Перайсьці да зьместу

Лявоніха на арбіце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лявоніха на арбіце
па-беларуску: Лявоніха на арбіце
Аўтар: Андрэй Макаёнак
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1961

Ляво́ніха на арбі́це — п’еса, напісаная А. Макаёнкам, пастаўленая на сцэне Купалаўскага тэатру ў 1961 годзе.

А. Макаёнак напісаў п’есу ў той пэрыяд, калі ў адносінах да вёскі пачала праводзіцца даволі нэгатыўная дзяржаўная палітыка. П’еса «Лявоніха на арбіце» цалкам адпавядала афіцыйнай ідэалёгіі й была, так бы мовіць, на злобу дня[1]. Па сюжэце калгасьніца-перадавічка Лушка змагаецца са сваім прасякнутым прыватнаўласьніцкімі настроямі і памкненьнямі гультаяватым мужам Лявонам і ўрэшце бярэ над ім верх[2]. Тым ня менш на той час спэктакль напаткаў значны посьпех, што абумоўлівалася як моцнай драматургіяй, так і яркімі акторскімі працамі. Спэктакль «Лявоніха на арбіце», грамадзкі прагляд якога прыпаў на час палёту ў космас Юрыя Гагарына, захоўваўся ў рэпэртуары каля 20 гадоў.

У п’есе раскрываюцца праблемы сельскай рэчаіснасьці, пытаньні калгаснага будаўніцтва, паказваюцца людзі з абывацельскай псыхалёгіяй, асэнсоўваюцца жыцьцёвыя клопаты сельскіх працаўнікоў[3].

Лушка Чмых, якую ўсе клічуць Лявоніхай, ня хоча пасьля працы на фэрме ісьці ў свой агарод і ў брудны хлеў, каб корпацца ў зямлі і даглядаць жывёлу, бо цяпер усё можна купіць у калгаснай краме. Лушка марыць бавіць свой вольны час разумна і цікава. Афіцыйна абвешчана, што хутка надыдзе камунізм, навошта працаваць, як раней, ад зоркі да зоркі. Час жыць па-новаму. Так думае не адна Лушка, а многія ў калгасе, таму і вылучаюць яе сваім кандыдатам у дэпутаты райсавету. Такім чынам Лявоніха «выходзіць на арбіту», гэта значыць асэнсавана ўздымаецца над сваім былым прыніжаным жыцьцём, робіць псыхалягічны віток «да больш высокіх» каштоўнасьцяў і запатрабаваньняў.

Адна толькі бяда — чужыя людзі добра разумеюць Лявоніху, а вось родны муж ёй ледзь ня вораг. Лявон — закаранелы ўласьнік. Да калгасу яму няма аніякай справы. Спэктакль пачынаўся начной сцэнай на лужку, дзе Лявон краў сена з калгаснай капы і кідаў яго на сваю посьцілку. У той жа час вартаўнік Максім падкраўся з другога боку капы і лёг на посьцілку. Лявон вярнуўся зь вялікай ахапкай сена, накрыў ім старога і стаў цягнуць посьцілку. Калі ж ён зразумеў падвох, то, спалохаўшыся, так сігануў адтуль, што вартаўнік не пасьпеў пазнаць злодзея. 3 гэтай посьцілкай як з галоўным доказам Максім стаў хадзіць па хатах і пытацца чыя яна. Дайшла чарга і да Чмыха. Лявон горача адмаўляўся і раптам зьнянацку пачынаў падміргваць абодвума вачыма (першы выканаўца ролі, Барыс Платонаў, выдатна імітаваў нэрвовы цік, які зьявіўся ў яго героя пасьля няўдалага крадзяжу сена).

Лявон стаў самым яркім пэрсанажам у спэктаклі. Вынаходліва вырашаліся й іншыя сцэнічныя характары. Сатырычна кідка абмаляваны вобразь непаваротлівага, аплыўшага ад тлушчу Глуздакова, які марыў абы як дасядзець поўгады да пэнсіі ў кіруючым фатэлі. Дасьціпным гумарам афарбаваны характар старога вартаўніка. Выкліка́лі глядацкую сымпатыю людзі працы: Міхаіл, яго нявеста Соня, старшыня калгасу.

У 1962 годзе п’еса атрымала літаратурную прэмію імя Янкі Купалы.

  1. ^ Беларусы. Т. 13. Тэатральнае мастацтва / Р. Б. Смольскі і інш. — Мн., 2002.
  2. ^ Галіна Макарава
  3. ^ Талент чалавечнасці і дабрыні