Малочны сьвет
Каардынаты: 53°42′33″ пн. ш. 23°49′46″ у. д. / 53.70917° пн. ш. 23.82944° у. д.
| «Малочны сьвет» | |
| Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
|---|---|
| Лістынг на біржы | Беларусь: МолочныйМир А1 |
| Дэвіз | Сіла малака |
| Заснаваная | 1938 (87 гадоў таму) |
| Уласьнікі | «Гораднямясамалпрам» (93,7%)[1] |
| Краіна | Беларусь |
| Разьмяшчэньне | Горадня |
| Адрас | Ленінскі раён, Гаспадарчая вул., д. 28 |
| Ключавыя фігуры | Марына Анікеева (генэральны дырэктар), Юры Шапель (галоўны інжынэр)[2] |
| Галіна | харчовая прамысловасьць |
| Прадукцыя | малако, вяршкі, кефір, ёгурт, сьмятана, тварог, масла, сыр, сухая сыроватка і марозіва |
| Абарачэньне | ▲942,475 млн рублёў[3] (2023 г.; 296,608 млн $)[4] |
| Апэрацыйны прыбытак | ▼70,892 млн рублёў (2023 г.; 22,31 млн $) |
| Чысты прыбытак | ▼68,808 млн рублёў (2023 г.; 21,654 млн $) |
| Лік супрацоўнікаў | 1800 (2024 год) |
| Матчына кампанія | «Гораднямясамалпрам»[5] |
| Даччыныя кампаніі | «Зьдзецельскі сыраробны завод», «Шчучынскі масласырзавод» |
| Аўдытар | «ГрандБізнэс Экспэрт» (Менск) |
«Малочны сьвет» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1938 годзе ў якасьці «Гарадзенскага гарадзкога малочнага камбінату».
За 2024 год перапрацаваў звыш 540 000 тонаў малака, таму быў адным зь вядучых прадпрыемстваў малочнай галіны Беларусі[6]. Налічваў звыш 1800 супрацоўнікаў. Звыш паловы вырабаў пастаўлялі за мяжу, пераважна ў Расею, Казахстан, Грузію, Турэччыну і Кітай[7]. Вырабляў малако, вяршкі, кефір, ёгурт, сьмятану і тварог, а таксама масла, абястлушчаны сыр і да 60 гатункаў цьвёрдых і паўцьвёрдых сыроў тлустасьцю ад 20 да 55%, сухую сыроватку і марозіва ў вафельным ражку і кубку[8].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць]На 2025 год у склад «Малочнага сьвету» ўваходзілі:
- Гарадзенскі малаказавод з 3-ма цэхамі — цэльнамалочных вырабаў, сыраробным, марозіва і сухіх малочных вырабаў;
- 2 вытворчыя цэхі «Бераставіца» і «Скідзель» (Гарадзенскі раён);
- малакапрыёмны пункт «Індура» (Гарадзенскі раён);
- участак безалькагольных напояў «Парэчча» (Гарадзенскі раён);
- Шчучынскі масласырзавод з вытворчым цэхам у Слоніме;
- Зьдзецельскі сыраробны завод;
- земляробчае прадпрыемства «МілкАгра» ў Вялікай Бераставіцы[8].
Уласная сетка фірмовага гандлю налічвала 6 крамаў у Гарадзенскай вобласьці, зь іх па 2 у Горадні і Зьдзецелі і па адной у Скідалі і Шчучыне[9].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць]На 2025 год «Малочны сьвет» вырабляў:
- 19 відаў цэльнамалочных вырабаў, у тым ліку пастэрызаванае і стэрылізаванае малако, кефір, сьмятану, пражанку, тварог, узьбіты мяккі сыр, вяршкі, ёгурт, сыраквашу і айран[10];
- 37 відаў сыроў, у тым ліку 4 плаўленых, пармэзан і тыльзыцкі[11];
- 4 гатункі вагавага і фасаванага масла тлустасьцю ад 67 да 82,5%[12];
- 3 віды дэсэртаў, у тым ліку тварожны крэм і глязураваныя сыркі[13];
- 19 гатункаў марозіва, у тым ліку плямбір у вафельным ражку і кубку, эскімо і вагавы з 14 напаўняльнікамі, двухслаёвы і бяз цукру, крэм-бруле і ў тубах, узбагачаны кальцам і з разынкамі, а таксама вяршковае і з сыроваткі бяз тлушчу[14];
- прэсную і мінэральную ваду, у тым ліку газаваную[15];
- сухую малочную сыроватку ў мяхах па 25 кг[16].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць]У 1938 годзе заснавалі «Гарадзенскі гарадзкі малочны камбінат» магутнасьцю 10 тонаў сыравіны за содні. У 1967 году магутнасьць прадпрыемства павялічылі да 50 тонаў сыравіны за содні. У 1993 году магутнасьць перапрацоўкі павысілі да 240 тонаў за содні[17]. У лістападзе 1996 году прадпрыемства пераўтварылі ў ААТ «Горадня Малкамбінат»[18]. У сьнежні 2004 году далучылі сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Бераставічанка», які пераўтварылі ў прадпрыемства «АграСьвет», а 11 верасьня 2020 году перайменавалі ў «МілкАгра»[19]. 22 траўня 2007 году камбінат перайменавалі ў «Малочны сьвет», паі якога 14 чэрвеня 2007 году разьмясьцілі на Беларускай валютна-фондавай біржы. 11 траўня 2018 году «Малочны сьвет» выявіў у Маскве і лябараторна пацьвердзіў нізкаякасную падробку масла пад сваім таварным знакам з боку расейскага вытворцы[20]. 4 верасьня 2018 году прадпрыемства атрымала дазвол на пастаўку сваіх вырабаў у краіны Эўразьвязу[21].
