Перайсьці да зьместу

Ляхавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ляхавічы (Ляхавіцкі раён)»)
Ляхавічы
лац. Lachavičy
Населены пункт
Помнік на месцы фартэцыі
Помнік на месцы фартэцыі
Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Берасьцейская
Раён Ляхавіцкі
Першыя згадкі 1492
Геаграфія
Вышыня НУМ 180 ± 1 м
Часавы пас
Каардынаты 53°02′24″ пн. ш. 26°15′46″ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 10 908 чал. (2018)[1]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 1633
Паштовы індэкс 225372
СААТА 1250501000
Нумарны знак 1
Сайт liahovichi.brest-region.gov.by/… (рас.)
Ляхавічы на мапе Беларусі ±
Ляхавічы
Ляхавічы
Ляхавічы
Ляхавічы
Ляхавічы
Ляхавічы

Ля́хавічы — места ў Беларусі, на рацэ Ведзьме. Адміністрацыйны цэнтар Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 908 чалавек[1]. Знаходзяцца за 225 км ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец, празь места праходзіць аўтамабільная дарога Берасьце — Русінавічы.

Ляхавічы — места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі рэнэсансу замак, помнік архітэктуры XVI ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Ляхавічы, імаверна, утварыўся ад назвы першых пасяленцаў — ляхаў (раней гэтак называлі палякаў). Не адкідваецца і зьвязак з прозьвішчамі Лях або Ляхаў. Увогуле, тапонімы з асновай «ляхі» сустракаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі[2]. Сама мянушка «лях/ляхі» зьявілася (з дасьледаваньняў М. Турыянскага) у VII—IX стагодзьдзях зь міграцыяй у Польшчу жыдоў з Заходняй Эўропы. Словы «ляхем-панем» ў гаворцы жыдоў з Гішпаніі азначаюць чалавека, які займаецца вырошчваньнем зерня жыта і грэчкі на хлеб, грэчкасея і зямяніна, вольнага гаспадара свайго двара, работніка на зямлі і набожнага чалавека, які пакінуў паганскія звычкі жыць хітрыкаю, рабаваньнем, паляваньнем і зьбіральніцтвам, прыняў Сьвяты Хрост і адцураўся ад полігаміі.

Ляхавічы — патранімічны тапонім, як і назвы некаторых ваколічных вёсак — Патапавічы, Сваяцічы, Русінавічы і г. д. Прозьвішча Ляховіч сустракаецца ў мэтрыках Вялікага Княства Літоўскага, таму відаць, нейкі Ляховіч быў першым уладальнікам Ляхавічаў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Ляхавічы ўпершыню ўпамінаюцца ў ХV стагодзьдзі як цэнтар воласьці (маёнтку)[3]. У 1-й палове ХVI стагодзьдзя паселішча знаходзілася ў валоданьні Гаштольдаў, з 1551 году — вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

«Аблога Ляхавіцкага замка», 1660 г.

З 1572 году Ляхавічамі валодалі Ян Хадкевіч і ягоныя нашчадкі, якія з канца ХVI стагодзьдзя пачалі звацца «графамі на Ляхавічах». У канцы ХVI стагодзьдзя тут збудавалі мураваны замак. У ХVII стагодзьдзі Ляхавічы атрымалі статус мястэчка[4], уваходзілі ў Наваградзкі павет. Узімку 1595—1596 гадоў казацкія загоны С. Налівайкі і М. Шавулы беспасьпяхова штурмавалі фартэцыю[3]. У 1635 годзе праз дынастычны шлюб паселішча перайшло да Сапегаў. На 1635 год тут было 215 дымоў[3].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1660 годзе маскоўскі ваявода Хаванскі 6 месяцаў трымаў у аблозе Ляхавіцкі замак, аднак ня здолеў яго захапіць. У ХVIII стагодзьдзі мястэчка перайшло ў валоданьне Масальскіх. У 1775 годзе сойм Рэчы Паспалітай перавёў Ляхавічы ў дзяржаўны скарб. У 1791 годзе места ўвайшло ў Случарэцкі павет.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ляхавічы апынуліся ў Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году сталі цэнтрам воласьці Слуцкага павету Менскай губэрні.

Будаваньне лініі Палескіх чыгунак (Сарны — Вільня) у 1880-я гады дала штуршок эканамічнаму разьвіцьцю Ляхавічаў. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў мястэчку было 155 двароў, дзеялі царква, сынагога і 6 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі школа, лякарня, гаршковы завод, 30 крамаў і 3 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы штогод і штотыднёвыя таргі[5]. На 1900 год — працавалі паштовая станцыя, 91 дробнае прамысловае прадпрыемства.

У Першую сусьветную вайну Ляхавічы знаходзіліся ў прыфрантавой паласе. 18 лютага 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ляхавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. Увосень 1918 году Ляхавічы занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[7]. 17 красавіка 1919 году Ляхавічы занялі польскія войскі, у ліпені 1920 году — зноў бальшавікі, пазьней — зноў польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павету Наваградзкага ваяводзтва. 27 чэрвеня 1931 году Ляхавічы зноў атрымалі статус места, адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — вёску Малую Лотву і чыгуначнаю станцыю Ведзьму[8].

У 1939 годзе Ляхавічы ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

  • XIX стагодзьдзе: 1884 год — 2 тыс. чал.[9]; 1897 год — 5016 чал.[10]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 5,1 тыс. чал.; 1959 год — 4,5 тыс. чал.; 1989 год — 10,7 тыс. чал.; 1997 год — 12,5 тыс. чал.[11]; 1998 год — 12,2 тыс. чал.[12]; 2000 год — 11,7 тыс. чал.[13]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 11,6 тыс. чал.; 2008 год — 11,7 тыс. чал.; 2009 год — 10 997 чал.[14] (перапіс); 2016 год — 10 902 чал.[15]; 2017 год — 10 919 чал.[16]; 2018 год — 10 908 чал.[1]

У Ляхавічах працуюць аграрны каледж, школа-гімназія, 3 сярэднія школы, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзіцячая спартовая школа.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.

Дзеюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.

Сыстэма пляну Ляхавічаў радыяльна-прамянёвая. На галоўнай вуліцы (дзялянка шашы Баранавічы — Русінавічы) знаходзяцца будынкі аграрнага каледжу, камбінату побытавага абслугоўваньня, унівэрсальнай крамы, 4-5-павярховыя жылыя дамы. Да цэнтральнай вуліцы прылягаюць два пляцы — адміністрацыйна-грамадзкі і культурны цэнтар места. Аблічча галоўнай вуліцы фармуюць будынак раённай адміністрацыі, дом зьвязку і банк, дом культуры. На вуліцы гістарычнай Пінскай вуліцы месьцяцца рэстаран і кавярня, гасьцініца, крама. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова прысядзібнага тыпу. Будуюцца 2—4-павярховыя жылыя дамы. У паўднёва-ўсходняй частцы места знаходзіцца мікрараён, забудаваны пераважна 4—5-павярховымі жылымі дамамі. Прамысловая зона канцэнтруецца на паўднёвы ўсход ад асноўнай жылой тэрыторыі, у раёне чыгуначнай станцыі.

Афіцыйная назваГістарычная назваБылыя назвы
17 верасьня вуліцаПінская вуліца
Дзесюкевіча вуліцаПадлескі завулакМоладзевы завулак (1960—1967)
Камсамольская вуліцаГажэвіцкая вуліца
Кастрычніцкая вуліцаМалая Лотва вуліца[17]
Малалотаўская вуліца[18]
Леніна вуліцаВугорская вуліца
Каменская вуліца
Баранавіцкая вуліца (1955—1965)
Матросава вуліцаВялікалотаўская вуліца[18]
Перамогі плошчаРынак пляц
Першамайская вуліцаКлецкая вуліца
Пугачова завулакВялікалотаўскі завулак[18]
Разіна завулак (з 1955)Рынкавая вуліцаТадэвуша Рэйтана вуліца
Савецкая вуліцаМыслабаская вуліца
Цітовіча вуліцаТатарская вуліца[19]
Янкі Купалы вуліцаПадлеская вуліца40 гадоў ВЛКСМ вуліца (1960—1983)

З урбананімічнай спадчыны Ляхавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Замкавая вуліца і Замкавы завулак. У перапісе 1874 году ўпамінаюцца Могілкавая, Мядзьведзіцкая, Плябанская, Сьвятаянская і Школьная вуліцы[20].

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці. Чатыры будаўнічыя арганізацыі.

Пералік прадпрыемстваў Ляхавічаў
  • ААТ «Ляхавіцкі кансэрвавы завод»
  • ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»
  • СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»
  • УТП «Ляхавіцкае»
  • ПУП «Ляхавіцкі кааппрам»
  • ЗАТ «Ляхавіцкі завод „Мэталаплястмас“»
  • ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»
  • КУВП «Столінская друкарня»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Спыніцца можна ў мескім гатэлі[21].

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Сьвятога Язэпа (Юзэфа[22]; 1907)
  • Могілкі старыя хрысьціянскія, капліцы (XIX ст.)
  • Сынагога (XIX ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Гаспадарчы двор Тызенгаўзаў-Патоцкіх (XVIII—ХХ ст.)
  • Замак (XV—XVIII стагодзьдзі)
  • Капліца Сьвятой Ганны (XVI—ХХ ст.)
  • Касьцёл Сьвятога Войцеха (XV ст.)
  • Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа[23] (XVII ст.)
  • Лецішча Патоцкіх «Рэпіхава» (XIX ст.)
  • Мячэт (1815)
  • Сынагога «Вялікая» (XVI—XX ст.)
  • Сядзіба «Гажэвічы»
  • Сядзіба Касакоўскіх (XVIII ст.)
  • Сядзіба Бохвіцаў (XVIII ст.)
  • Сядзіба Масальскіх (XIX ст.)
  • Палац Сапегаў-Ябланоўскіх (XVIII ст.)
  • Факторыя «Голдавічы» (XV—XX ст.)
  1. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 218.
  3. 1 2 3 ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 239.
  4. ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 430.
  5. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  6. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 12 czerwca 1931 r. o zaliczeniu osady (miasteczka) Lachowicze w powiecie baranowickim, województwie nowogródzkiem w poczet miast i włączeniu do nowoutworzonego miasta niektórych osiedli, Dz. U. Nr 56, poz. 448(недаступная спасылка) (пол.)
  9. Jelski A. Lachowicze // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 56.
  10. Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  11. ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 429.
  12. БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 436.
  13. Ляховичи (Ляхавічы, Lyakhovichi), Гербы Брестской области
  14. Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.
  18. 1 2 3 Решение № 269 Исполнительного комитета Ляховичского районного Совета депутатов трудящихся от 17 августа 1955 г. «Об упорядочении наименований улиц и нумерации домов в городе Ляховичи»
  19. Булаты П. Старажытны горад Ляхавічы, PortEuropa
  20. Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi
  21. Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  22. Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 207.
  23. Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 433.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]