Лядавіка Сфорца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Людавіка іль Мора»)
Партрэт Лядавіка Сфорца аўтарства Джаваньні Амброджа дэ Прэдыс

Лядаві́ка Сфо́рца (па-італьянску: Ludovico Sforza, празваны Ludovico il Moro «Маўр»; 27 ліпеня 1452 — 27 траўня 1508) — герцаг Міляну. Паходзіў зь мілянскай дынастыі Сфорцаў у Італіі. Быў другім сынам Франчэска Сфорца, і быў услаўлёны за патранаж Леанарда да Вінчы ды іншых мастакоў. Празваны «маўрам» за цёмны колер скуры. Некаторыя навукоўцы лічаць, што імя «Маўр» зьявілася з герба, які ён ужываў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лядавіка Сфорца нарадзіўся ў Віджэвана ў цяперашняй Лямбардыі (па-італьянску: Vigevano, Lombardia).

Лядавіка ажаніўся з малодшай дачкой Эколь І д’Эстэ, Бэатрыс д’Эстэ ў студзені 1491 году ў падвойным шлюбе, які злучыў сем’і Сфорца і Эстэ. Лядавіка Сфорца ажаніўся на Бэатрыс д’Эстэ ў той час, калі яе брат, Альфонса д’Эстэ, узяў шлюб зь сястрой Джана Галеацца Сфорца. Шлюбныя ўрачыстасьці былі арганізаваныя Леанардам да Вінчы.

Партрэт Бэатрыс д’Эстэ

Сястра Бэатрыс і Альфонса, Ізабэльля д’Эстэ (1474—1539) выйшла замуж за Франчэска ІІ Ганзага, маркіза Мантуі.

Лядавіка меў шмат пазашлюбных рамантычных сувязяў. Чэчылія Гальлерані была ўлюбёнаю каханкай Лядавіка. Яна нарадзіла ад яго сына, у год яго шлюба з Бэатрыс д’Эстэ. Існуе думка, што яна стала натураю для напісаньня карціны Леанарда да Вінчы «Жанчына з гарнастаем». Гарнастай быў геральдычнаю жывёлаю Лядавіка Маўра.

Па забойстве старэйшага брата Лядавіка, Галеацца, ў 1476 годзе, карона перайшла яго сямігадоваму пляменьніку Джану Галеацца Сфорца. Лядавіка захапіў кантроль над урадам Міляна ў часе яго непаўналецьця, не зважаючы на спробы не дапусьціць яго да ўлады. Калі Джан Галеацца памёр ў 1494 годзе, Лядавіка нарэшце атрымаў герцагскую карону ад нобіляў Міляна ў 22-гі дзень кастрычніка.

У той жа самы год ён адначасова падбіў французаў, на чале з каралём Карлам VІІІ, і імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі Максыміліяна І ўмяшацца ў італьянскую палітыку, спадзяючыся на тое, што ён дасьць сабе рады маніпуляваць абодвума бакамі, такім чынам распачаўшы Італьянскія войны. Пляны ня спраўдзіліся, і знаходзячы сябе ў небясьпечным становішчы, ён далучыўся да лігі, якая супрацьстаяла Карлу VІІІ, выдаўшы сваю пляменьніцу, Блянку, за Максыміліяна І і атрымаўшы імпэратарскую інвэстытуру на герцагства.

Пасьля першапачатковай перамогі над французамі ў бітве пры Форнава ў 1495 (вырабіўшы зброю з 70 тоннаў бронзы, якая мела быць ужыта на статую паводле да Вінчы) Лядавіка быў выгнаны зь Міляна новым каралём Францыі, Людовікам ХІІ ў 1499. У 1500 Людовік ХІІ ўзяў у аблогу горад Навару, якая была новай базай Лядавіка. Абодвы войскі мелі швайцарскіх наймітаў ў сваіх шэрагах. Швайцарцы не хацелі ваяваць супраць адно аднаго і вырашылі пакінуць Навару. Лядавіка быў выданы французам у красавіку 1500 і памёр у палоне, у замку Лёш. Пазьней швайцарцы пакаралі сьмерцю жаўнера Ганса Турмана з Уры, які, як яны сьцьвяржалі, выдаў Лядавіка за грошы.

Зь цягам часу швайцарцы аднавілі сына Лядавіка, Максыміліяна Сфорца, на герцагскім пасадзе. Яго іншы сын, Франчэска ІІ, таксама стаў мілянскім герцагам на непрацяглы час. Джаваньні Паолё, яшчэ адзін сын Людовіка, быў пасьпяховым кандат’ера і першым у сямейным дрэве маркізаў Караваджа.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лядавіка Сфорцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў