Лявонці (Карповіч)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лявонці Карповіч»)
Лявонці Віленскі
Сьвяты
Сьвецкае імя Лонгін Фёдаравіч Карповіч
Манаскае імя Архімандрыт Лявонці
Нарадзіўся 8 красавіка 1580
Пінск, Берасьцейскае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр 24 верасьня 1620
Вільня, Вялікае Княства Літоўскае
Шануецца Беларусь, праслаўленьне
Услаўлены Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату, 15 траўня 2011 г.[1]
Кананізаваны Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 1949 г.
У ліку Звышгодны (прападобны)
Галоўная сьвятыня Царква Сьвятога Духа (Вільня)
Дзень памяці 7 кастрычніка[2]

Архімандрыт Лявонці (1580; Пінск, цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 1620; Вільня, цяпер Летува) — выбітны царкоўна-грамадзкі дзяяч пачатку XVII стагодзьдзя, які ўзначальваў антыўніяцкае супрацьстаяньне ў Вялікім Княстве Літоўскім; публіцыст і багаслоў. Стваральнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага праваслаўнага манастыра Сьвятога Духа; кіраўнік брацкай друкарні, рэфарматар і рэктар брацкай школы[3]. Адзін зь першых у Беларусі прадстаўнікоў сыстэматычнай тэалёгіі[3].

Архімандрыт Леанід (Кавелін) ў канцы XIX стагодзьдзя засьведчыў шанаваньне Лявонція ў асобных япархіях[4]. У канцы 1940-х кананізаваны Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой[5]. У 2011 г. праваслаўнага багаслова кананізаваў Беларускі экзархат[6].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пахвала Сматрыцкага Карповічу

Паходзіў з Карповічаў Кіеўскіх, шляхцічаў, якім у ХV стагодзьдзі за верную службу князі аддалі ў валоданьне выспу Асоў на Піншчыне[5]. Нарадзіўся ў сям’і сьвятара. Быў, відаць, малодшым сынам Міхаіла Фёдаравіча Карповіча, пратапопа пінскай замкавай царквы сьв. Дзімітрыя. Дакладна невядома, дзе навучаўся. Паводле Л. В. Ляўшуна, найверагодна, што спачатку — у школе пры Пінскім Лешчанскім манастыры, а потым — у школе Віленскага праваслаўнага брацтва пры Сьвята-Траецкай царкве[7]. Малады Лонгін ў канцы ХVІ стагодзьдзя прыехаў зь Піншчыны да свайго сваяка Яна Карповіча, правадзейнага сябра віленскага праваслаўнага Брацтва; апякун аддаў хлопчыка ў Братэрскую школу і па меры сіл дапамагаў яму[5]. Зрэшты, некаторыя дасьледнікі пазначаюць месцам навучаньня Астроскую акадэмію[8][9].

Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва. Прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве новага брацкага храма Сьвятога Духа, які ўзводзіўся на прыватным грунце князёў Валовічаў ля Вострай брамы. Па даручэньні брацтва займаў пасад «строителя церковного албо вытрикуша». У 1590-я працаваў у брацкай друкарні пад кіраўніцтвам С. Зізанія, выдаваў кнігі на карысьць праваслаўнага жыхарства Літвы. Дасягнуўшы паўналецьця (каля 1598), быў прызначаны «слугой і пісарам» брацкім, выконваў пасольска-дэпутацкія даручэньні брацтва на соймах, узначаліў брацкую друкарню, замяніўшы на гэтай пасадзе С. Зізанія (стаў карэктарам і галоўным тыпографам, які адказваў за адбор матэрыялаў для друку). Разам з тым служыў панамаром і шпітальным дазорцам, выкладаў у брацкай школе[7].

У студзені 1609 выехаў адным з брацкіх паслоў на Варшаўскі сойм. Паводле Л. Ляўшуна, неўзабаве пасьля гэтай паездкі, на працягу другой паловы 1609 — пачатку 1610 прыняў манаскі пострыг з імем Лявонта (Лявонція)[5][10], пасьля рукапаклаўся ў сьвятары Сьвята-Духавай царквы, а празь некаторы час узьвёўся ў сан архімандрыта і зрабіўся, такім парадкам, паўнамоцным кіраўніком новага брацкага манастыра[7].

