Магілёўскі мэталюргічны завод
Каардынаты: 53°55′1″ пн. ш. 30°21′31″ у. д. / 53.91694° пн. ш. 30.35861° у. д.
| «Магілёўскі мэталюргічны завод» | |
| Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
|---|---|
| Заснаваная | 6 лістапада 1932 (93 гады таму)[1] |
| Уласьнікі | «Беларускі мэталюргічны завод», «Бостан Трэйд Канэкшнз» (39%) |
| Краіна | Беларусь |
| Разьмяшчэньне | Магілёў |
| Адрас | Ленінскі раён, вуліца Курака, дом 28[2] |
| Ключавыя фігуры | Алег Пракопаў (кіраўнік), Андрэй Грыбанаў (галоўны інжынэр)[3] |
| Галіна | мэталюргія |
| Прадукцыя | сталёвая труба, вагонная вось, пакоўка і профіль, чыгунны шрот і люк |
| Абарачэньне | ▼64,9 млн рублёў (2020 год[4]; 25,1 млн $)[5] |
| Апэрацыйны прыбытак | ▲-7000 рублёў (2020 год; -2700 $) |
| Чысты прыбытак | ▲-1,07 млн рублёў (2020 год; 414 тыс. $) |
| Лік супрацоўнікаў | 1000 (2018 год) |
| Матчына кампанія | «Беларускі мэталюргічны завод» (Жлобін) |
| Даччыныя кампаніі | «ММЗ-сэрвіс» |
| Аўдытар | «Белрасаўдыт» |
«Магілёўскі мэталюргічны завод» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1932 году ў якасьці «Магілёўскага трубаліцейнага заводу».
На 2025 год «ММЗ» вырабляў 4 віды сталёвых трубаў — электразварныя прамашоўныя, водагазаправодныя, профільныя і зварныя, а таксама полыя зварныя канструкцыйныя профілі халоднай фармоўкі зь нелегаванай сталі, 2 віды чыгуннага шроту — колаты і літы тэхнічны ды літы балястны, запаўняльнікі для асабліва цяжкага бэтону, чыгунныя люкі і дажджапрыёмнікі для назіральных і ліўнестачных студняў, чарнавыя вагонныя восі са сталі, пакоўкі з канструкцыйнай і легаванай сталі, а таксама малыя архітэктурныя формы[6]. Завод уваходзіў у 5-ку найбольшых прадпрыемстваў Магілёва і ў 10-ку найбольшых у Магілёўскай вобласьці[7]. Даччынае прадпрыемства «ММЗ-сэрвіс» прадавала праз краму профільныя трубы і мела страўню на 120 месцаў[8]. Таксама заводу належала база адпачынку ў Быхаўскім раёне на беразе Чыгірынскага вадасховішча, якая налічвала 13 нумароў на 40 месцаў[9]. На гэтай базе ладзілі міжнародны музычны фэстываль «Вялікая бард-рыбалка»[10].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2025 год «Магілёўскі мэталюргічны завод» вырабляў:
- 23 найменьні сталёвых электразварных профільных трубаў Ст20 — даўжынёй 2 і 6, 6,3 і 12 м з таўшчынёй сьценкі 2, 3 і 4 мм і прамерам ад 2-х да 8 см[11];
- 177 найменьняў электразварных профільных трубаў паводле Эўрапейскай нормы 10219 са канструкцыйнай сталі 235 (ньютанаў/мм² найменшай сілы плыннасьці) — даўжынёй 6 і 12 м з таўшчынёй сьценкі 1,5 да 5 мм і прамерам ад 1,5 см да 10 см[12];
- 208 найменьняў сталёвых электразварных профільных трубаў — даўжынёй 3 і 5,8, 5,9 і 5,95, 6 і 12 м з таўшчынёй сьценкі ад 1,5 да 5 мм і прамерам ад 1,5 да 10 см[13];
- 39 найменьняў сталёвых электразварных трубаў профільнага сечыва паводле тэхнічных умоваў Беларусі — даўжынёй 5,45, 6 і 12 м з таўшчынёй сьценкі ад 2 да 4 мм і прамерам ад 2-х да 10 см[14];
- 85 найменьняў сталёвых электразварных прамашоўных трубаў — даўжынёй 5,75, 6 і 12 м з таўшчынёй сьценкі ад 1-го да 5 мм і прамерам ад 2 да 10,8 см[15];
- 30 найменьняў сталёвых водагазаправодных трубаў — даўжынёй 6 м з таўшчынёй сьценкі ад 2,5 да 4-х мм і прамерам ад 1,5 да 9 см[16];
