Летувіская Рэспубліка (1918—1940)
Колішняя дзяржава Летувіская Рэспубліка (1918—1940) па-летувіску: Lietuvos Respublika | |||||
| |||||
![]() | |||||
16 лютага 1918 — 21 ліпеня 1940 | |||||
---|---|---|---|---|---|
Сталіца | Вільня і Коўна | ||||
Супольныя граніцы | СССР | ||||
Форма ўраду | парлямэнцкая рэспубліка | ||||
Валюта | летувіскі літ | ||||
|
Летувіская Рэспубліка (лет. Lietuvos Respublika) — першая летувіская нацыянальная дзяржава, якая існавала паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі; этап гісторыі летувіскай дзяржаўнасьці, які абыймае час з 1918 да 1940 году.
Пачаткам дзяржаўнасьці стала абвяшчэньне незалежнасьці і пераўтварэньне Каралеўства Летувы ў рэспубліку (2 лістапада 1918 году), заканчэньнем — акупацыя савецкімі войскамі (15 чэрвеня 1940 году) і анэксія Савецкім Саюзам (3 жніўня 1940 году).
Землі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міжваенная Летувіская Рэспубліка некалькі разоў зьмяняла абрысы сваёй тэрыторыі. З улікам далучэньня Сярэдняй Літвы, ня якую прэтэндавалі летувісы, да Польшчы ў 1922 годзе плошча дзяржавы склала 52 822 км². У выніку ўлучэньня ў 1923 годзе Клайпедзкага краю плошчай 2 848 км² краіны павялічылася да 55 670 км². Страта ў сакавіку 1939 году Клайпеды зь яе далучэньнем да Трэцяга Райху былі хутка кампэнсаваныя перадачай Летуве ў канцы таго ж году Віленскага краю (частка Заходняй Беларусі), які адышоў пад кантроль СССР ад падзеленай згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа Польшчы. Гэтыя акцыі павялічылі землі дзяржавы на 6 880 км². Гэта азначала, што Летува абыймала тэрыторыю ў 59 702 км².
Працягласьць межаў з асобнымі краінамі да сакавіка 1939 году складала:
- Латвія — 570 км
- Польшча — 525 км (каля 41 км мяжы праходзіла Нёманам)
- Нямеччына (Усходняя Прусія) — 272 км (больш за 113 км мяжы праходзіла Нёманам)
- Балтыйскае мора — 90 км (зь іх 60 км — Курская пярэспа)
Разам: 1457 км.
Працягласьць межаў з асобнымі краінамі на канец 1939 году:
- Латвія — 570 км
- СССР — 370 км
- Трэці Райх — 362 км
- Балтыйскае мора — 18,5 км
Разам: 1 320,5 км.
Адміністрацыйна Летува падзялялася на 20 паветаў. Клайпедзкі край, утвораны ў 1923 годзе, дадаў яшчэ 3 паветы.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы ўсеагульны перапіс насельніцтва ў Летуве адбыўся 17 верасьня 1923 году. Паводле перапісу ў тагачаснай Летуве мешкала 2 мільёны 29 тысячаў жыхароў, у тым ліку: летувісы — 1 701 900 (83,9% ад агульнай колькасці насельніцтва), габрэі — 153 700 (7,6%), палякі — 65 600 (3,2%), расейцы — 50 500 (2,5%), немцы — 29 200 (1,4%), латышы — 14300 (0,7%) і іншых нацыянальнасьцяў — 13800 (0,7%). Пададзеныя зьвесткі ня цалкам адпавядалі праўдзе, што прызналі нават афіцыйныя ўлады. Паводле вайсковых сьпісаў з 1930-х гадоў летувісы складалі 80,6%, габрэі — 7,1%, немцы — 4,1%, палякі — 3%, расейцы — 2,3%, іншыя — 2,9%. Цікава, што беларусы ў асобную нацыянальную групу перапісам не выдзяляліся.
