Кубак сьвету ФІФА (прыз)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кубак сьвету (па-ангельску: The World Cup, па-француску: Coupe du Monde) — галоўны прыз, які ўручаецца пераможцам чэмпіянатаў сьвету па футболе, якія праводзяцца пад эгідай ФІФА. З 1930 году, калі адбыўся першы чэмпіянат, перамогу ў турніры ўвасаблялі два трафэі: Прыз Жуля Рымэ з 1930 па 1970 год, і Кубак сьвету ФІФА з 1974 году па сёньняшні дзень.

Прыз Жуля Рымэ, першапачаткова насіў назву «Перамога» (па-ангельску: Victory), але пазьней пераназваны ў гонар былога прэзыдэнта ФІФА Жуля Рымэ, быў выраблены з пазалочанага срэбра 925-й пробы і лазурыта і адлюстроўваў Ніку, старажытнагрэцкую багіню перамогі. Прыз таксама вядомы пад назвай «Залатая багіня». У 1970 годзе зборная Бразыліі ў трэці раз стала чэмпіёнам сьвету і прыз перайшоў да яе навечна. У 1983 годзе Прыз Жуля Рымэ быў выкрадзены і ніколі больш не ўзнаўляўся.

На замену прыйшоў Кубак сьвету ФІФА, які ўпершыню выкарыстоўваўся на чэмпіянаце сьвету 1974 году. Выраблены з золата 18 карат на малахітавай падставе, на прызе намаляваныя дзьве чалавечыя постаці, якія падпіраюць Зямлю. Дзейсным уладальнікам трафэя зьяўляецца нацыянальная зборная Гішпаніі, якая атрымала перамогу на чэмпіянаце сьвету ў 2010 годзе.

Прыз Жуля Рымэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова прыз, які ўручаўся за перамогу на першых чэмпіянатах сьвету па футболе, насіў назву «Перамога» (па-ангельску: Victory), але ў асноўным быў вядомы як проста «Кубак сьвету» (па-ангельску: World Cup, па-француску: Coupe du Monde). У 1946 годзе ён быў афіцыйна пераназваны ў гонар прэзыдэнта ФІФА Жуля Рымэ, які ў 1929 годзе стаў ініцыятарам правядзеньня сусьветнага футбольнага турніру. Прыз быў выкананы па эскізе францускага скульптара Абэля Ляфлёра і быў выраблены з пазалочанага срэбра 925-й пробы з падставай з лазурыта, быў вышынёй у 35 см і вагай у 3,8 кг[1]. Ён уяўляў сабой васьмівугольную чару, падтрымоўваную крылатай постацьцю, Нікай — старажытнагрэцкая багіня перамогі. Прыз быў адпраўлены ва Ўругвай на першы ў гісторыі чэмпіянат сьвету па футболе на борце акіянскага лайнэра «Контэ Вердэ», які адправіўся з порта Вільфранш-сюр-Мэр, да поўдня ад Ніццы, 21 чэрвеня 1930 году. Гэта было тое ж судна, на якім адправіліся для ўдзелу ў турніры зборныя каманды Францыі, Румыніі й Бэльгіі, а таксама сам Жуль Рымэ. Першай камандай, узнагароджанай трафэем стала зборная Ўругваю, якая перамагла на чэмпіянаце сьвету 1930 году.

Да пачатку Другой сусьветнай вайны прыз знаходзіўся на захоўваньні ў чэмпіёнаў 1938 году — зборнай Італіі. Отарына Барасьсі, віцэ-прэзыдэнт ФІФА ад Італіі і прэзыдэнт Італьянскай фэдэрацыі футболу, таемна вывез залатую статуэтку з сховішча ў рымскім банку і схаваў яе ў скрынцы з-пад абутку пад сваім уласным ложкам, каб прадухіліць трапленьне ганаровага трафэя ў рукі нацыстаў[2].

20 сакавіка 1966 году, за чатыры месяцы да чэмпіянату сьвету 1966 году ў Ангельшчыне, прыз быў выкрадзены падчас яго публічнай дэманстрацыі ў лёнданскай выстаўнай зале Westminster Central Hall. Праз сем дзён статуэтка была знойдзеная загорнутай у газэту, пад зэдлем у прыгарадным парку на поўдні Лёндану сабакам па мянушцы Піклз[3].

У якасьці меры засьцярогі Асацыяцыя футболу Ангельшчыны таемна вырабіла дакладную копію прыза для выкарыстаньня яго пры пасьляматчавым узнагароджаньні камандаў. Гэтая копія працягвала выкарыстоўвацца да 1970 году і пасьля была прададзеная на аўкцыёне за суму ў 254 500 фунтаў стэрлінгаў, калі ў 1997 годзе ФІФА вырашыла выставіць яе на продаж. Вялікі стартавы кошт прыза, а таксама заяўлены найнізкі аўкцыённы кошт продажу, усталяваны на ўзроўні 20 000 — 30 000 фунтаў, спарадзілі слых, што выстаўлены на гандаль трафэй нібы зьяўляецца на самай справе ня копіяй, а арыгіналам[4]. Пасьля завяршэньня аўкцыёну ФІФА падрыхтавала копію прыза для экспазыцыі ў ангельскім Нацыянальным музэі футбола ў Прэстане.

У 1970 годзе зборная Бразыліі стала чэмпіёнам сьвету ў трэці раз, што дазволіла ёй забраць сабе ў вечнае валоданьне і сам трафэй, як і было абумоўлена пры ўстанове прыза Жулем Рымэ ў 1930 годзе[5]. Аднак залатая статуэтка была зноў выкрадзеная 19 сьнежня 1983 году, калі яна была выстаўленая на ўсеагульны агляд у штаб-кватэры Бразыльскай футбольнай канфэдэрацыі ў Рыё-дэ-Жанэйра. Трафэй выкралі з адмыслова вырабленай сталёвай шафы з асаблівым бокам з куленепрабівальнага шкла. Шкло было апраўлена драўлянай рэйкай таўшчынёй у 2 сантымэтры[6], чым і скарысталіся выкрадальнікі, выламаўшы яе з дапамогай невялікага лому[7]. Кубак ніколі так і ня быў вернуты, што наводзіць на думку аб тым, што ён мог быць пераплаўлены. У рэшце рэшт чацьвёра чалавек былі завочна прызнаныя вінаватымі ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства. Бразыльская канфэдэрацыя замовіла для сябе новую копію, вырабленую кампаніяй Eastman Kodak з выкарыстаньнем 1,8 кг золата. Гэтая копія ўпершыню была прадстаўленая прэзыдэнтам Бразыліі ў 1984 годзе[8].

Кубак сьвету ФІФА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыйшэлы на замену старому прыз быў упершыню ўручаны на чэмпіянаце сьвету 1974 году капітану зборнай Нямеччыны Францу Бэкэнбаўэру. Прыз быў выкананы па эскізе італьянскага скульптара Сыльвіё Гадзаніга(en) кампаніяй Bertoni. Вышыня складае 36,5 см, кубак быў зроблены з 18-каратнага чыстага золата вагай 5 кг, падстава дыямэтрам 13 см утрымоўвае два пласты малахіта. Прыз важыць 6,175 кг. Кампазыцыя адлюстроўвае дзвье чалавечыя постаці, якія падтрымліваюць на паднятых руках зямны шар.

У падставе прыза разьмешчаны надпіс FIFA World Cup, складзеная з адлітых у золаце літар. Назвы краін, чые зборныя перамагаюць на чэмпіянаце сьвету, гравіруюцца ў ніжняй частцы трафэя, і не прыкметныя, калі прыз пастаўлены на сваю падставу. Тэкст гравіроўкі ўключае ў сябе запісаны лічбам год, а таксама назву краіны на ангельскай мове (напрыклад: 1978 Argentina). Да 2006 году на кубку знаходзяцца назвы дзевяці краін — яго ўладальніц. Невядома, ці будзе ФІФА спыняць выкарыстаньне гэтага кубка пасьля таго, як уся прастора для запісаў будзе запоўнена, аднак, пры цяперашняй пэрыядычнасьці правядзеньня турніраў, гэтага адбудзецца не раней за чэмпіянат сьвету 2038 году.

Паводле існых правіл ФІФА, гэты прыз, у адрозьненьне ад папярэдніка, ня можа быць перададзены каму-небудзь навечна. Кожнае пераможца турніру атрымлівае яго пазалочаную копію.[9]

Незадоўга да пачатку чэмпіянату сьвету 2006 году ў Нямеччыне, прыз быў на кароткі час вернуты ў Італію для рэстаўрацыі перад уручэньнем наступнаму пераможцу. 14 ліпеня 2006 году стала вядома, што Кубак сьвету быў пашкоджаны ўсяго толькі празь некалькі дзён пасьля ўручэньня яго новым уладальнікам — зборнай Італіі. Фабіё Канавара, капітан італьянцаў, быў сфатаграфаваны калі трымаў аскепак зялёнага малахіта, адламанага ад падставы кубка. Неўзабаве аскепак быў зноў прылеплены на ранейшае месца.[10]

Уладальнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыз Жуля Рымэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кубак сьвету ФІФА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усяго[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіна Кубак Жуля Рымэ Кубак сьвету ФІФА Усяго
Сьцяг Бразыліі Бразылія 3 2 5
Сьцяг Італіі Італія 2 2 4
Сьцяг Нямеччыны Нямеччына (ФРН) 1 2 3
Сьцяг Аргентыны Аргентына 0 2 2
Сьцяг Уругваю Уругвай 2 0 2
Сьцяг Францыі Францыя 0 1 1
Сьцяг Гішпаніі Гішпанія 0 1 1
Сьцяг Ангельшчыны Ангельшчына 1 0 1

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Jules Rimet Cup fifaworldcup.com
  2. ^ History ddinews.com
  3. ^ The World Cup The New Yorker
  4. ^ Solid gold mystery awaits the final whistle (анг.)
  5. ^ 1970 World Cup — Mexico (анг.)
  6. ^ Прыгоды «НІКУ» — публікацыя на сайце torcida.com.ru
  7. ^ Futebol: The Brazilian Way of Life ISBN 0-7475-6179-6
  8. ^ Trophy as filled with history as Cup
  9. ^ Trophy
  10. ^ 'World Cup suffers at hands of the winners', Daily Telegraph, 14 July 2006.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]