Кубак афрыканскіх нацыяў
| Кубак афрыканскіх нацыяў | |
| | |
| Заснаваны | 1957 |
|---|---|
| Колькасьць камандаў | 24 |
| Дзейны чэмпіён |
|
| Найбольш пасьпяховы клюб |
|
| Вэб-сайт | www.cafonline.com |
|
| |
Кубак афрыканскіх нацыяў — галоўны двухгадовы міжнародны турнір па футболе сярод мужчынаў у Афрыцы. Ладзіцца Канфэдэрацыяй афрыканскага футболу, а ўпершыню быў згуляны ў 1957 годзе. З 1968 года ён ладзіцца кожныя два гады, а ў 2013 годзе быў перасунуты на няцотныя гады. 20 сьнежня 2025 году было абвешчана, што з 2028 году спаборніцтвы вернуцца да цотных гадоў і стануць чатырохгадовымі, то бок будуць арганізоўвацца ў высакосныя гады[1].
У першым турніры ў 1957 годзе бралі ўдзел толькі тры краіны, як то Судан, Эгіпет і Этыёпія. Спачатку плянавала далучыцца да турніру Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, але яна была адхіленая з прычыны палітыкі апартэіду, якой трымаўся тагачасны ўрад краіны[2]. З таго часу турнір значна пашырыўся, а таксама паўстала неабходнасьць арганізацыі адборачнага турніру. Колькасьць удзельнікаў фінальнага турніру дасягнула 16 у 1998 годзе, і да 2017 году фармат заставаўся нязьменным, то бок 16 зборных былі падзеленыя на чатыры групы па чатыры каманды ў кожнай, прычым дзьве найлепшыя каманды з кожнай групы прабіваліся ў стадыю плэй-оф. 20 ліпеня 2017 году турнір 2019 году быў перанесены з студзеня на чэрвень, а колькасьць удзельнікаў усіх будучых турніраў была пашыраная з 16 да 24 камандаў.[3]
Трафэі і мэдалі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Цягам усёй гісторыі Кубка афрыканскіх нацыяў пераможцаў ушаноўвалі некалькімі трафэямі. Першы трафэй, зроблены з срэбра, атрымаў назву трафэю імя Абдэльазіза Абдалы Салема, названы ў гонар першага прэзыдэнта КАФ, эгіпцяніна Абдэльазіза Абдалы Салема. Як першы пераможца трох турніраў Кубка афрыканскіх нацый, зборная Ганы атрымала права стала валодаць гэтым трафэем у 1978 годзе[4].
Другі трафэй уручаўся з 1980 па 2000 гады і называўся трафэем афрыканскага адзінства[5] або кубкам афрыканскага адзінства[4]. Яго ўхваліла найвышэйшая рада КАФ па спорце ў Афрыцы перад турнірам 1980 году. Гэты прыз уяўляў сабою цыліндрычную фігуру з алімпійскімі колцамі на выгравіраванай на ёй мапе кантынэнта. Ён быў усталяваны на квадратнае апірышча і меў стылізаваныя трохкутныя вочапкі. Камэрун атрымаў кубак адзінства на нявызначаны тэрмін пасьля таго, як стаў трохразовым чэмпіёнам у 2000 годзе.
У 2001 годзе быў прадстаўлены трэці трафэй, як то пазалочаны кубак, распрацаваны і выраблены ў Італіі[4]. Камэрун, як сталы ўладальнік папярэдняга трафею, стаў першай краінай, якая атрымала новы трафэй па перамозе ў 2002 годзе. Эгіпет здабыў пазалочаны кубак на нявызначаны тэрмін пасьля таго, як стаў трохразовым чэмпіёнам у 2010 годзе. У адрозьненьне ад папярэдніх пераможцаў, якія працягвалі ўтрымліваць прыз пасьля трох перамог, Эгіпту была ўручаная адмысловая поўнапамерная копія, якую ім дазволілі пакінуць сабе. Пераможца кожнага турніру атрымлівае копію, памеры якой роўныя памерам арыгінальнага трафэю.
КАФ уручае 30 залатых мэдалёў камандзе-пераможцы, 30 срэбных мэдалёў камандзе, якая заняла другое месца, і 30 бронзавых мэдалёў камандзе, якая заняла трэці радок, а таксама 30 дыплёмаў камандзе, якая заняла чацьвертае месца ў фінальным турніры[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Edwards, Rob (20.12.2025) Africa Cup of Nations to be held every four years from 2028. BBC Sport.
- ^ African Cup of Nations – How it all began // BBC Sport, 14.12.2001 г. Архіўная копія ад 30.03.2012 г.
- ^ Africa Cup of Nations moved to June and July and expanded to 24 teams. BBC Sport (20.07.2017). Архіўная копія ад 09.11.2020 г.
- ^ а б в Nations Cup trophy revealed // BBC Sport, 25.09.2001 г. Архіўная копія ад 26.05.2022 г.
- ^ The Great Adventure of African Football. FIFA (01.12.1997). Архіўная копія ад 07.01.2008 г.
- ^ AFCON 2023: Exploring the rich history, evolving trophies in African football history — Edugist