Перайсьці да зьместу

Ляра Гут-Бэграмі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ляра Гут-Бэграмі
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзілася27 красавіка 1991(1991-04-27)[1] (35 гадоў)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыягарналыжніца
Узнагароды і мэдалі

Ля́ра Гут-Бэграмі́ (па-італьянску: Lara Gut-Behrami; 2 красавіка 1991 году) — швайцарская гарналыжніца, якая выступае ўва ўсіх дысцыплінах, але спэцыялізуецца на хуткасных відах, як то хуткасным спуску і супэргіганце. Алімпійская чэмпіёнка 2022 году. Пабраўшыся шлюбам з футбалістам Валёнам Бэграмі, разам з сваім узяла яшчэ прозьвішча мужа.

У 2007 годзе перамагла ў чэмпіянаце Швайцарыі ў супэргіганце, а на юніёрскім чэмпіянаце сьвету таго ж году выйграла срэбра ў хуткасным спуску. 28 сьнежня 2007 году дэбютавала ў Кубку сьвету ў гіганцкім слаламе на этапе ў аўстрыйскім Лінцы. У студзені 2008 году здабыла перамогі ў чатырох запар этапах Кубка Эўропы. 2 лютага 2008 году ўпершыню стартавала ў хуткасным спуску на этапе Кубка сьвету ў Санкт-Морыцы і адразу ж здолела ўзьняцца на прызавы подыюм. Тады Гут заняла трэцяе месца пасьля Ціны Мазэ і Марыі Голяўс. На наступны дзень там жа яна была пятай у супэргіганце.

Сваю першую перамогу на этапах Кубка сьвету швайцарка здабыла 20 сьнежня 2008 году ў Санкт-Морыцы ў супэргіганце. Яна на 63 сотых сэкунды апярэдзіла сваю суайчынніцу Фаб’ен Сутэр. На момант гэтай перамогі Гут было 17 гадоў і 237 дзён, што зрабіла яе наймаладзешай пераможцай супэргіганта у гісторыі Кубка сьвету. На чэмпіянаце сьвету 2009 году ў францускім Валь-д’Ізэры 17-гадовая спартоўка здолела здабыць два срэбныя мэдалі. У хуткасным спуску яна саступіла толькі Ліндсі Вон, а ў супэркамбінацыі яе апярэдзіла Катрын Цэтэль. 29 верасьня 2009 году Гут атрымала на трэнаваньні траўму сьцягна, праз што была вымушаная прапусьціць увесь сэзон. З-за траўмы юначка ня здолела ўзяць удзелу і ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 году ў Ванкувэры.

Гут у 2017 годзе.

Вярнуўшыся да выступаў у сэзоне 2010—2011 гадоў, 9 студзеня 2011 году спартоўку здабыла сваю другую перамогу на этапах Кубка сьвету, апярэдзіўшы ў супэргіганце на 0,53 сэкунды Ліндсі Вон. У сэзоне 2012—2013 гадоў Гут атрымала сваю трэцюю перамогу на этапах Кубка сьвету, упершыню выйграўшы хуткасны спуск у Валь-д’Ізэры. Упершыню за доўгі час на подыюм у жаночым Кубку сьвету ўзьняліся адразу дзьве швайцаркі, бо трэцяй была Надзя Камэр. Паводле вынікаў сэзону спартоўка заняла найвышэйшае ў кар’еры дзявятае месца ў агульным заліку. На чэмпіянаце сьвету ў Шлядмінгу яна была адзінай прадстаўніцай Швайцарыі, якая ўзяла мэдаль, які было срэбра ў супэргіганце. Сапраўдны прарыў гарналыжніца зьдзейсьніла ў пачатку сэзону 2013—2014, бо зь першых чатырох стартаў Кубка сьвету яна перамагла ў трох. Пры гэтым усе перамогі былі здабытыя ў розных дысцыпліна, ад гіганцкага слаламу ў аўстрыйскім Зёльдэне да хуткаснага спуску і супэргіганту ў амэрыканскім Бівэру-Крыку. У агульным заліку спатоўка фінішавала трэцяй. У лютым 2014 году запачаткавала выступы на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія тады ладзіліся ў Сочы. 12 лютага яна была трэцяй у хуткасным спуску, толькі на 0,10 сэкундаў саступіўшы Домінік Гізін і Ціне Мазэ, якія падзялілі золата. Празь некалькі дзён швайцарка заняла чацьвертае месца ў супэргіганце, усяго 0,07 сэкундаў прайграўшы ўладальніцы бронзы Ніколь Госп.

