Перайсьці да зьместу

Кім Бутэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кім Бутэн
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзілася16 сьнежня 1994(1994-12-16) (31 год)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяшорт-трэкістка, канькабежка

Кім Бутэ́н (па-француску: Kim Boutin; нар. 16 сьнежня 1994 году) — канадзкая шорт-трэкістка. Мэдалістка зімовых Алімпійскіх гульняў ды шматразовая чэмпіёнка сьвету.

У 2014 годзе дэбютавала на этапе Кубка сьвету ў Солт-Лэйк-Сіці, дзе заняла 3-е месца ў эстафэтнай гонцы. З таго ж часу пачала трапляць на подыюм. У 2018 годзе канадка ўпершыню ўзяла ўдзел на зімовых Алімпійскіх гульнях[1][2]. У асабістых спаборніцтвах яна спачатку заняла 4-ы радок у жаночым забегу на 500 мэтраў, але пасьля дыскваліфікацыі судзьдзём паўднёвакарэянкі Чэ Мін Чжон, якая фінішавала другой на фатафінішы, Бутэн была прысуджаная бронза. Таксама на тых гульнях узяла бронзу на дыстанцыі ў 1500 мэтраў і срэбра на 1000 мэтраў. Дзякуючы тром індывідуальным мэдалям, якія Бутэн заваявала ўпершыню сярод канадзкіх шорт-трэкістак, яна была прызначаная сьцяганосцам Канады на цырымонію закрыцьця[3]. Праз год спартоўка на чэмпіянаце сьвету ўзяла некалькі мэдалёў, стаўшы трэцяй у агульным заліку. 3 лістапада 2019 году ўсталявала новы сусьветны рэкорд у жаночым забегу на 500 мэтраў, калі ёй спатрэбілася 41,936 сэкундаў на пераадоленьне дыстанцыі[4]. Праз траўму калена прапусьціла чэмпіянат чатырох кантынэнтаў 2020 году ў Манрэалі ды чэмпіянат сьвету 2021 году ў Дордрэхце.

На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году здабыла толькі бронзавы мэдаль на дыстанцыі 500 мэтраў, але празь некалькі месяцаў у красавіку ўзяла срэбныя мэдалі ў індывідуальных забегах на 500, 1000 і 1500 мэтраў і ў эстафэце на 3000 мэтраў, у выніку чаго стала другой у агульным заліку сусьветнага першынства. У сэзоне 2022—2023 гадоў Бутэн атрымала перамогу на двух этапах Кубка сьвету ў забегах на 500 мэтраў у Алматы і Манрэалі ды была другой у Дордрэхце, што ў выніку дало ёй трэці радок агульнага заліку Кубка сьвету на дыстанцыі 500 мэтраў. На чэмпіянаце сьвету 2024 году ў Ратэрдаме ўпершыню стала чэмпіёнкай на дыстанцыі 500 мэтраў. Праз год у Пэкіне зноў разжылася двума залатымі мэдалямі ў эстафэтных дысцыплінах.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]