Кіпрыян Жахоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кіпрыян Жахоўскі
Кіпрыян Жахоўскі. Невядомы мастак, 1680
Кіпрыян Жахоўскі. Невядомы мастак, 1680

Герб «Бродзіч»
VII мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1674 — 1693
ПапярэднікГаўрыла Календа
НаступнікЛеў Шлюбіч-Заленскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1635
Памёр 1693(1693)
Пахаваны
Род Жахоўскія
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Кіпрыян Жахоўскі[а 1] (каля 1635, Полацкае ваяводзтва — 1693) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі і мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1674). Доктар тэалёгіі.

Кіпрыян Жахоўскі — таленавіты прапаведнік, які вывеў Уніяцкую Царкву з заняпаду, выкліканага войнамі 1648—1667 рокаў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Жахоўскіх гербу «Бродзіч». Ад нараджэньня быў рыма-каталіком, у юнацтве ўступіў у ордэн базылянаў Сьв. Язафата.

Навучаўся ў Грэцкім калегіюме ў Рыме (1658—1653). 29 красавіка 1663 адбылося ягонае пасьвячэньне ў сьвятары. У 1663—1665 жыў у Рыме, служыў у царкве Сяргея і Вакха і дапамагаў біскупу холмскаму Якубу Сушы ў справах зацьверджаньня мітрапалітам Гаўрылы Календы і кананізацыі Язафата Кунцэвіча.

Па вяртаньні ў Рэч Паспалітую быў архімандрытам Дзерманскага і Дубенскага манастыроў на Валыні. З 1667 аўдытар пры мітрапаліце Гаўрылу Календзе, з 1668 архімандрыт Ляшчынскага манастыра. Паказаў сябе як добры адміністратар: вярнуў захопленыя шляхтай манастырскія землі, аднавіў цэрквы і манастыры. Схіліў да пераходу ў Унію Перамышальскую, Львоўскую і Луцкую япархіі.

Партрэты Кіпрыяна Жахоўскага
А. Тарасевіч, каля 1683
Невядомы мастак

Па 1670 мітрапаліт пасьвяціў яго на біскупа віцебскага і амсьціслаўскага і прасіў у Рыме зацьверджаньня яго сваім каад’ютарам з правам далейшага атрыманьня пасады мітрапаліта, чаму аднак запярэчылі біскупы пінскі і ўладзімерскі ў зьвязку з маладосьцю К. Жахоўскага. У 1673 Сьвяты Пасад у Рыме зацьвердзіў мітрапалітаву намінацыю.

Разам зь біскупам Якубам Сушам склікаў ў Любліне калёквіюм (1680) з мэтай прымірэньня праваслаўных і ўніятаў, але з прычыны перашкодаў з боку нунцыя і караля, а таксама адмовы праваслаўных ад удзелу дыспут не адбыўся.

Супрацьдзейнічаў пераходу вернікаў-уніятаў у лацінскі абрад. Заснаваў пры Сафійскім саборы ў Полацку брацтва. Выступіў супраць лацінізацыі ўсходняга абраду, якая адбывалася ў зьвязку з уступленьнем у базылянскія манастыры палянізаванай шляхты. У адказ на ягонае супольнае зь біскупам хадайніцтва Рым забараніў лацінізацыю абрадаў. Дамогся ў караля і вялікага князя Яна Сабескага пацьверджаньня ўсіх правоў і прывілеяў Уніяцкай Царквы.

Клапаціўся пра паляпшэньне адукаванасьці духавенства і разьвіцьцё сеткі ўніяцкіх школаў. Аднавіў сэмінарыю ў Менску, заснаваную мітрапалітам Язэпам Руцкім. Ахвяраваў сродкі на рамонт бажніцаў у Вільні, Наваградку, Полацку[1].

Пры мітрапаліце Кіпрыяне Жахоўскім пашырыўся культ Язафата Кунцэвіча, галоўны дзень памяці якога ў Рэчы Паспалітай пасьля ўратаваньня яго мошчаў падчас вайны з Масковіяй перанесьлі з 12 лістапада на 16 верасьня.

Выдавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Тэза Глінды Лібэрыюша». А. Тарасевіч, 1683

У пачатку 1690-х заснаваў Супрасьльскую друкарню[2] і такім чынам з аднаго боку спыніў наплыў літургічных кнігаў з Масквы, а зь іншага — гальмаваў працэс лацінізацыі.

Выдаў уніяцкія Літургікон (Вільня, 1692) і «Служэбнік» (Вільня, 1692; Супрасьль, 1695), выкарыстаньне якіх мусіла прывесьці да аднастайнасьці літургічнай практыкі Ўніяцкай Царквы.

З Кіпрыянам Жахоўскім меў зьвязкі славуты беларускі гравёр 2-й пал. XVII ст. Аляксандар Тарасевіч, які адлюстраваў вобраз арцыбіскупа полацкага ў цэнтры гравюры «Тэза Глінды Лібэрыюша» (1683).

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар казаньняў, прысьвечаных Я. Кунцэвічу. Апроч таго, напісаў навуковую працу «Люблінскі калёквіюм» (Замосьце, 1680).

Рукапісная кніга казаньняў пад назвай «Kazania okazjonalne» прысутнічае на партрэце К. Жахоўскага ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі[3] (у картцы да артыкула).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншая форма імя: Цыпрыян Жахоўскі

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Казуля. Жахоўскі Кіпрыян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 626.
  2. ^ Сяргей Казуля. Жахоўскі Цыпрыян // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 367.
  3. ^ Аляксей Хадыка. Святы Язафат Кунцевіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // «Наша Вера» № 2 (36), 2006.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]