Перайсьці да зьместу

Малаяльская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Малаяльская мова
മലയാളം
Ужываецца ў Індыя
Рэгіён Карнатака, Керала, Лакшадвіп[d], Пандышэры[d] і Тамілнад
Колькасьць карыстальнікаў 35,7 млн
Клясыфікацыя Дравідыйская

 Паўднёвадравідыйская
  Тамільска-каннадзкая
   Тамільская

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Індыя (Керала)
Статус: 2 Правінцыйны[d][1]
Пісьмо малаяльскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ml
ISO 639-2(Б) mal
ISO 639-2(Т) mal
ISO 639-3 mal

Малая́льская мова (малаял. മലയാളംтрансьліт. малая́лам)[2]дравідыйская мова паўднёвай групы, распаўсюджаная на паўднёвым захадзе Індыі ў асноўным сярод народу малаялаў у штаце Керала.

Знаходзіцца ў цесным сваяцтве з тамільскай мовай. Адна з 23 афіцыйных моваў Індыі. На малаяльскай размаўляюць звыш 35 мільёнаў чалавек, у тым ліку на Лякадыўскіх астравах саюзнай тэрыторыі Лякшадвіп і на прылеглых да Кералы землях[3].

Налічвала каля 10 краёвых гаворак, якія аб'ядноўваліся ў 4 групы: паўднёвую, сярэднюю, паўночную і астраўную. Таксама існавалі каставыя, грамадавыя і племянныя гаворкі. Існавалі значныя адрозьненьні між літаратурнай і гутарковай мовай[3].

Гукі і часьціны мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У малаяльскай мове выяўляецца сынгарманічнасьць галосных пярэдняга і сярэдняга шэрагу. Звонкія выбухныя ўтваралі асобныя фанэмы. Захоўваецца зубна-лункавы (пярэднеязычна-дзяснавы) змычны «Т» і нёбны насавы «Н». Разьвіліся сьвісьцячыя: зубны «С», зубна-лункавы «Сь» і адваротна-загінальны «С»[3].

Род клясыфікацыйны ў назоўнікаў, займеньнікаў і лічэбнікаў. Таксама род дапасавальны ў прыметнікаў і незакончаных дзеепрыметнікавых імёнах. Страціліся асабовыя імёны ў ролі іменнай часткі выказьніка, якія мелі асабовыя канчаткі. Супрацьпастаўляюцца ўлучальныя і вынятковыя асабовыя займеньнікі 1-й асобы множнага ліку. Закончаныя дзеясловы ня маюць паказьнікаў роду, ліку і асобы. Станоўчаму спражэньню дзеяслова ўласьцівы адмысловы павіннасны лад. Злучнікі адсутнічаюць як часьціна мовы[3].

Словазлучэньні і слоўнік

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Парадак словаў у сказе: дзейнік-дапаўненьне-выказьнік (ДзДВ). У азначальнай будове: азначэньне — паясьнёнае слова[3].

У малаяльскай шмат запазычаньняў з санскрыту[3].

Пісьмовасьць і граматыка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

З канца ІХ стагодзьдзя малаяльская мова існуе на літарна-складовай азбуцы, якая паходзіць ад паўднёваіндыйскага «кніжнага пісьма» грантга (з санскрыту: вузел). Першы з захаваных пісьмовых помнікаў на малаяльскай датуецца 830-м годам. Першы буйны літаратурны помнік — паэма «Жыцьцё Рамы» ХІІІ стагодзьдзя (трансьліт. з мал. «Рамачарытам») паводле адной з кніг эпасу «Вандраваньне Рамы» (трансьліт. «Рамаяна»). Стваральнікам сучаснага пісьма і адзінай малаяльскай літаратурнай мовы лічыцца пісьменьнік XVI стагодзьдзя Тунджату Эжутачан (1495—1575)[3].

У XIV стагодзьдзі на санскрыце напісалі першую граматыку малаяльскай мовы. У 1851 годзе тубінгенскі доктар мовазнаўства Герман Гундэрт (1814—1893) стаў першым эўрапейцам, які выдаў «Граматыку малаяльскай мовы» (трансьліт. з мал. «Малаяла бхаша вякаранам»). У 1896 годзе трывандрумскі прафэсар усходніх моваў А. Раджараджа-Варма (1863—1918) выдаў граматыку «Керальскі Паніні» (трасьліт. з мал. «Кералапанініям»)[3].

Этымалёгія назвы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Малаяльскае вымаўленьне

Назва мовы «малаялам» складаецца з словаў «мала», што азначае «гара», і «аалам» — «месца».

Прыклад тэксту

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

മനുഷ്യരെല്ലാവരും തുല്യാവകാശങ്ങളോടും അന്തസ്സോടും സ്വാതന്ത്ര്യത്തോടുംകൂടി ജനിച്ചവരാണ്. അന്യോന്യം ഭ്രാത്രുഭാവത്തോടെ പെരുമാറുവാനാണ് മനുഷ്യന്നു വിവേകബുദ്ധിയും മനസ്സാക്ഷിയും സിദ്ധമായിരിക്കുന്നത്.

Трансьлітарацыя:

Manuṣyarellāvarum tulyāvakāśan̄n̄aḷōṭum antassōṭum svātantryattōtumkūṭi janiccavarāṇ. Anyōnyam bhrātrubāvattoṭe perumāṛuvānāṇa manuṣyannu vivēkabuddhiyum manaṣṣākṣiyum siddhamāyirikkunnat.

Пераклад:

Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасьці і ў сваіх правах. Яны надзеленыя розумам і сумленьнем і павінны ставіцца адзін да аднаго ў духу брацтва.

  1. Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. Малаялам (сынонімы: малаяльская мова) // Зводны электронны каталёг бібліятэк Беларусі, 2025 г. Праверана 1 верасьня 2025 г.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Васіль Рагаўцоў. Малаялам / малаяльская мова // Мовы сьвету: энцыкляпэдычны даведнік = Мовы свету: энцыклапедычны даведнік / тэх.рэд. Г.М. Гладун. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2009. — С. 124. — 290 с. — 120 ас. — ISBN 978-985-480-506-1

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]