- 72 найменьні полага сталёвага прастакутнага профілю паводле Дзяржаўнага стандарту і Эўрапейскай нормы 10219 — даўжынёй 3, 6 і 12 м з таўшчынёй сьценкі ад 1,5 да 5 мм і прамерам ад 2 да 10 см[17];
- 66 найменьняў полага сталёвага квадратнага профілю паводле Дзяржаўнага стандарту і Эўрапейскай нормы 10219 — даўжынёй 5,75, 6 і 12 м з таўшчынёй сценкі ад 1,5 да 5 мм і прамерам ад 2,5 да 10 см[18];
- 61 найменьне чыгунных люкаў для праёму на 60 см, зь іх 7 цяжкіх магістральных для нагрузкі 40 т, 22 цяжкія на 25 т, 12 сярэдніх на 12,5 т і 20 лёгкіх на 1,5 т[19];
- 3 найменьні дажджапрымальнікаў для праёму на 60 см і нагрузкі 25 т[20];
- 19 найменьняў чыгуннага шроту, зь іх 7 тэхнічнага колатага памерам ад 0,3 да 2,2 мм, 10 тэхнічнага літога памерам ад 0,3 да 3,6 мм і 2 балястнага літога памерам 5 і 6 мм[21];
- кантэйнэры для цьвёрдых побытавых адкідаў, садовыя лавы, гарадзкія сьметніцы, попельніцы і вогнішчавыя чашы[22], а таксама прыпыначныя павільёны.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сьнежні 1929 году на паўночна-ўсходняй ускраіне Магілёва (Беларуская ССР) пачалі падрыхтоўку пляцоўку для будучага заводу. У студзені 1930 году разгарнулі будаўніцтва. 6 лістапада 1932 году «Магілёўскі трубаліцейны завод» зрабіў пробны пуск трубаліцейнага цэху і адліў першую чыгунную вадаправодную трубу прамерам 15 см. У 1937 годзе ўвялі ў дзеяньне лістапракатны цэх[23]. Улетку 1941 году абсталяваньне заводу вывезьлі на Ўрал (Расейская СФСР) у сувязі зь Нямецка-савецкай вайной[6].
Пасьля адновы прадпрыемства 12 траўня 1947 году атрымалі першы сталёвы ліст. У 1948 годзе трубаліцейны цэх аднавіў вытворчасьць трубаў. У сакавіку 1953 году асвоілі вытворчасьць сталёвага дахавага ліста, які надалей выраблялі з ацынкаванай паверхняй у цэху гарачага ацынкаваньня[6]. У 1953 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Магілёўскі мэталюргічны завод»[23]. У 1959 годзе ўпершыню ў Савецкім Саюзе асвоілі паўбезупынную вытворчасьць чыгунных воданапорных трубаў, на якую трубаліцейны цалкам перайшоў у 1961 годзе. Нарошчваньне выпуску чыгунных трубаў пазбавіла ад патрэбы іх завозіць з-за мяжы. У 1983 годзе асвоілі вытворчасьць чыгунных напорных трубаў пад гумовую ўшчыльняльную абшыўку. У 1986 годзе ўпершыню ў Савецкім Саюзе адлілі трубу прамерам 40 см. Таксама ў 1986 годзе здалі ў карыстаньне першы з 3-х трубапракатных станаў, якім сталі вырабляць электразварныя трубы[6].
11 сьнежня 1996 году дзяржаўнае прадпрыемства «Магілёўскі мэталюргічны завод» рашэньнем устаноўчай канфэрэнцыі пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства з удзелам у статутным фондзе амэрыканскага прадпрыемства «Бостан Трэйд Канэкшнз» (штат Масачусэтс)[6]. На 1999 год асноўнымі цэхамі былі: трубаліцейны, лістапракатны, ацынковачны і тэхнічнага шроту. Завод пераважна вырабляў чыгунныя апорныя трубы і сталёвыя трубы 4-х відаў: профільныя высокай дакладнасьці, водагазаправодныя, электразварныя прамашоўныя і з ацынкаванай тонкаліставой сталі. Сярод іншага, выпускалі чыгунны тэхнічны шрот і тавары народнага ўжытку са сталі і чыгуну[23]. У 2003 годзе на аснове трубаліцейнага цэха ўвялі ў дзеяньне ўчастак чыгунных люкаў з плаўленьнем мэталу ў індукцыйных печах. У 2004 годзе тамсама запусьцілі ўчасткі літога чыгуну і колатага шроту[6].