Сэзон 2014—2015 гадоў быў няўдалым для Гут, але наступны быў найлепшым. У лістападзе і сьнежні яна ўзялася чатыры перамогі. Да лютага стала зразумела, што асноўная барацьба за Кубак сьвету разгорнецца паміж Гут і амэрыканкай Ліндсі Вон. У канцы лютага Вон крыху апярэджвала швайцарку, але атрымала траўму на трасе супэргіганта ў Сальдэў, і ў пачатку сакавіка амэрыканка была вымушаная заявіць аб датэрміновым завяршэньні сэзону. Гэта практычна гарантавала Гут першую ў кар’еры перамогу ў агульным заліку Кубка сьвету, бо астатнія канкурэнткі мелі значнае адставаньне ад спартоўкі. Гут упэўнена давяла сэзон да пераможнага сканчэньня, узяўшы агулам 1522 пункты, а Вон мела на рахунку амаль на 300 пунктаў менш. Апошняй швайцаркай да таго, якая перамагла была ў агульным заліку Кубка сьвету, была Фрэні Шнайдэр у 1995 годзе. На чэмпіянаце сьвету 2017 году ў Санкт-Морыцы яна заваявала бронзу ў супэргіганце. У камбінацыі Гут заняла трэцяе месца паводле вынікаў хуткаснага спуску, а падчас трэнаваньня слалама атрымала цяжкую траўму калена, праз што датэрмінова завершыла сэзон 2016—2017 гадоў. Зімовыя Алімпійскія гульні 2018 году скончыліся для спартоўкі без мэдалёў. Бліжэй за ўсё яна была ў супэргіганце, дзе спынілася на чацьвертым радку.

Гут-Бэграмі ў 2023 годзе.

21 і 22 лютага 2020 году яна перамагла ў двух хуткасных спусках на этапе Кубка сьвету ў швайцарскай Кран-Мантане. Пры датэрміновым сканчэньні сэзону 2019—2020 гадоў з прычыны пошасьці каранавірусу займала чацьвертае месца ў заліку хуткаснага спуску і такое ж месца ў заліку супэргіганту ў Кубку сьвету. 11 лютага 2021 году на чэмпіянаце сьвету ў Картыне-д’Ампэцца швайцарка ўзяла залаты мэдаль у супэргіганце, упершыню ў кар’еры стаўшы чэмпіёнкай сьвету. Яна на 0,34 сэкунды апярэдзіла суайчынніцу Карын Зутэр. 13 лютага спартоўка фінішавала трэцяй у хуткасным спуску, заваяваўшы свой сёмы ў кар’еры мэдаль на чэмпіянатах сьвету. 18 лютага дастаткова нечакана выйграла золата ў гіганцкім слаламе на чэмпіянаце сьвету, усяго на 0,02 сэкунды апярэдзіўшы Мікаэлу Шыфрын. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне Гут-Бэграмі заняла трэці радок у гіганцкім слаламе[2]. 11 лютага здабыла алімпійскае золата ў супэргіганце, стаўшы першай у гісторыі швайцаркай, якая перамагла ў гэтай дысцыпліне на Алімпійскіх гульнях. На чэмпіянаце сьвету 2023 году ў Мэрыбэлі спартоўка засталася без узнагародаў, а найлепшым дасягненьнем было чацьвертае месца ў гіганцкім слаламе. У чэрвені 2025 году заявіла, што плянуе завяршыць кар’еру пасьля сэзону 2025—2026 гадоў[3][4][5], аднак траўма калена, атрыманая ў пачатку сэзона на трнаваньнях, прымусіла яе прапусьціць частку сэзону і паставіла пад пытаньне ейныя пляны на сыход[6].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]