Людзі на балоце (раман)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Людзі на балоце»
MelezLNB.jpg
Вокладка кнігі «Людзі на балоце»
выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1991
Жанр: проза
Аўтар: Іван Мележ
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1962
Публікацыя: 1961
Электронная вэрсія

«Людзі на балоце» — раман беларускага пісьменьніка і драматурга Івана Мележа, першы з цыклю эпічных апавяданьняў «Палеская хроніка»[1][2], надрукаваны ў 1962 годзе. Распавядае аб эпосе сацыялістычных пераўтварэньняў у беларускай вёсцы — пра пэрыяд калектывізацыі.

Раман уваходзіць у залаты фонд шэдэўраў сусьветнай прозы ХХ стагодзьдзя. «Людзі на балоце» — нацыянальны эпас, у якім увабраныя найлепшыя рысы беларускага раману[2].

«Людзі на балоце» ў Хойніках.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рамане распавядаецца пра жыхароў глухой вёсачкі Курані, якая знаходзіцца ў глухмені і адрэзаная ад зьнешняга сьвету непраходнымі палескімі балотамі. Іван Мележ амаль з этнаграфічнай дакладнасьцю паказаў быт беларускага насельніцтва, палешукоў, на прыкладзе штодзённага жыцьця куранёўцаў. У рамане паказаны нацыянальныя традыцыі, паданьні, гульні зь песьнямі, калядная варажба і хаджэньне з «казой», і многае іншае[3].

Раман «Людзі на балоце» задумваўся як лірычны твор, і сам аўтар называў яго «лірычным раманам». У рамане глыбока апісаны лёс і драма жыцьця і каханьня галоўных герояў — Васіля Дзятліка і Ганны. Але ж такі лёс ня толькі іх, індывідуальны, але і глыбока народны. Вобразы астатніх герояў паказаны ва ўсёй іх складанасьці, глыбіні і непаўторнасьці, раскрываючы чалавечнасьць у чалавеку[2].

Гісторыя стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раман «Людзі на балоце» зьяўляецца самым значным мастацкім стварэньнем Івана Мележа. Раман перакладзены на шмат якія мовы, а самім раманам Мележ зрабіў вялікі і каштоўны мастацкі ўнёсак у нацыянальную беларускую літаратуру. Працаваць над цыклем «Палеская хроніка» аўтар пачаў у 1956 годзе, але задума напісаць кнігу пра роднае Палесьсе жыла ў яго думках даўно. У 1961 годзе «Людзі на балоце», якія адкрываюць цыкль палескіх раманаў, выйшлі з друку[2].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1962 годзе за раман «Людзі на балоце» Іван Мележ стаў ляўрэатам літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа.

У 1972 годзе за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» аўтар стаў ляўрэатам Ленінскай прэміі[2].

Экранізацыі і тэатральныя пастаноўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1965 годзе рэжысэр Аляксандар Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч зрабілі першую экранізацыю раману на Беларускім тэлебачаньні. Гэта была трохсэрыйная тэлекарціна «Людзі на балоце». Творчы калектыў карціны атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

У 1979 годзе рэжысэр Уладзімер Забэла зрабіў другую спробу экранізацыі. Яна атрымала адзін з прызоў на Ўсесаюзным фэстывалі тэлевізійных спэктакляў.

Віктару Тураву атрымалася зрабіць самую вядомую экранізацыю раману, ёй стала праца «Палеская хроніка», у якую ўвайшлі дзьве дзьвюхсэрыйныя кінастужкі — «Людзі на балоце» (1981 г.; прэм’ера: люты 1982)[4] і «Подых навальніцы» (1983 г.), а таксама аднасэрыйны тэлевізійны фільм «Апейка». У 1985 годзе яны былі аб’яднаныя ў васьмісэрыйную тэлевізійную эпапэю «Людзі на балоце». Гэтая стужка была адзначана шматлікімі прэміямі, уявіўшы сабой унікальную зьяву ў нацыянальным экранным мастацтве.

Апроч экранізацыяў раман быў пастаўлены і на тэатральных падмостках. Спэктакль, пастаўлены Барысам Эрыным у менскім Купалаўскім тэатры у 1960-я гады, стаў культавым[2].

У 2012 годзе Аляксандрам Гарцуевым пастаўлены спэктакль «Людзі на балоце» ў дзьвюх дзеях, прэм’ера якога адбылася 16 сакавіка 2012 году. Ён таксама ідзе на сцэне Купалаўскага тэатра[5] .

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ларыса Цімошык (8 лютага 2011) Людзі на балоце: пасьля Мележа. Настаўнік.info. Праверана 25 лютага 2013 г.
  2. ^ а б в г д е Людзі на балоце(рас.). Мастацкая літаратураПраверана 25 лютага 2013 г.
  3. ^ Людзі на балоце. Two-books. Праверана 25 лютага 2013 г.
  4. ^ Палеская хроніка, частка першая - Людзі на балоце. 2 серыі Праверана 25 лютага 2013 г.
  5. ^ Людзі на балоце. Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі КупалыПраверана 25 лютага 2013 г.