Пастаўнікі сыравіны з Украіны атрымалі манаполію на збыт вырабаў прадпрыемства, таму завод страціў абаротныя сродкі. У выніку 17 кастрычніка 2006 году «Магілёўскі мэталюргічны завод» перадаў «Беларускага мэталюргічнага заводу» (Жлобін) 39 % паёў замежных укладальнікаў і 7 % паёў працаўнікоў, каб увайсьці ў яго вытворчае аб'яднаньне[24]. На канец 2006 году на заводзе працавала звыш 1000 чалавек. Цягам 2006 году вырабы пастаўлялі за мяжу ў Расею, Украіну і Нямеччыну[25]. Цягам 2008 году за мяжу паставілі да 70 % вырабаў[26]. У 2008 годзе «Магілёўскаму водаканалу» бясплатна перадалі люкі пры адбудове Магілёўскай ратушы. Тэрмін іх гарантыі складаў 50 гадоў. За 2003—2009 гады вырабілі некалькі тысячаў люкаў агульнай вагой звыш 650 тонаў. Для пастаўкі за мяжу ў краіны Эўразьвязу распрацавалі 15 найменьняў люкаў[27].
У 2017 годзе пастаўкі за мяжу ажыцьцяўлялі пераважна ў 9 краінаў: Расею, Украіну, Нямеччыну, Польшчу, Чэхію, Нідэрлянды, Летуву, Латвію і Эстонію. Люкі прадавалі ў Фінляндыю, Летуву і Латвію[27].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Маркаў (29 траўня 2003[27] — 6 кастрычніка 2009)[26]
- Алег Пракопаў (на 2025 год)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Магілёўскі мэталюргічны завод, ААТ // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 27 траўня 2024 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Кантакты // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Кіраўніцтва // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Алег Пракопаў, Т.Н. Сілява. Справаздача за 2020 год // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2021 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа, на 31.12.2020 (2,5789 рублі за даляр) // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2020 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ а б в г д е Гісторыя // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Магілёўская вобласьць // Прэзыдэнт Беларусі, 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ «ММЗ-сэрвіс» // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ База адпачынку ААТ «ММЗ» // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Яўген Белавусаў. Вялікая бард-рыбалка // Газэта «Культура», 6 жніўня 2022 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталёвая эл.зв. профiльная Ст20 // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталёвая эл.зв. профiльная ЭН10219 з С235 // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталевая эл.зв. профiльная // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталёвая эл.зв. профiльнага сячэньня ТУ BY // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталёвая эл.зв. прамашоўная // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Труба сталёвая водагазаправодная // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Профiль полы сталёвы прамавугольны ДАСТ ЭН // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Профiль полы сталёвы квадратны ДАСТ ЭН 10219 // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Ліцьцё // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Дажджапрымальнiк // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Шрот (дроб) // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Тавары народнага спажываньня // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ а б в Магілёўскі мэталюргічны завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 468—469. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
- ^ Магілёўскі мэталюргічны завод аб’яднаўся з БМЗ // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 кастрычніка 2006 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ Магілёў: звольнены галоўны інжынэр Магілёўскага мэталюргічнага заводу // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 сьнежня 2006 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ а б Звольнены дырэктар мэталюргічнага завода ў Магілёве // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 кастрычніка 2009 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- ^ а б в АБ. Адкуль у Магілёве «гішпанскія» люкі і як яны дапамаглі выцягнуць мясцовы завод з крызісу // Беларуская служба Радыё «Свабода», 31 траўня 2018 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны // ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод», 2025 г. Праверана 10 ліпеня 2025 г.
- Адкрытае акцыйнае таварыства «Магілёўскі мэталюргічны завод» // Зьвязда : газэта. — 13 ліпеня 2017. — № 132 (28496). — С. 13. — ISSN 1990-763X.
| Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |