Крывічы (Мядзельскі раён)
| Крывічы лац. Kryvičy | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Менская |
| Раён | Мядзельскі |
| Сельсавет | Крывіцкі |
| Першыя згадкі | 1493 |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 173 м[1] |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 54°42′36″ пн. ш. 27°17′25″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 1196 чал. (2018)[2] |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1797 |
| Паштовы індэкс | 222376 |
| СААТА | 6240857905 |
| Нумарны знак | 5 |
| Крывічы на мапе Беларусі ± Крывічы | |
Крывічы́[3] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Сэрвачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1196 чалавек[2]. Знаходзяцца за 39 км ад Мядзелу, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы (лінія Маладэчна — Полацак).
Крывічы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Андрэя Апостала ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мяркуюць, што старажытнае паселішча існавала на гэтым месцы яшчэ ў XII ст. як калёнія смаленскіх крывічоў. Першы пісьмовы ўпамін пра Крывічы як шляхецкую ўласнасьць зьмяшчаецца ў актах Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага і датуецца 1493 годам. Паводле рэвізіі Полацкага ваяводзтва, на 1552 год вёска знаходзілася ў валоданьні Корсакаў і налічвала 8 дымоў.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крывічы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Каля 1640 году ў Крывічах збудавалі царкву Сьвятой Тройцы. У 1659 годзе ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай царкву разрабавалі маскоўскія войскі. У 1684 годзе з дазволу караля і вялікага князя Яна Сабескага маёнтак перайшоў да нашчадкаў роду Кішкаў на задавальненьне крэдытораў у зьвязку зь сьмерцю Януша Кішкі — апошняга з роду. Пазьней часткі маёнтку належалі Ўкольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. Гэта быў першы выпадак эксдывізіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
У 1770 годзе ўладальнік Крывічоў Андрэй Укольскі — цівун і падкаморы троцкі — дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў фундуш кляштару на землі ў навакольлі. 23 сьнежня 1776 году ў адпаведнасьці з прывілеем караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Крывічы атрымалі статус мястэчка. У 1777 годзе тут збудавалі мураваны касьцёл.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крывічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ў 1832 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар трынітарыяў. На 1860 год у мястэчку было 55 двароў.
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя Крывічы знаходзіліся ў валоданьні Швыкоўскіх, маёнтак налічваў 37 двароў і 642 дзесяціны зямлі. На 1866 год, паводле зьвестак Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх, у мястэчку было 40 дамоў. У 1884 годзе ў Крывічах заснавалі вінакурню. На 1886 год у мястэчку існавалі валасная ўправа, царква, капліца, касьцёл, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя двары, карчма, школа, расейская народная вучэльня (у 1896/1897 навучальным годзе навучалася 46 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі); двойчы на год праводзіліся кірмашы (на Сёмуху і 6 жніўня). У пачатку XX ст. адкрылася чыгуначная станцыя. На 1904 год існавалі мястэчка Крывічы і аднайменны маёнтак, уладаньне Госкай, працявала лячэбніца.
У Першую сусьветную вайну ў Крывічах разьмяшчаліся армейскія склады для групы расейскіх войскаў пад камандаю генэрала Балуева, якая брала ўдзел у Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году Крывічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крывічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[4].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Крывічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (92 двары), фальварак (2 двары), асада (2 двары) і станцыя. У мястэчку дзеяў касьцёл, працавалі ўправа гміны, паліцэйскі пастарунак, 4 млыны, лякарня, пошта і аптэка; штосераду праводзіліся таргі. У чэрвені 1923 году група партызанаў у складзе 29 чалавек учыніла ўзброены налёт на паліцэйскі гарнізон. 18 траўня 1924 году аддзел у складзе каля 40 чалавек пад камандаю Ваўпшасава разграміў памяшканьне пастарунка.
У 1939 годзе Крывічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну і сельсавету Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці. У Другую сусьветную вайну 28 красавіка 1942 году нацысты спалілі 470 жыхароў мястэчка, яшчэ 130 расстралялі 13 верасьня 1942 году. Агулам за гады акупацыі войскамі Нямеччыны ў Крывічах і раёне загінулі 2189 чалавек.
У сьнежні 1948 году савецкая ўлада стварыла ў Крывічах калгас імя Жданава. У кастрычніку 1948 году ў мястэчку збудавалі электрастанцыю. 28 чэрвеня 1958 году Крывічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам Крывіцкага гарадзкога пасялковага савету. З 20 студзеня 1960 году Крывічы знаходзяцца ў складзе Менскай вобласьці, з 25 сьнежня 1962 году — у Мядзельскім раёне. На 1 студзеня 1997 году у Крывічах было 612 двароў.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл трынітарыяў, каля 1900 г.
- Вялікі алтар касьцёла, 1910 г.
- Каля царквы, 1930-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 485 чал.; 1866 год — 200 чал.[5]; 1883 год — 625 чал.; 1897 год — 719 чал.[6]; 1998 год — 1,6 тыс. чал.[7]
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 711 чал. у мястэчку Крывічах і 30 чал. у маёнтку Крывічах; 1921 год — 623 чал. у мястэчку Крывічах, 13 чал. у фальварку Крывічах, 19 чал. у асадзе Крывічах і 151 чал. на станцыі Крывічах; 1997 год — 1932 чал.[8]; 1998 год — 1,6 тыс. чал.[9]
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 1298 чал.[10]; 2015 год — 1208 чал.[11]; 2016 год — 1232 чал.[12]; 2017 год — 1219 чал.[13]; 2018 год — 1196 чал.[2]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На 1997 год у Крывічах існавалі дом побыту, сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат, дзіцячы садок, дом культуры, 2 бібліятэкі, музычная школа, лякарня, аддзяленьне хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, паліклініка, пошта, банк, гандлёвы цэнтар, 5 крамаў, 2 прыватныя крамы.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Працуюць лясьніцтва, філія Мядзельскага камбіната каапэратыўных прадпрыемстваў (хлебазавод), завод вырабаў з мэталу, участак электрасеткі, вытворчы ўчастак Нарачанскага масласырзаводу, участак жылкамгасу, філія Нарачанскага вытворчага аб’яднаньня водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, жывёлагадоўчая фэрма.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала і кляштар трынітарыяў (1776—1796)
- Могілкі юдэйскія
- Сядзіба Швыкоўскіх (канец ХІХ ст.)
- Царква Сьвятой Тройцы (1886; мураўёўка)
У Крывічах знаходзіцца брацкая магіла 127 савецкіх салдатаў і партызанаў, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну, 2 магілы ахвяраў нацызму.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Крывічоў
- Інтэр’ер касьцёла
- Траецкая царква
- Лядоўня
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]З Крывічоў паходзіць род Кішкаў, апошні зь якіх — Януш Кішка, ваявода полацкі і гетман Вялікага княства Літоўскага, жанаты з Хрысьцінай Друцкай-Сакалінскай, памёр у Крывічах у 1653 годзе бязьдзетным.
- Аляксандар Ходзька (1804—1891) — паэт, фальклярыст, усходазнавец
- Міхал Ходзька (1808—1879) — паэт, перакладнік, грамадзкі дзяяч
- Язэп Ходзька (1800—1881) — геадэзіст і тапограф
- Ян Ходзька-Барэйка (1777—1851) — грамадзкі дзяяч, пісьменьнік, тэатразнавец
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ GeoNames (анг.) — 2005.
- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 327
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 806.
- ↑ Князева В. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 499.
- ↑ Князева В. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 498.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||