выйшаўшы на замену замест Ёгана Кройфа і адзначыўшыся дэбютным голам у пераможным матчы зь лікам 5:0 над клюбам НЭК[6][7].
У сэзоне 1982—1983 гадоў ён канкураваў за пазыцыю цэнтральнага нападніка з найлепшым бамбардзірам Эўропы і асноўным форвардам зборнай Нідэрляндаў Вімам Кіфтам, паклаўшы на свой рахунак дзевяць галоў у 20 матчах чэмпіянату. Наступным сэзонам «Аякс» пастанавіў прадаць Кіфта ў італьянскі клюб «Піза», і 18-гадовы ван Бастэн замацаваўся ў якасьці галоўнага нападніка сваёй каманды, а таксама ў нацыянальнай зборнай.

Ён рабіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату цягам чатырох сэзонаў запар, пачынаючы з сэзону 1983—1984 гадоў. У гэты час ван Бастэн правёў 118 галоў у 112 матчах. У сэзоне 1985—1986 гадоў нападнік адзначыўся 37 галамі ў 26 гульнях лігі, у тым ліку ён шэсьць мячоў улучыў у браму ратэрдамскай «Спарты» і пяць — «Гэраклесу», што дазволіла яму атрымаць «Залатую буцу». У 1987 годзе ван Бастэн забіў пераможны гол у фінале Кубка ўладальнікаў кубкаў УЭФА ў матчы супраць ляйпцыскага «Лякаматыва». Усяго за «Аякс» ён пацэліў 128 галоў у 133 матчах чэмпіянату[5]. У лістападзе 1986 году ён зарганізаваў свой самы знакаміты гол у складзе «Аякса» — эфэктны ўдар празь сябе ў матчы супраць «Дэн Босху»[8].
«Мілян»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1987 годзе прэзыдэнт «Міляну» Сыльвіё Бэрлюсконі падпісаў ван Бастэна разам зь ягоным суайчыньнікам Руўдам Гулітам. У 1988 годзе «галяндзкі легіён» быў пашыраны, калі да каманды далучыўся Франк Рэйкаард, бо на той момант у складзе дазвалялася мець толькі трох легіянэраў. У сваім першым сэзоне «Мілян» здабыў першае скудэта за восем гадоў, але ван Бастэн згуляў усяго ў 11 матчаў і ўсьцяж пакутаваў ад траўмы шчыкалаткі[5][9]. У сэзоне 1988—1989 гадоў ён быў прызнаны найлепшым футбалістам Эўропы і атрымаў «Залаты мяч»[5]. У той розыгрыш ён меў на сваім рахунку 19 галоў у Сэрыі А і 32 галы ва ўсіх турнірах, улучна з двума галамі ў фінале Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, дзе «Мілян» перамог румынскі «Сьцяўа»[5]. У сэзоне 1989—1990 гадоў ён ізноў быў найлепшым бамбардзірам Сэрыі А, а «Мілян» абараніў тытул найлепшай каманды Эўропы, перамогшы «Бэнфіку» зь лікам 1:0[5]. У тым матчы ван Бастэн аддаў галявую перадачу на Рэйкаарда, які і правёў пераможны гол[10].
«Мілян» сутыкнуўся зь цяжкасьцямі ў сэзоне 1990—1991 гадоў, калі «Сампдорыя» выйграла скудэта. Пасьля таго як ван Бастэн пасварыўся з Арыга Сакі, Бэрлюсконі звольніў трэнэра. У наступным сэзоне Фабіё Капэльлё ачоліў каманду, і «Мілян» пракрочыў праз сэзон без паразаў, здабыўшы чарговае скудэта. Ван Бастэн забіў 25 галоў у чэмпіянаце і зноў стаў найлепшым бамбардзірам лігі[5]. Ягоны вынік у сэзоне 1991—1992 гадоў стаў найлепшым ў Сэрыі A з часоў, калі Луіс Вінісію забіў столькі ж у сэзоне 1965—1966 гадоў.
У лістападзе 1992 году ван Бастэн стаў першым гульцом, які адзначыўся чатырма галамі ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Гётэборгу», улучна з ідэальным ударам празь сябе[5]. У сьнежні 1992 году яго прызналі найлепшым гульцом сьвету паводле вэрсіі ФІФА[5]. «Мілян» працягнуў сваю сэрыю без паразаў ў сэзоне 1992—1993 гадоў, дасягнуўшы 58 матчаў без паразаў цягам двух сэзонаў[5]. Ван Бастэн быў выключным у пачатку сэзону і ў трэці раз атрымаў «Залаты мяч», стаўшы трэцім гульцом у гісторыі пасьля Ёгана Кройфа і Мішэля Плятыні, хто тройчы быў ўганараваны гэтым прызам[5]. Аднак праблемы з шчыкалаткай[11] вярнуліся ў матчы супраць «Анконы», што прымусіла яго зноў прапусьціць шэсьць месяцаў і перанесьці шэраг апэрацыяў. Ён вярнуўся ў канцы сэзону, але «Мілян» прайграў марсэльскаму «Алімпіку» зь лікам 0:1 у фінале Лігі чэмпіёнаў. Гэты матч быў апошнім для ван Бастэна ў італьянскім клюбе[5]. На 86-й хвіліне ён пакінуў поле, саступіўшы месца Стэфана Эраніё, пасьля жорсткага падкату ззаду ад Базыля Балі. У выніку нідэрляндцу спатрэбілася трэцяя апэрацыя на шчыкалатцы[12].
