Перайсьці да зьместу

Лапата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лапата — прылада, з дапамогай якой саджалі цеста ў печ і даставалі хлеб зь печы, падграбалі на таку й перамешвалі збожжа, падграбалі й раўнялі бульбу ў буртах, для апрацоўкі агародных градак.

Хлебная лапата мела звычайна прамавугольную або круглаватую плоскасьць даўжынёй 35—50 і шырынёй 25—30 см і доўгае (110— 135 см) дзяржаньне дыямэтрам 3,3—3,5 см. Рабілі яе з дошкі звычайна лісьцевых парод дрэваў. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату кляновым ці дубовым лісьцем, аерам і пасыпала зьверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Лапата для перамешваньня збожжа мела неглыбокае авальнае выдзеўбанае дно. Вышыня лапаты зь дзяржаньнем 155 — 160 см (даўжыня рабочай часткі — да 65 см, шырыня 25 см). Вышыня лапаты для падграбаньня бульбы 100—103 см, шырыня 20—22 см, дыямэтар дзяржаньня 3,2—3,5 см.[1]

« …коли змелетъ спечетъ то у печи испечетсѧ, а з лопаты Ꙋ печъ не зложит с печи ажъ ωполоником выберет… »

[2]

Лапата акаваная жалезам для апрацоўкі агародных градак называлася «Рыдзель»[3], а мэталічная лапата для капаньня — «Рыдлёўка»[4].

  1. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш.. — Менск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1989. — С. 285. — 578 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9
  2. Гістарычны слоўнік Беларускай мовы / пад рэдакцыяй А. М. Булыкі. — Менск: Беларуская навука, 1998. — Т. 17. Лесничий—Местский. — С. 118. — 365 с. — ISBN 985-08-0219-7
  3. Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік / склад. В. Д. Астрэйка. — Мінск: Беларуская навука, 2010. — С. 75—77, 80. — 526 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-08-1230-8
  4. Слоўнік сельска-гаспадарчае тэрміналёгіі. — Менск: Інстытут беларускай культуры, 1928. — С. 19, 25, 70 (№№ 418, 678). — 76 с. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія. Выпуск дзевятнаццаты). — 1000 ас.

Лапатасховішча мультымэдыйных матэрыялаў