У сьнежні 2019 году да «Малочнага сьвету» далучылі «Зьдзецельскі сыраробны завод» і «Шчучынскі масласырзавод»[17]. У выніку магутнасьць перапрацоўкі прадпрыемства вырасла з 260 000 да 460 000 тонаў за год, бо магутнасьць «Шчучынскага масласырзаводу» з даччынымі «Слонімскім малочнымі прадуктамі» складала 164 000 тонаў, а «Зьдзецельскага сырзаводу» — 43 000 тонаў за год[5]. Праз гэта ў 2020 годзе выручка вырасла на 90% да 631 млн рублёў, а прыбытак — на 33% да 61,5 млн рублёў пры рэнтабэльнасьці продажаў у 14%. За мяжу вырабы пастаўлялі ў асноўным у Расею, Кітай, Украіну, Азэрбайджан і Малдову. Сыравінная зона прадпрыемства складалася зь 53-х гаспадарак у 8 раёнах Гарадзенскай вобласьці. На «Малочным сьвеце» працавала 1900 чалавек. Звыш 91% паёў прадпрыемства знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасьці[18].
У студзені 2023 году «Малочны сьвет» пачаў вытворчасьць марозіва бяз цукру, а ў чэрвені 2023-га — безьляктознага марозіва[22]. 10 лютага 2023 году прадпрыемства ўганаравалі ордэнам Працоўнай Славы за ўдалую дзейнасьць і высакаякасныя вырабы[23].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць]- В. Г. Кудзін (1948—1951)
- С. К. Сарокін (1951—1952)
- М. М. Ванюкевіч (1952—1954)
- М. Ф. Варанцоў (1954—1955)
- В. Д. Сазонаў (1955—1966)
- І. М. Мышко (1966—1969)
- Т. П. Званарова (1969)
- Р. А. Анікіна (1969—1982)
- Ёсіф Шышко (1982—2011)
- Марына Анікеева (ад 2012 году)[17]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць]- ^ Зьвесткі пра дзейнасьць за 2023 год (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 15 красавіка 2024 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Кантакты // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ К.А. Кандраценка, Марына Анікеева. Аўдытарскія высновы і бухгальтарская справаздачнасьць за 2023 год (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 15 красавіка 2024 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа (3,1775 рублі за даляр) // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2023 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ а б «Малочны сьвет» далучыць да сябе «Шчучынскі масласырзавод» і «Дзятлаўскі сыраробны завод» // Выданьне «Горадня Лайф», 11 траўня 2019 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Марына Анікеева. Прадпрыемства сёньня (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ а б Структура // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Пастаўнікам (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Цэльнамалочная прадукцыя // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Сыры // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Масла // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Дэсэртная група // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Марозіва // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Вада // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Сыроватка сухая дэмінэралізаваная // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ а б в Гісторыя (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ а б Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гарадзенскую вобласьць наведаў «Малочны сьвет» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 сакавіка 2021 г. Архіўная копія ад 19 сакавіка 2021 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Гісторыя // УП «МілкАгра», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Беларускае прадпрыемства паскардзілася, што ў Бранску могуць падрабляць масла // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 11 траўня 2018 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Сыстэмы мэнэджмэнту (рас.) // ААТ «Малочны сьвет», 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ «Малочны сьвет» выпусьціў безьляктознае марожанае і нізкаляктозны ёгурт // Выданьне «Горадня Лайф», 28 ліпеня 2023 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
- ^ Прадстаўнікі розных сфэраў дзейнасьці ўдастоены дзяржузнагародаў і Падзякі прэзыдэнта // БелТА, 10 лютага 2023 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць]- «Малочны сьвет» фабрыка марозіва // Беларускі экскурсійны партал, 2025 г. Праверана 14 студзеня 2025 г.