6 траўня 1610 за выданьне супрацьуніяцкага твора М. Сматрыцкага «Фрынас» («Трэнас») кароль Жыгімонт III Ваза, між іншага, загадаў «карэктара Логвіна Карповіча» затрымаць у ратушы ці ў якой турме да асобага каралеўскага распараджэньня. Зрэшты, арх. Лявонці быў арыштаваны раней за каралеўскі загад: у Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 годзе ў брацкай друкарні адбыўся вобыск[10], пры якім схапілі «главного типографа братского, слугу и писаря Лонгина Карповича»[7]. Нягледзячы на ўзычаныя пінскаю шляхтаю каралю сьведчаньні, што Карповіч як чалавек шляхецкага паходжаньня, ня можа быць зьняволены, архімандрыт ня быў адпушчаны[9]. Адбываў турэмнае зьняволеньне на працягу двух гадоў[9]. Як сьведчыць М. Сматрыцкі, арх. Лявонці «был насмеван для веры православной, лжен, безчещен, шарпан от суду до суду, з турмы до турмы», так што яму «срогим а окрутным темничным вязнем мордованому на кожны день… бедне умирати приходило»[7]. Паводле некаторых зьвестак, прымушаўся зрачыся праваслаўя і перайсьці ў вунію[10]. М. Сматрыцкі сьведчыў, што вязень «праўды эвангельскай аніяк ня здрадзіў» і быў «цьвярдзей за дыямэнт»[5]. Пасьля двухгадовых зьдзекаў і катаваньняў быў адпушчаны пасьля Вялікдня 1612 году[5], імаверна, пры хадайніцтве буйных магнатаў: Валовічаў, Карэцкіх, Агінскіх і інш[7].

Паводле некаторых зьвестак, прыняў манаскі пострыг толькі пасьля адбываньня зьняволеньня[10]. Пасьля вызваленьня з турмы арх. Лявонці робіцца таксама і рэктарам брацкай школы. Пад яго кіраўніцтвам у 1613—1617 гг. узводзіцца новы мураваны школьны будынак, а сама школа рэфармуецца: у ёй ствараюцца пяць асобных клясаў. Архімандрыт усталяваў ў манастыры кінавійны (агульнажыцьцёвы) чын адпаведна статуту сьв. Васілія Вялікага, для чаго склаў і выдаў «Кінавіён» (1618). Пры Л. Карповічу Віленскае Сьвята-Духава праваслаўнае брацтва і яго манастыр сталі асновай цэлай сеткі праваслаўных брацтваў і манастыроў, брацкая друкарня зрабілася буйным выдавецкім цэнтрам праваслаўных, а школа — вядомай навучальнай установай. Паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, «церковь… Виленскую, в побожности овоцы почасти зазяблую… зрядил, благодатию Христовою, способну и выдал урожайну и плодовиту», «през проклятое отступство упалую Церкви нашея Руской святыню щасливе поднести зезволил»[7].

З брацкай друкарні выходзяць наступныя манастырскія выданьні, якія друкаваліся напераменку ў Еўі і ў Вільні: Гадзінаслоў (Еўе, 1612 г.), Анфалёгіён, або абраныя малітвы (Еўе, 1613 г.), Малітвы паўсядзённыя (Еўе, 1615 г.), Эвангельле настаўніцкае (Еўе, 1616 г.), Малітоўнік (Вільня, 1617 г.), Служэбнік (Вільня, 1617 г.), Кінавіён (Еўе, 1618 г.), Трэбнік (Вільня, 1618 г.), Чытанка славянскай мовы (Еўе, 1618 г.), «„Граматыка славенская“ Мялеція Сматрыцкага» (Еўе, 1619 г.)[5].

У 1613 пасьля сьмерці мітрапаліта І. Пацея, арх. Лявонці выбіраецца праваслаўнымі Вялікага Княства Літоўскага япіскапам-«намінантам» Уладзімерскім і Берасьцейскім (афіцыйная хіратонія не магла адбыццца праз забарону караля Рэчы Паспалітай Праваслаўнай царкве мець зносіны з Канстантынопальскім патрыярхам)[7]. У адказ на выстаўленьне арх. Лявонція, у 1614 пінскі ўніяцкі япіскап Паісі Сухоўскі і Язафат Кунцэвіч, што наведалі ўжо ўніяцкі Сьвята-Траецкі манастыр, ледзь не забілі арх. Лявонція, кідаючы ў яго цаглінамі[7]. Аправіўшыся, Л. Карповіч працягнуў сваё служэньне: увосень 1615 падрыхтаваў да друку прамоўленыя ім нядаўна казані — «На Ператварэньне Гасподне» і «На Ўсьпеньне Найсьвятой Багародзіцы».

У 1620 годзе Вялікае Княства Літоўскае наведаў Ерусалімскі патрыярх Феафан, які меўся рукаўскласьці для Праваслаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох япіскапаў. Аднак, хвароба не дазваляе Лявонцію паехаць у Кіеў на япіскапскую хіратонію.

Тытульны аркуш «Ляманта на сьмерць Л. Карповіча» (Вільня, 1620)

Памёр 24 верасьня (4 кастрычніка паводле н. ст.) 1620 году. Яго астанкі былі пакладзена ў Сьвята-Духавай царкве, а пасьля пабудовы мураванага храма перанесены туды. Архіяпіскап Мялет (Сматрыцкі) зьдзейсьніў адпяваньне прападобнага Лявонція 2 лістапада 1620 г[10].

Лявонці лічыўся адукаваным чалавекам, валодаў некалькімі мовамі: польскай, грэцкай, латыньню, царкоўнаславянскай, старабеларускай. Ён пакінуў значную літаратурную спадчыну — казані на Ператварэньне, Усьпеньне, у нядзелю перад Раством, пасланьні на Афон і ў Львоў, надгробнае слова Васілію Галіцыну, прадмовы да працаў манаха Фікарыя і Яна Залатавуста.

У 1620 годзе на сьмерць Лявонція, па ўсёй верагоднасьці Мялеціем Сматрыцкім, быў складзены найбуйнейшы паэтычны твор, напісаны ў Вялікім Княстве Літоўскім на старабеларускай мове — «Лямант на сьмерць Лявонція Карповіча» (па-руску: Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого а в обои добродетели богатого мужа, в бозе велебного господина отца Леонтиа Карповича)[3].

У першыя дзесяцігодзьдзі пасьля скону Л. Карповіч ушаноўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім як сьвяты, пра што сьведчаць згадкі ў «Палінодыі» Захарыя Капысьценскага (1621), у «Дыярыюшы» Афанасія Філіповіча (1648). Аднак дакумэнтальных сьведчаньняў афіцыйнай кананізацыі не захавалася, як не захаваліся ні жыціе арх. Лявонція, ні службы яму, ні абраза, хоць гэты апошні відавочна быў створаны[7]. Пазьней склаліся неспрыяльныя акалічнасьці для шанаваньня архімандрыта Лявонція[10] і ўжо к канцу XVII ст., імя архімандрыта было забыта[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Мядзьведзева. Беларуская праваслаўная царква ўшанавала новага сьвятога // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2011. — № 89 (26962). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Звышгодны Лявонці (трапар і кандак) // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква Праверана 26 сьнежня 2014 г.
  3. ^ а б в Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVIII стст. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — С. 14—15. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 ас. — ISBN 978-985-08-1291-9
  4. ^ Святые Западной России  (рас.)
  5. ^ а б в г д е ё СЁНЬНЯ 430 ГАДОЎ ЗЬ ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ АРХІМАНДРЫТА ВІЛЕНСКАГА СЬВЯТА–ДУХАЎСКАГА МАНАСТЫРА – ЗВЫШГОДНАГА ЛЯВОНЦІЯ (КАРПОВІЧА). Беларуская аўтакефалія (9 красавіка 2010). Праверана 11 жніўня 2012 г.
  6. ^ 4 апреля 2011 г. в столичном Доме милосердия прихода Всех Святых г. Минска под председательством Митрополита Минского и Слуцкого, Патриаршего Экзарха всея Беларуси Филарета состоялось заседание Святого Синода Белорусской Православной Церкви  (рас.)
  7. ^ а б в г д е ё ж з і к Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 565—571
  8. ^ Карповіч Лявонцій // Спадчына
  9. ^ а б в Лявонцій Карповіч, архімандрыт Віленскага Свята-Духава манастыра Праверана 11 жніўня 2012 г.
  10. ^ а б в г д е Свят. Сяргей Гардун (03.01.2010) Жыццяпіс Лявонція (Карповіча), Віленскага архімандрыта. churchby.info. Праверана 11 жніўня 2012 г.