Паўстаньне 1830—1831 гадоў на Пружаншчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўстаньне 1831 року на Пружаншчыне
Невядомы аўтар. «Эпізод паўстаньня 1831 року»
Дата: вясна — восень 1831
Месца: Пружанскі павет, Расейская імпэрыя
Вынік: перамога расейцаў
Супернікі
Польскія і літоўскія паўстанцыСьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Сьцяг Польшчы Генрык Дэмбінскі
Сьцяг Вялікага Княства Літоўскага Тытус Пуслоўскі
Сьцяг Польшчы Дэзыдэры Хлапоўскі
Сьцяг Расеі Мікалай I
Асноўны артыкул: Паўстаньне 1830—1831 гадоў

Паўста́ньне 1830—1831 гадоў на Пружа́ншчыне — вайсковыя дзеяньні ў часе Лістападаўскага паўстаньня на тэрыторыі тагачаснага Пружанскага павету/сучаснага Пружанскага раёну.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальна-вызвольны рух на землях, зусім нядаўна далучаных да Расейскай імпэрыі, ня быў спынены пасьля здушэньня паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, ані ў вайну 1812 року. У 1815—1830 на тэрыторыі Царства Польскага і заходніх губэрняў Расейскай імпэрыі дзейнічалі больш за 70 таемных згуртаваньняў[1].

Незадаволенасьць розных слаёў беларускага насельніцтва выклікала царская палітыка на новадалучаных землях, якая закранала ў першую чаргу інтарэсы шляхты. Таксама значна пагоршылася з увядзеньнем новых падаткаў ды рэкруцкай павіннасьці становішча сялянства. Мясцовая эліта была занепакоеная пранікненьнем на кіроўныя пасады расейскага элемэнту.

У канцы 1820-х рокаў рэзка абвастрыліся супярэчнасьці паміж Расеяй і Царствам Польскім. Царызм стала ігнараваў палажэньні канстытуцыі, абмяжоўваў правы і свабоды, але адной з галоўных прычынаў выбуху паўстаньня было невыкананьне абяцаньня па далучэньні літоўска-рускіх земляў да Каралеўства.

Акрамя таго, акурат у ліпені 1830 року адбылася рэвалюцыя ў Францыі, у жніўні — у Брусэлі. 5 лістапада 1830 року расейскі ўрад выдаў загад аб прывядзеньні ў поўную баявую гатоўнасьць войскаў дзеля здушэньня францускай рэвалюцыі[1].

Абвяшчэньне паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўстаньне пачалося 29 лістапада 1830 року нападам на рэзыдэнцыю вялікага князя Канстанціна — Бэльвэдэрскі палац у Варшаве. 20 сьнежня польскі сойм прыняў маніфэст, якім абвяшчаў паўстаньне нацыянальным, а 25 студзеня 1831 выдаў акт аб зрынаньні Мікалая I з польскага стальцу. 1 лютага быў ухвалены заклік да насельніцтва літоўскіх ды рускіх земляў брацца за зброю.

У складзе польскага войска былі ўтвораныя два асобныя легіёны: першы з выхадцаў Летувы, Жмудзі ды Беларусі, другі — з Валыні, Падольля і Ўкраіны.

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1830 року ў Гарадзенскай, Віленскай, Менскай, Валынскай, Падольскай губэрнях і ў Беластоцкай вобласьці быў уведзены вайсковы стан. Гэта была зроблена ў тым ліку і дзеля таго, каб зашкодзіць далучэньню да польскіх войскаў жыхароў Гарадзеншчыны. 21 сьнежня выйшаў загад пра накладаньне забароны на маёмасьць тых асобаў, месцазнаходжаньне якіх будзе выяўлена ў Царстве Польскім.

24 лістапада 1830 выйшла забарона жыхарам заходніх губэрняў навучацца ў Царстве Польскім. Прэвэнтыўныя меры закранулі навучэнцаў бадай што ўсіх навучальных установаў Гарадзеншчыны. У канцы сьнежня галоўнакамандуючы расейскай арміяй Іван Дзібіч-Забалканскі забараніў адпускаць навучэнцаў Віленскай навучальнай акругі на сьвяты дадому.

