Марка Одэрмат
| Марка Одэрмат | |
| Пэрсанальная інфармацыя | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 8 кастрычніка 1997 (28 гадоў) |
| Грамадзянства | |
| Прафэсійная інфармацыя | |
| Спэцыялізацыя | гарналыжнік |
Узнагароды і мэдалі | |
Ма́рка О́дэрмат (па-нямецку: Marco Odermatt; 8 кастрычніка 1997 году) — швайцарскі гарналыжнік, алімпійскі чэмпіён 2022 году ў гіганцкім слаламе, трохразовы чэмпіён сьвету, 4-разовы ўладальнік Кубка сьвету ў агульным заліку (2022, 2023, 2024, 2025). Спэцыялізуецца ў супэргіганце, хуткасным спуску і гіганцкім слаламе. Лідэр сярод усіх швайцарскіх гарналыжнікаў паводле колькасьці перамог на этапах Кубка сьвету.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На чэмпіянаце сьвету 2019 году ў Швэцыі швайцарац у супэргіганце меў 12-ы вынік, а ў гіганцкім слаламе быў на 10-м радку. 9 сакавіка 2019 году на этапе ў Славеніі ў гіганцкім слаламе фінішаваў з трэцім часам, што было першы подыюмам гарналыжніка. Праз тыдзень на фінале Кубка сьвету ў Андоры зноў стаў прызэрам у гіганцкім слаламе. 6 сьнежня 2019 году ў амэрыканскім Бівэр-Крыку на трасе супэргіганту ён здабыў першую сваю перамогу на этапах Кубка сьвету.

Сапраўдны прарыў у кар’еры Одэрмата адбыўся ў сэзоне 2020—2021 гадоў. Швайцарац 9 разоў узьнімаўся на прызавы подыюм на этапах Кубка сьвету, у тым ліку тройчы перамагаючы ў гонках. Паводле вынікаў сэзону ён заняў другое месца ў заліку супэргіганту і гіганцкага слалама, а таксама быў другім у агульным заліку. 14 лютага 2021 году спартовец быў блізкі да свайго першага мэдаля на чэмпіянатах сьвету, але на трасе ў Картына-д’Ампэцца заняў 4-ы радок у ня профільным для сябе хуткасным спуску. У сэзоне 2021—2022 гадоў гарналыжнік працягнуў пасьпяховыя выступы, ужо да пачатку 2022 году ён паклаў на свой рахунак столькі ж перамогаў у этапах Кубка сьвету, колькі за ўсю кар’еру да гэтага. 28 сьнежня ў італьянскім Борміё ўпершыню стаў прызэрам этапа Кубка сьвету ў хуткасным спуску. 13 лютага Одэрмат узяў залаты мэдаль у гіганцкім слаламе на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне, на 0,19 сэкундаў апярэдзіўшы Жана Кранеца, а ўсе астатнія саступілі Одэрмату больш за 1,3 сэкунды. У супэргіганце, дзе спартовец разглядаўся як прэтэндэнт на ўзнагароды, ня здолеў фінішаваць, а ў хуткасным спуску заняў сёмае месца. 12 сакавіка 2022 году заняў другі радок у гіганцкім слаламе ў Кранскай-Горы і забясьпечыў сабе перамогу ў заліку гэтай дысцыпліны ў Кубку сьвету. 16 сакавіка заняў другое месца ў хуткасным спуску на фінальным этапе Кубка сьвету ў Куршавэле, чым гарантаваў перамогу ў агульным заліку Кубка сьвету.

Увосень 2022 году ён выбітна пачаў новы сэзон. Усяго да Калядаў ён рабіўся прызэрам 9 з 12 праведзеных этапаў Кубка сьвету. 29 сьнежня Одэрмат перамог у супэргіганце ў Борміё. 12 лютага выйграў золата ў хуткасным спуску на чэмпіянаце сьвету ў Куршавэле, апярэдзіўшы на 0,48 сэкунды Аляксандру Омату Кільдэ. Одэрмат да гэтай перамогі аніводнага разу ня меў перамог у хуткасным спуску на этапах Кубка сьвету. 17 лютага ён стаў уладальнікам золата чэмпіянату сьвету ў гіганцкім слаламе, апярэдзіўшы Ляіка Мэяра і Марка Шварца. Швайцарац стаў адзіным гарналыжнікам, які ўзяў больш за адзін залаты мэдаль на тым сусьветным першынстве. 11 сакавіка ён забясьпечыў перамогу ў агульным заліку Кубка сьвету[2]. Одэрмат усталяваў рэкорд паводле набраных пунктаў за адзін сэзон у гісторыі мужчынскага Кубка сьвету (2042), на 42 пункты перасягнуўшы дасягненьне Гэрмана Маера ў сэзоне 2000—2001 гадоў. Дамінаваньне спартоўца працягнулася ў наступным сэзоне, ён дзевяць разоў запар трымаў перамогу на этапах у гіганцкім слаламе. Усяго з 35 стартаў сэзону 20 разоў узьнімаўся на подыюм і атрымаў 13 перамог.
6 сьнежня 2024 году стаў другім у хуткасным спуску ў Бівэр-Крыку, саступіўшы 0,20 сэкундаў Жустэну Мюрызье, а на наступны дзень перамог там жа ў супэргіганце. 22 сьнежня ён перамог у гіганцкім слаламе у Альта-Бадыі, дзякуючы чаму стаў лідэрам сярод швайцарскіх гарналыжнікаў паводле колькасьці перамогаў у Кубку сьвету. 7 лютага 2025 году выйграў золата ў супэргіганце на чэмпіянаце сьвету ў Заальбаху, але сэнсацыйна застаўся без мэдалёў у хуткасным спуску і гіганцкім слаламе. Усяго ў Кубку сьвету 2024—2025 гадоў атрымаў за сэзон 8 перамог і яшчэ 8 разоў займаў другое ці трэцяе месца. Маючы 1721 пункт Одэрмат зь вялікай перавагай чацьверты раз запар перамог у агульным заліку Кубка сьвету, на 605 пунктаў апярэдзіўшы нарвэжца Гэнрыка Крыстофэрсэна.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Профіль (анг.) на FIS