Лявон Тарашкевіч
Лявон Тарашкевіч Leon Taraszkiewicz | |
13 траўня 1925 — 3 студзеня 1947 | |
Мянушка | Ястраб |
---|---|
Месца нараджэньня | Дуйсбург, Нямеччына |
Месца сьмерці | Семень, Польшча |
Прыналежнасьць | савецкія партызаны рух «Свабода і незалежнасьць» |
Род войскаў | пяхота |
Гады службы | 1945—1947 |
Званьне | паручнік |
Бітвы/войны | II сусьветная вайна антыкамуністычнае паўстаньне ў Польшчы (1944—1953) |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Тарашкевіч (неадназначнасьць).
Ляво́н Тарашке́віч (па-польску: Leon Taraszkiewicz), псэўданім «Ястраб» (польск. Jastrząb; 13 траўня 1925, Дуйсбург, Ваймарская рэспубліка — 3 студзеня 1947, Семень, ПНР) — польскі вайсковец, барацьбіт за незалежнасьць Польшчы на Заходнім Палесьсі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і працоўнага Ўладыслава тарашкевіча і Разаліі з Сыбільляў. Акрамя яго ў сям’і было яшчэ чацьвёра дзяцей. Род Тарашкевічаў паходзіў зь Вялікага Княства Літоўскае, а стрыечны дзядзька Лявона, Браніслаў Тарашкевіч (1892—1938), быў беларускім грамадзкім і палітычным дзеячам, філёлягам, сузаснавальнікам і кіраўніком Беларускай сялянска-работніцкай грамады.
Лявон Тарашкевіч скончыў агульную школы ва Ўладаве, дзе і сустрэў пачатак II сусьветнай вайны. У 1940 року па даносе быў арыштаваны за валоданьне выбухованебясьпечнымі матэрыяламі, аднак дзякуючы намаганьням маці пазьбегнуў высылкі ў канцэнтрацыйны лягер. Выехаў на працы ў Нямеччыну, адкуль уцёк у 1942 року. Затрыманы ў Холме і зьняволены ў мясцовай турме, пасьля перавезены ў Люблінскі замак. Увосені 1942 здолеў уцячы і схавацца ў свайго хрышчонага бацькі Стэфана Карапчука, які дапамог яму перабрацца пад Уладаву. Тут празь некалькі месяцаў Тарашкевіч далучыўся да савецкага партызанскага аддзелу «Анатоля», які дзейнічаў у мясцовых лясох.
Пасьля ўваходу ў Польшчу Чырвонай арміі ў 1944 року быў арыштаваны і зноў пасаджаны ў Люблінскі замак, а 13 лютага 1945 пераведзены ў лягер НКУС. У сакавіку ўцёк з транспарту і дабраўся да Ўладавы, скуль празь некалькі тыдняў сышоў у лес, дзе навязаў кантакт з камэндантам раёну Арміі Краёвай Клемэнсам Панасюком і ўвайшоў у склад партызанскага аддзелу Тадэвуша Быхаўскага, узяўшы сабе псэўданім «Ястраб». У чэрвені 1945 гэты аддзел раззброіў пастарункі грамадзянскай міліцыі ў Вытычне, Дубэчне, Сасновіцы і Пешаволі. Пасьля захопу кіраўніка аддзелу стаў ягоным заступнікам.
5 лютага 1946 аддзел «Ястраба» на некалькі гадзінаў авалодаў местам Парчаў, дзе папоўніў харчовыя запасы, забіў міліцыянта і 3 жыдоў на службе міліцыі[1]. Наступнымі днямі з баямі змусіў адступіць 70-асобавую апэратыўную групу КУБ і МГБ. 11 лютага 1946 адбылася сутычка з аддзелам КУБ, які праводзіў аблаву ў ваколіцах вёскі Мар’янка; апошні страціў некалькі жаўнеразў забітымі, двое афіцэраў і 12 шарагоўцаў паланёнымі.
8 чэрвеня на чыгуначнай станцыі ў Грудку Шляхецкім адбыўся бой аддзелу «Ястраба» з зьвязам НКУС, які быў разьбіты. Пасьля гэтага аддзел Лявона Тарашкевіча забіў у цягніку некалькі супрацоўнікаў МГБ. 8 ліпеня з засады напаў і разьбіў аддзел КУБ, захапіўшы вялікую колькасьць зброі і амуніцыі. 18 ліпеня разам з аддзелам Стэфана Брушка з НУС на трасе Холм — Люблін Лявон Тарашкевіч затрымаў аўтамабіль сястры Баляслава Берута Зоф’і Малеўскай з мужам, сынам і нявесткай. Аднак дзеля прыбыцьця ў раён дадатковых сілаў КУБ затрыманыя былі вызваленыя.
22 кастрычніка 1946 разам з аддзелам Юзэфа Струга захапіў пастарункі грамадзкай міліцыі ў Мілеяве, Лэнчнай і Цыцаве, раззброіў аддзел Войскаў аховы граніцы на трасе Ўладава — Холм, пасьля завалодаў Уладавай, дзе заняў пастарунак міліцыі MO і разьбіў сядзібу аддзелу грамадзкай бясьпекі, вызваліўшы каля 100 вязьняў. У лістападзе 1946 аб’яднаныя аддзелы «Ястраба», «Ардона» (Ю. Струга) і капітана Зьдзіслава Бронскага ў ваколіцах Сьверчаву правялі бой з апэргрупай КУБ, у якой загінулі 18 жаўнераў бясьпекі і 32 параненыя.
У навагоднуюю ноч 1946/1947 аддзел «Ястраба» браў удзел у атацы аб’яднаных аддзелаў СіН капітана Лявона Солтысіка (к. 300—350 партызанаў) на Радзынь Падляскі, а назаўтра разьбіў аддзел МГБ-КУБ у Акалеве. 3 студзеня 1947 пры нападзе на прапагандысцка-ахоўны аддзел НПА ў Семеню Лявон Тарашкевіч быў цяжка паранены пры нявысьветленых акалічнасьцях і па дарозе да лекара сканаў.
Патаемна пахаваны на могілках у Семеню. Урачыстае перапахаваньне адбылося 30 чэрвеня 1991.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыж вялікі Ордэну Адраджэньня Польшчы (пасьмяротна, 20 жніўня 2009)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Grzegorz Makus. „Jastrząb” i „Żelazny” ostatni partyzanci Polesia Lubelskiego 1945–1951. — Włodawa: 2008.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Henryk Pająk «Jastrząb» kontra UB, Lublin 1993.
- Rafał Wnuk. Lubelski Okręg AK, DSZ i WiN 1944—1947, Warszawa 2000.
- J. Kopiński. Konspiracja akowska i poakowska na terenie Inspektoratu Rejonowego Radzyń Podlaski w latach 1944—1956, Biała Podlaska 1998.
- Praca zbiorowa: Konspiracja i opór społeczny w Polsce 1944—1956. Słownik biograficzny, tom I, Kraków-Warszawa-Wrocław 2002.
- Нарадзіліся 13 траўня
- Нарадзіліся ў 1925 годзе
- Памерлі 3 студзеня
- Памерлі ў 1947 годзе
- Узнагароджаныя Вялікім крыжам ордэна Адраджэньня Польшчы
- Сябры руху «Свабода і незалежнасьць»
- Праклятыя жаўнеры
- Антыкамуністычнае падпольле ў Польшчы
- Вязьні люблінскага замку
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Народнай Рэспубліцы
- Нарадзіліся ў Дуйсбургу
- Памерлі ў Семеню