Тым ня меней, паўстаньне прасачылася па-за межы Польшчы і распачалося 14 сакавіка 1831 року з захопу паўстанцамі Расенаў. Тут быў падпісаны акт паўстаньня. Цягам некалькіх дзён да яго далучыліся Цяльшэўскі, Шавельскі, Упіцкі, Ковенскі, Вількамірскі, Троцкі, Ашмянскі, Віленскі, Сьвянцянскі паветы Віленскай губэрні і частка Менскай[1].

На пачатку красавіка 1831 дзеля прадухіленьня паўстаньня ў ВКЛ з войскаў, разьмешчаных вакол Берасьця і Горадні, а таксама рэзэрвовых частак, была створаная асобная армія. Была абмежаваная сувязь між літоўска-беларускімі губэрнямі і Царствам Польскім, уведзеная цэнзура ліставаньня, сэквэстраваліся маёнткі памешчыкаў, якія з пачатку паўстаньня знаходзіліся ў Царстве Польскім. Аднак гэтыя меры ня здолелі прадухіліць пашырэньне паўстаньня на тэрыторыі Беларусі[2].

У адрозьненьне ад Віленшчыны і Меншчыны, на Гарадзеншчыне барацьба разгортвала не па асобных паветах, а канцэнтравалася вакол аднаго месца — у Белавескай пушчы. Падрыхтоўка да паўстаньня тут вялася зь зімы 1831 року. Паўстанцкі рух ачоліў асабісты сакратар гарадзенскага цывільнага губэрнатара Томаш Красоўскі, пытаньнямі вайсковымі і харчаваньня займаўся капітан Ян Жылінскі[3]. У Гародні каардынацыяй займаўся берасьцейскі маршалак дваранства Караль Урсын Нямцэвіч (пляменьнік Юльяна Нямцэвіча), а ў белавескіх лясох зьдзяйсьняў кіраваньне акруговы лясьнічы Яўген дэ Ронка. У лютым прадстаўнікі гарадзенскага падпольля Ю. Шчапінскі і Якуб Шрэтэр прысутнічалі на нарадзе ў Вільні, арганізаванай для прадстаўнікоў павятовых камітэтаў.

Паўстанцкая дзейнасьць актывізавалася ў пачатку красавіка 1831 року — у Слонімскі, Ваўкавыскі і Наваградзкі паветы дзеля ўздыму паўстаньня былі накіраваныя эмісары[3].

У Белавескай пушчы склаліся тры паўстанцкія аддзелы агульнай колькасьцю блізу 1000 чалавек:

  • аддзел на чале з галоўным лясьнічым Яўгенам дэ Ронкам колькасьцю каля 300 стральцоў, узятых зь лясной варты;
  • аддзел Самуэля Ружыцкага[2];
  • аддзел берасьцейскага маршалка дваранскага Караля Нямцэвіча[4].

Ва ўмовах адсутнасьці кваліфікаваных камандзіраў паўстанцы тут вялі пераважна партызанскую барацьбу: нападалі на невялікія аддзелы і транспарт расейцаў, ганцоў, атакавалі паштовыя станцыі і да т. п. Нягледзячы на ўсялякія намаганьні, расейскія войскі не маглі зьнішчыць крыніцы супраціву ў Белавескай пушчы[3].

Удзельнічалі ў выступах супраць царызму шляхцічы Шрэтэры з Пружанскага павету: Якуб, ягоныя сыны Антоні (мастак), Юзэф, Пётар, Ян. Якуб Шрэтэр узначаліў аддзел стральцоў Яўгена дэ Ронкі. Сярод іншых прадстаўнікоў шляхты згаданыя таксама Пётар Чарніцкі, Трафім Федаровіч, Антон Тоўсьцік, Аляксандар Таргоньскі, Юзэф Сьмецюк. Падтрымалі паўстаньне і пружанскія сяляне[5].

Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі аддзел, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса ПуслоўскагаПлянта. У аддзеле Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[6]. У цэлым сяляне вакол пушчы падтрымалі паўстаньне.

Важную ролю ў справе падрыхтоўкі выступленьня і заахвочваньня мясцовага насельніцтва да ўдзелу ў ім адыграла каталіцкае і часткова ўніяцкае духавенства, якое пачало агітацыю яшчэ напрыканцы 1830 року. Напрыклад, уніяцкі сьвятар А. Клышынскі і каталіцкі ксёндз Пануфнік з Шарашова бралі актыўны ўдзел у нарадах падчас падрыхтоўкі выступленьня ў пушчы і працягвалі сталыя кантакты з інсургентамі. У самой Белавескай пушчы таксама ладзіліся набажэнствы з прыезжымі сьвятарамі. Манахі зь Бярозы-Картускай Пружанскага павету ўвогуле арганізавалі асобны аддзел (на чале з манахам Лямбэртам Плюшчэўскім), які плянаваўся злучыцца з паўстанцамі з пушчы. Аднак на месцы збору на іх напаў і разагнаў аддзел царскіх войскаў[1].

Напачатку польскі бок не аказваў асаблівай дапамогі літвінам, толькі з красавіка пачаліся спробы накіраваньня сюды вайсковых частак, аднак беспасьпяховыя з-за супраціву царскіх сілаў. Урэшце ў канцы траўня на Гарадзеншчыну прыйшоў рэгулярны аддзел польскага войска на чале з таленавітым генэралам Дэзыдэрыям Хлапоўскім(pl) (820 чалавек). Тут ён хутка здолеў выцесьніць ворага зь Белавескай пушчы, атрымаўшы шэраг перамогаў (пад Гайнаўкай, Лідай і інш.). Значная частка паланёных ім вайскоўцаў Літоўскага корпусу папоўніла шэрагі паўстанцаў, якіх неўзабаве налічвалася ў Хлапоўскага ўжо каля 5 тысячаў чалавек. Да Хлапоўскага далучылася і частка аддзелу Якуба Шрэтэра.

Пасьля ўдалых апэрацыяў пад Лідай у канцы траўня Хлапоўскі накіраваўся да Вільні. Паўстанцы Шрэтэра занялі ў Белавескай пушчы Сьветлічанскую дачу непадалёк ад Сьвіслачы, адкуль рабілі вылазкі ў ваколіцы. Напрыканцы траўня Шрэтэр зьдзейсьніў два напады на расейцаў ля вёскі Галены. У час аднаго з наездаў на Сьвіслач паўстанцамі быў схоплены і выгнаны зь мястэчка падпаручнік Мамлееў. Іншым значным посьпехаў паўстанцаў можна назваць напад на Старадварэцкую паштовую станцыю, дзе былі захопленыя, сярод іншых трафэяў, 100 тыс. рублёў. 26 траўня аддзел расейцаў пад даводзтвам генэрал-маёра Галавіна атакаваў Сьветлічанскую дачу, пасьля чаго паўстанцы са стратамі вымушаныя былі адысьці[4]. Са спаленьнем дачы аддзел Шрэтэра фактычна спыніў дзейнасьць[1].

Чэрвень 1831 року — спад паўстанцкай актыўнасьці на Гарадзеншчыне. Наступны этап зьвязаны з прыходам у ліпені паўстанцкіх аддзелаў генэрала Дэмбінскага (3800 чалавек), якія пасьля няўдалай спробы захопу Вільні адышлі ў Слонімскі павет. Тут да іх далучыліся рэшткі аддзелу Якуба Шрэтэра (каля 100 чалавек)[2].

На здушэньне паўстаньня былі кінутыя значныя вайсковыя сілы. Напрыканцы ліпеня, атрымаўшы шэраг паразаў, паўстанцы пачалі адыходзіць да Белавескае пушчы. Тытус Пуслоўскі быў цяжка паранены пад Ружанамі, аднак здолеў вырвацца з акружэньня і зьехаў у эміграцыю[6].

