Любэ Трэя
| Любэ | |
| Заснаваны | 1990 |
|---|---|
| Чэмпіянат | Сэрыя А |
| Спасылкі | |
| Афіцыйная бачына | |
Кучы́нэ-Лю́бэ (па-італьянску: Cucine Lube) — італьянскі валейбольны клюб з Трэі. Быў заснаваны ў 1990 годзе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валейбольны клюб «Любэ» быў заснаваны ў 1990 годзе ў Трэі[1], аднак неўзабаве па стварэньні клюб павязаў сваю дзейнасьць з горадам Мачэрата. Каманда пачынала з найніжэйшых ліг, але цягам трох гадоў, а менавіта ў 1993—1994 гадоў, дасягнуў Сэрыі А2. У другім сэзоне другога дывізіёну каманда заняла трэцяе месца, але праз тое, што некалькі клюбаў адмовіліся ад павышэньня, менавіта «Любэ» атрымала месца ў Сэрыі А1, дэбютаваўшы ў элітным дывізіёне ў сэзоне 1995—1996 гадоў[1].

У сэзоне 1996—1997 гадоў чацьвертае месца ў рэгулярным сэзоне і выхад у чвэрцьфінал плэй-оф дазволілі камандзе запачаткаваць выступы ў эўрапейскіх спаборніцтвах, а менавіта ў Кубку ЭКВ 1997—1998 гадоў. У 2001 годзе каманда здабыла Кубак Італіі і Кубак ЭКВ. А праз год «Любэ» стала пераможцам Лігі чэмпіёнаў, выгуляўшы ў фінале грэцкі «Алімпіякос»[1]. Тым ня менш, у італьянскім чэмпіянаце, не зважаючы на перамогу ў рэгулярным сэзоне, каманда завяршыла свой шлях у чвэрцьфінале плэй-оф. У сэзоне 2002—2003 гадоў валейбалісты ў другі раз сталі ўладальнікамі Кубка Італіі. У сэзоне 2005—2006 гадоў каманда ўжо ня толькі была першай цягам рэгулярнага сэзону, але і стала пераможцам Сэрыі А, выгуляўшы клюб «Сыслэй» у фінальнай сэрыі[1]. Наступны сэзон пачаўся зь перамогі ў Супэркубку Італіі, але астатняя частка году была расчаравальнай, бо каманда фінішавала толькі на дзясятым месцы. Далейшыя гады былі адзначаныя шэрагам перамог як у Італіі, гэтак і на міжнароднай арэне. У 2014 годзе кіраўніцтва клюбу пакінула Мачэрату і пераехала ў Трэю. У сэзоне 2014—2015 гадоў клюб у чацьверты раз выйграў Супэркубак Італіі, у з сэзону 2015—2016 гадоў пачаў гуляць на пляцоўцы ў Чывітанова-Марке. У сэзоне 2016—2017 гадоў ён у пяты раз узяў Кубак Італіі і чацьверты раз сьвяткаваў перамогу ў айчынным першынстве.
У сэзоне 2017—2018 гадоў «Любэ» ўпершыню браў удзел у клюбным чэмпіянаце сьвету, саступіўшы ў фінале расейскаму «Зэніту»[2]. Рэванш у расейцаў быў узяты ў фінале Лігі чэмпіёнаў 2018–2019 гадоў. Адразу італьянцы сталі пераможцамі клюбнага чэмпіянату сьвету, а ў наступным сэзоне зноў выйгралі нацыянальны кубак і чэмпіянат.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г «La storia dell'AS Volley Lube». Lube Volley.
- ^ «Mondiale per Club: Kazan campione di tutto. 3-0 alla Lube». Volleyball.it.
