Перайсьці да зьместу

Магілёўская фабрыка марозіва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

53°54′29″ пн. ш. 30°18′54″ у. д.HGЯO

«Магілёўская фабрыка марозіва»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 1957 (69 гадоў таму)[1]
Уласьнікі Магілёўскі аблвыканкам (65%)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёў
Адрас Ленінскі раён, вуліца Лазарэнкі, дом 58А[2]
Ключавыя фігуры Мікалай Шапялевіч (кіраўнік), Пётар Канаплёў (1-ы намесьнік), Яўген Капылоў (галоўны інжынэр)
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя марозіва, глязураваны сырок, маянэз, цеста і піца
Абарачэньне 17,1 млн рублёў (2018 год[3]; 7,91 млн $)[4]
Апэрацыйны прыбытак 588 тыс. рублёў (2018 год; 272 тыс. $)
Чысты прыбытак 314 тыс. рублёў (2018 год; 145 тыс. $)
Лік супрацоўнікаў 240 (2020 год)[5]
Матчына кампанія Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі
Аўдытар «Аўдыт і кіраваньне»

«Магілёўская фабрыка марозіва» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1957 годзе ў якасьці «Магілёўскага гарадзкога малочнага заводу».

На 2025 год «МФМ» пераважна вырабляла марозіва, глязураваныя сыркі, тварожныя дэсэрты і замарожанае цеста[6]. У 2016 годзе стала першым вытворцам цёплага марозіва ў Беларусі.

На 2025 год «Магілёўская фабрыка марозіва» вырабляла:

  • 26 найменьняў марозіва, у тым ліку фруктовы лёд і эскімо, двухслойнае і тварожнае, у вафэльных кубках і ражках, а таксама ў буйных пакунках па 200 і 900 грамаў ды вагавае па 2 кг[7];
  • 16 найменьняў тварожных дэсэртаў, у тым ліку 11 найменьняў глязураваных сыркоў тлустасьцю ад 14 да 18 % у пакунках па 40 грамаў[8];
  • 8 найменьняў маянэзу тлустасьцю ад 20 да 67 % у пакунках па 200 і 400 грамаў[9];
  • 4 найменьняў пластовага дражджавога і бездражджавога цеста, а таксама піцу і аснову для яе[10].

У 1957 годзе стварылі «Магілёўскі гарадзкі малочны завод» на вуліцы Лазарэнкі (Беларуская ССР). У 1980 годзе яго пераўтварылі ў цэх марозіва «Магілёўскага малочнага камбінату». 28 сакавіка 1991 году цэх пераўтварылі ў «Магілёўскую фабрыку марозіва». 30 чэрвеня 1995 году Магілёўскі абласны камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі ўхваліў Загад № 110, якім пераўтварыў прадпрыемства ў адкрытае акцыйнае таварыства. У 1996 годзе запусьцілі ўчастак маянэзу магутнасьцю 800 кг за зьмену. Вытворчая магутнасьць фабрыкі складала 5,7 т марозіва за зьмену[11].

У 2007 годзе ўвялі ў дзеяньне ўчастак глязураваных сыркоў на палачцы ў выглядзе эскімо. У 2010 годзе ў аддзяленьні падрыхтоўкі сумесі ўсталявалі аўтаматычную мыйную станцыю. У 2011 годзе паставілі лінію фруктовага льду і глязураваных сыркоў на палачцы, а таксама марозіва з сухой вобмешкай. Таксама ўсталявалі лінію фасоўкі марозіва ў вафэльных і полістырольных кубках, эскімо, брыкетах і вафэльных ражках. У траўні 2014 году адкрылі вытворчасьць замарожанага цеста, якая дасягнула звыш 20 найменьняў у выглядзе дражджавога і бездражджавога, паўфабрыкатаў для круасанаў і слоек з начыньнем, асноваў для піцы і самой піцы[11].

У лістападзе 2016 годзе «Магілёўская фабрыка марозіва» першай у Беларусі пачала вырабляць цёплае марозіва, якое не расставала працяглы час пры пакаёвай тэмпэратуры[12]. У 2018 годзе вытворчасьць на 62 % складалася з марозіва і на 28 % з глязураваных сыркоў. На пачатак 2019 году фабрыка наймала 244 супрацоўнікаў і на 65 % знаходзілася ва ўласнасьці Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту[13].

  1. Магілёўская фабрыка марожанага, ААТ // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 27 траўня 2024 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  2. Кантакты // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  3. Тацьцяна Бандарчук, В.В. Прамасудава. Справаздача аб прыбытках і стратах за 2018 год (рас.) // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 26 сакавіка 2019 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  4. Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа, на 31.12.2018 (2,1598 рублі за даляр) // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 31 сьнежня 2018 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  5. БелТА. Магілёўская фабрыка марозіва: наша задача – сыстэмная арганізацыя вытворчасьці і яе разьвіцьцё // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 27 жніўня 2020 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  6. Аб кампаніі // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  7. Марозіва // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  8. Тварожная прадукцыя // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  9. Маянэз // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  10. Цеставыя паўфабрыкаты // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  11. 1 2 Гісторыя кампаніі // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 2025 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  12. У Магілёве прыдумалі «цёплае марозіва» // Газэта «Наша ніва», 23 лістапада 2016 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.
  13. Тацьцяна Бандарчук, В.В. Прамасудава. Справаздача за 2018 год (рас.) // ААТ «Магілёўская фабрыка марозіва», 26 сакавіка 2019 г. Праверана 5 жніўня 2025 г.