Ван Бастэн спадзяваўся згуляць за сваю зборную на чэмпіянаце сьвету 1994 году, а таксама вярнуцца ў клюб на сэзон 1994—1995 гадоў пасьля таго, як цалкам прапусьціў сэзон 1993—1994 гадоў. Аднак клюб загадаў яму ня браць удзелу ў чэмпіянаце сьвету, баючыся, што гэта сапсуе ягоную рэабілітацыю[13]. Нарэшце, 17 жніўня 1995 году гулец прызнаў паразу ў сваёй барацьбе за вяртаньне ў футбол і абвесьціў аб завяршэньні кар’еры пасьля двух гадоў па-за гульнёй. Ван Бастэн выйшаў на разьвітальны матч перад заўзятарамі «Міляну» на Сан-Сыра, і эмацыйны галоўны трэнэр клюбу Фабіё Капэльлё не стрымаў сьлёзы[14].
Міжнародная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1984 годзе ван Бастэн дэбютаваў за нацыянальную зборную Нідэрляндаў у матчы кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы 1984 году супраць зборнай Ісьляндыі[15].
На чэмпіянаце Эўропы 1988 году ван Бастэн адыграў ключавую ролю ў трыюмфальнай кампаніі нідэрляндзкай каманды. Ён правёў пяць галоў, у тым ліку зрабіў хет-трык на першым этапе супраць зборнай Ангельшчыны, а таксама арганізаваў пераможны гол у паўфінале супраць зборнай НДР[16] і зрабіў знакаміты ўдар зь лёту з вострага кута ў фінале супраць зборнай СССР, які скончыўся перамогай зь лікам 2:0[17]. У тым жа фінальным матчы ён таксама аддаў галявую перадачу на Гуліта, які адкрыў лік[18]. Ван Бастэн скончыў турнір як найлепшы бамбардзір і быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату, а таксама ўлучаны ў сымбалічную зборную турніру[5]. У апытаньні ў Вялікабрытаніі 2002 году ягоны гол у браму зборнай СССР быў зьмешчаны на 21-ы радок у сьпісе «100 найвялікшых спартовых момантаў»[19].
На чэмпіянаце сьвету 1990 году зборная Нідэрляндаў выбыла ўжо ў другім раўндзе, прайграўшы будучым чэмпіёнам з Заходняй Нямеччыны, зь лікам 2:1[20]. Ван Бастэн аніколі не забіваў на чэмпіянатах сьвету. На чэмпіянаце Эўропы 1992 году зборная Нідэрляндаў перамагла дзейных чэмпіёнаў сьвету зборную Нямеччыны зь лікам 3:1 у групавым этапе і прабілася ў паўфінал, дзе нечакана зазнала паразу ад зборнай Даніі, якая ў выніку стала пераможцам. Матч скончыўся сэрыяй пэнальці, у якой галкіпэр Пэтэр Шмэйхэль адбіў удар ван Бастэна[5]. Хоць ён не забіў аніводнага голу на турніры, яго другі раз запар улучылі ў сымбалічную зборную чэмпіянату[21].
Дасягеньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Аякс»:
- Чэмпіён Нідэрляндаў: 1982, 1983, 1985
- Уладальнік Кубка Нідэрляндаў: 1983, 1986, 1987
- Уладальнік Кубка ўладальнікаў кубкаў: 1987
«Мілян»:
- Чэмпіён Італіі: 1988, 1992, 1993
- Уладальнік Супэркубка Італіі: 1988, 1992
- Уладальнік Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў: 1989, 1990
- Уладальнік Супэркубка Эўропы: 1989
- Уладальнік Міжкантынэнтальнага кубка: 1989, 1990
Нідэрлянды:
- Чэмпіён Эўропы: 1988
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Augustyn A. Marco van Basten // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в Marco van Basten // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в Marco Basten // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Sommers, A.L. (2010). «Great National Soccer Teams». Rosen Central. — С. 43. — ISBN 978-1435891388.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н «Van Basten, a Dutch goal machine». FIFA.
- ^ Davies, Gareth A (11.02.2002). «My School Sport: Marco van Basten». The Telegraph.
- ^ «Marco van Basten: Games That Changed My Life». FourFourTwo.
- ^ «De omhaal van Marco van Basten». TV Gids.
- ^ «Marco van Basten». Encyclopædia Britannica.
- ^ «On This Day: Milan back-to-back triumphs». Football Italia.
- ^ Bandini, Nicky (14.12.2007). «How Capello won his nine league titles». The Guardian.
- ^ «Marseille 1-0 Milan». UEFA.
- ^ Winter, Henry (4.06.1994). «Football: Uefa Cup call for Newcastle: St James’ Park delighted at return to Europe while Dubliners plan a huge send-off». The Independent.
- ^ «Sports People: Soccer; AC Milan’s Van Basten Retires». The New York Times.
- ^ «Van Basten maakt honderd vol tegen Luxemburg». Voetbal International
- ^ Lacey, David (22.06.1988). «Marco’s late hook floors the favourites». The Guardian.
- ^ «The Euros have provided some of the greatest goals seen in international football over the years. Here are 10 of the best». FourFourTwo.
- ^ «Van Basten ends Dutch wait». UEFA.
- ^ «100 Greatest Sporting Moments». Channel 4.
- ^ Gledenning, Barry (19.05.2018). «World Cup stunning moments: Frank Rijkaard and Rudi Völler». The Guardian.
- ^ «1992 team of the tournament». UEFA.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Профіль (анг.) на Transfermarkt
- Профіль (анг.) на Worldfootball