Рэлігійны падзел у Летуве ў сярэдзіне 1930-х гадоў:
- каталікі — 80,5%
- пратэстанты — 9,5%
- юдэі — 7,3%
- стараверы — 1,5%
- праваслаўныя — 1%
- іншыя — 0,2%
Найбуйнейшыя гарады і іх насельніцтва (1937 год):
- Коўна (фактычная сталіца) — 106 800 жыхароў
- Клайпеда — 38 500 жыхароў
- Шаўлі — 24 700 жыхароў
- Панявеж — 21 400 жыхароў
- Вількамір — 11 800 жыхароў
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Занятасьць:
- сельская гаспадарка — 77%
- прамысловасьць (у шырокім разуменьні) — 7,5%
- гандаль — 2,5%
- іншыя галіны — 13%
Структура землекарыстаньня:
- ворыва — 49,1%
- лугі і пашы — 20,5%
- лясы — 18,9%
- сады — 0,7%
- іншыя — 2,4%
- пустка — 8,4%
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У міжваенны час усімі пытаньнямі транспарту (дарожным, чыгуначным, рачным, марскім і паветраным) кіравала Міністэрства шляхоў зносінаў Летувіскае Рэспублікі.
У Летувіскай дзяржаве дарогі былі пераважна грунтавыя. У 1929 годзе працягласьць дарог складала 1 701 км, што давала паказьнік на ўзроўні 3,1 км на 100 км² тэрыторыі краіны. У канцы 1920-х гадоў быў распрацаваны вялізны плян зьмены гэтага становішча. Плянавалася пабудаваць 3 000 км новых дарог, выдзяляючы на гэта 3—4 мільёны літаў у год. Брак сродкаў і часу прывялі да правалу гэтых плянаў. Аднак варта адзначыць, што ў гэтай галіне быў пэўны прагрэс. У 1939 годзе Летува мела 44 470 км дарог, у тым ліку 1 881 км шашэйных, 12 700 км дарог зь цьвёрдым пакрыцьцём і 30 000 км грунтавых.
Толькі ў 1930-я гады ў Летуве зьявіўся аўтобусны рух. У 1932 годзе было 362 аўтобусы 55 марак і тыпаў. У 1934 годзе агульная працягласьць аўтобусных маршрутаў складала 5 399 км.
Аўтамабільны рух быў у зачаткавым стане. У 1932 годзе ў Летуве было зарэгістравана 1 271 легкавы аўтамабіль, 431 грузавік і 1 208 матацыклаў (без ваеннай тэхнікі). Да 1939 году гэта колькасьць павялічылася да 4 492 (легкавыя і грузавыя аўтамабілі), 1 328 матацыклаў і 432 трактары. Гэтыя машыны маглі забясьпечвацца палівам на 170 АЗС і 54 нафтабазах.
На момант стварэньня дзяржавы чыгуначная сетка ў Летуве была невялікай і нязручнай. У 1924 годзе ў Летуве працягласьць чыгуначных лініяў стандартнай (эўрапейскай) каляіны складала 1 138 км, зь якіх двухкалейнымі былі толькі Вярбілава — Коўна — Шаўлі (244 км) і Коўна — Эўс (63 км).
Дзякуючы праведзенай рабоце даўжыня лініяў павольна павялічвалася. Так, у 1932 годзе агульная працягласьць чыгуначных лініяў стандартнай каляіны павялічылася да 1 189 км, а працягласьць двухкалейных скарацілася да 229,5 км. У канцы 1930-х гадоў у Летуве было 1 838 км стандартнай эўрапейскай каляіны. Хоць і павольны, але рост чыгуначных лініяў суправаджаўся зьніжэньнем колькасьці рухомага складу.
У канцы 1930-х гадоў на Летувіская дзяржаўнай чыгунцы працавала 6 500 чалавек.
Да прыведзеных зьвестак варта дадаць яшчэ і факт існаваньня вузкакалейкі, якая дасталася Летуве ў спадчыну ад Расейскай Імпэрыі. У 1924 годзе агульная працягласьць такіх лініяў складала 614 км, зь іх 583 км былі ў эксплюатацыі. У наступныя гады іх працягласьць скарацілася да 507 км (422 км у эксплюатацыі), потым сытуацыя палепшылася і ў 1937 годзе даўжыня гэтых лініяў павялічылася да 599 км.