Пасьля сыходу зь беларускіх паветаў рэгулярнай польскай арміі паўстаньне пачало згасаць, хоць асобныя партызанскія аддзелы працягвалі дзейнічаць да восені 1831 року. У ваколіцах Поразава, Новага Двара і Лыскава дзейнічаў аддзел князя Гедройца. У Лыскаве ягоныя паўстанцы забілі ключвойта, адстаўнога унтэр-афіцэра. Пасьля сутычкі з расейскім войскам князь трапіў у палон[4].

У ваколіцах Поразава і Новага Двара аддзел шляхціча Дабравольскага пазбавіў жыцьця некалькіх жыдоў[4].

Пасьля атрыманьня вестак пра падзеньне Варшавы паўстаньне было скончанае.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля здушэньня паўстаньня царызм распачаў дэпалянізацыю і маскалізацыю краю. Шляхцічаў-удзельнікаў паўстаньня высылалі зь сем’ямі ў Сыбір, маёмасьць канфіскоўвалі, асобаў простага паходжаньня аддавалі ў жаўнеры альбо ў арыштанцкія роты, а сем’і высылалі.

Сэквэстраваныя і канфіскаваныя маёнткі выстаўлялі ў арэнду на аўкцыёны, рэчы адтуль таксама распрадавалі, харчовыя запасы вывозілі на патрэбы войска. Усе каштоўныя рэчы з канфіскаваных маёнткаў паводле адмысловага распараджэньня міністра фінансаў вывозілі ў Санкт-Пецярбург, мэбля была перададзеная на абсталяваньне Інстытуту шляхетных дзяўчат у Беластоку[4].

Значныя зьмяненьні закранулі сыстэму адукацыі ў літоўскіх губэрнях: толькі ў 1831—1835 роках у адных Гарадзенскай і Менскай губэрнях былі зачыненыя 15 сярэдніх школаў і гімназіяў, у тым ліку і адна ў Лыскаве Ваўкавыскага павету. Замест зачыненых утваралі расейскія павятовыя школы[4].

Небывалых памераў сягнулі ганеньні на ўніяцкую царкву, лягічным завяршэньнем якіх стала скасаваньне уніі ў 1839 року. З 1832 року пачаўся працэс закрыцьця «некамплектных» каталіцкіх кляштараў. «Непатрэбная» маёмасьць з кляштараў распрадавалася з аўкцыёнаў[4].

Шляхту, якая прыняла ў паўстаньні самы актыўны ўдзел, чакала працэдура пацьверджаньня чыну — гэтак званы «разбор шляхты». У выніку ў 30-я гады мноства шляхцічаў былі пераведзеныя ў аднадворцы і месьцічы[4].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Радзюк Аляксандр. Паўстанне 1830—1831 гг. на Гродзеншчыне: ход, задушэнне, наступствы // Białoruskie zeszyty historyczne. — 2010. — № 34. — С. 39—71.
  2. ^ а б в Паўстанне 1830—1831 года Усё пра Ружаны Праверана 5 студзеня 2017 г.
  3. ^ а б в Зайцев, Вячеслав (23 лістапада 2015) Война 1830—1831 гг. в белорусско-литовских землях (рас.) Историческая правда Праверана 23 сакавіка 2017 г.
  4. ^ а б в г д е ё ж А. Радзюк. (27 траўня 2014) Паўстанне 1831 г. на Ваўкавышчыне Волковыск в старых фотографіях Праверана 5 студзеня 2017 г.
  5. ^ Алесь Карлюкевич. Звёзды Отчизны.
  6. ^ а б Пракаповіч, Натальля. Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 5 студзеня 2017 г.
  7. ^ Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rządy zaborcze w latach 1773—1867 (пол.) Genealogia. Stankiewicze z przyjaciółmi. Janusz Stankiewicz.