Львоўскі аўтобусны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ЛАЗ»)
Львоўскі аўтобусны завод
Лягатып ЛАЗу
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1945
Краіна
Разьмяшчэньне Львоў, вуліца Стрыйская, 45
Закрытая кастрычнік 2014
Ключавыя фігуры Ігар Чуркін
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя аўтобусы, тралейбусы
Матчына кампанія City Transport Group

Льво́ўскі аўто́бусны заво́д (па-ўкраінску: Львівський автобусний завод, ЛАЗ) — украінскае аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства па выпуску аўтобусаў і тралейбусаў, найбольшае ва Ўкраіне і адно з найвядомейшых у Савецкім Саюзе.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Днём заснаваньня заводу лічыцца 21 траўня 1945 року, калі пачалося будаўніцтва аўтазборачнага цэху. У 1947 року завод даў першую прадукцыю, а з 1949 року[1] выпускаў аднавосныя прычэпы, кузавы-прычэпы, каўшы для экскаватараў, аўтамабільныя краны.

Аўтобус ЛАЗ 695Н у Менску

У лютым 1956 року быў пабудаваны першы аўтобус, названы ЛАЗ 695[1] — дзьвюхвосевы, з зварным кузавам 9-мэтровы автобус з рухавіком ЗІЛ-124 і дэталямі ад вядомага тады ЛіАЗ 158 (ЗіЛ 158). Выпуск ЛАЗ 695 з рознымі мадыфікацыямі (ЛАЗ 695Б, ЛАЗ 695Е, ЛАЗ 695Ж ды інш.) працягвалася 46 гадоў, да 2002 року, сканчаючы ЛАЗ 695Д11 і ЛАЗ 695Н. Паводле працягласьці выпуску мадэль абышла вугорскія «Ікарусы» Ikarus 250 (28 гадоў), Ikarus 280 (27 гадоў); нямецкія Neoplan Cityliner (у выпуску з 1971 року), Neoplan (з 1967 року).

У 1961 року сабраныя першыя мадэлі турыстычных аўтобусаў «Украіна-1» і «Украіна-2».

На пачатку 1960-х рокаў пачалося хуткае разьвіцьцё тралейбусных сыстэмаў і паўстала неабходнасьць у павелічэньні рухомага складу. У 1962 року на базе ЛАЗ 695Б у Баку выпушчаны тралейбус[1] БТЛ-62. Такія тралейбусы, якія пасьля зьбіралі ў Львове, атрымалі індэкс ЛАЗ 695Т, у Кіеве — «Кіеў-5ЛА»[1], а ў Адэсе — ОдАЗ 695Т.

У 1960-х роках пачаўся выпуск турыстычнага аўтобусу ЛАЗ-697Е з рэгуляванымі крэсламі, лядоўняй і максымальнай хуткасьцю 75 км/г.

У 1968 року выпушчаны 50-тысячны аўтобус, у 1974—100-тысячны, у 1981—200-тысячны. У 1985 выпушчаны першы міжмескі аўтобус ЛАЗ 4207. За 1988 рок ЛАЗ выпусьціў найбольшую колькасьць аўтобусаў за ўсю гісторыю прадпрыемства — 14 646 адзінак[2].

Тралейбус ЛАЗ 52522 у Львове

Пасьля распаду СССР паўстала патрэба ў аўтобусах вялікага клясу накшталт Ikarus 260, і завод хутка наладзіў выпуск мескага аўтобусу ЛАЗ 5252. У 1992 року на базе ЛАЗ 52523 створаны першы львоўскі тралейбус[3] пасьля ЛАЗ 695Т. Тралейбусы мелі шэраг сур’ёзных недахопаў і ў 1998 року былі зьнятыя з вытворчасьці, ня вытрымаўшы канкурэнцыі зь ЮМЗ-Т2.

У 1994 року створанае ААТ «Львоўскі аўтобусны завод», кантрольны пакет акцый якога належаў дзяржаве. З 2001 року завод набыў статус прыватнага прадпрыемства з калектыўнай формай уласнасьці. У 2007 року ЛАЗ увайшоў у склад холдынгу «Сіці Транспарт Груп» разам з Дняпроўскім аўтобусным і Мікалаеўскім машынабудаўнічым заводамі[4]. Аднак аб’ёмы вытворчасьці ў 2000-х роках ўпалі да некалькіх соцень адзінак.

У 2003 року сышоў з канвэеру паўтарапавярховы турыстычны ЛАЗ-5208 — першы аўтобус лінейкі мадэляў «НэаЛАЗ»[5].

Завод выйграў тэндэр на вытворчасьць грамадзкага транспарту для местаў правядзеньня Эўра-2012, аднак ня здолеў выканаць кантракт (так, Данецк у дамоўлены тэрмін атрымаў толькі 9 з 30 замоўленых аўтобусаў[6], Львоў — 33 з 133в[7]). Па сканчэньні чэмпіянату працаўнікі сталі наракаць на скарачэньне штату, затрымкі заробку і распродаж маёмасьці прадпрыемства. У 2013 року абсталяваньне было вывезенае на Дняпроўскі аўтобусны завод (Днепрадзяржынск). Уласьнік абодвух прадпрыемстваў расейскі палітык Ігар Чуркін паведаміў, што аўтобусы ЛАЗ будуць вырабляцца там, а ў Львове застанецца вытворчасьць тралейбусаў і турыстычных аўтобусаў[8].

У 2014 року маёмасьць заводу-даўжніка была арыштаваная[9] і выстаўленая на аўкцыён. Вытворчасьць у Львове і Каменскім спынілася.

У 2018 року завод аднавіў вытворчасьць аўтобусаў мадэляў А183 і А191[10].

Мадэльны шэраг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтобусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тралейбусы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Історія ЛАЗ 695
  2. ^ Айбусинов, Сырлыбай (5 ліпеня 2013) Герои промпроизводства. История самых крупных предприятий Львова (рас.). Форбс Украіна.
  3. ^ Історія на сайті ЛАЗ(недаступная спасылка)
  4. ^ ЛАЗ не смог возобновить работу // «AUTO-Consulting.UA» от 26 января 2009
  5. ^ «Жизнь» украинскому автобусу // газета «Сегодня» № 191 (1536) от 27 августа 2003
  6. ^ Донецк подал в суд на Львов за евроавтобусы // «Сегодня. UA» от 20 июля 2012
  7. ^ ЛАЗ виготовив до Євро-2012 транспорту на понад 1 млрд грн // ZAXID.NET от 30 января 2012
  8. ^ ЛАЗ перебирається в Дніпродзержинськ (28.03.2013)
  9. ^ Арештовані будівлі ЛАЗу виставили на повторний аукціон
  10. ^ Христофоров, Владислав (9 чэрвеня 2018) Львівський автобусний завод (ЛАЗ) відновив виробництво та продаж автобусів (укр.). Національний промисловий портал. Праверана 19 кастрычніка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]