Кропельны паліў
| Падкляса ад | дакладнае земляробства |
|---|---|
| Частка ад | земляробства |
| Прызначэньне | расьлінаводзтва |
| Выкарыстоўваецца | сельскагаспадарнік |
Кропельны паліў — дакладнае ўнутрыглебавае абвадненьне каранёвай часткі расьліны.
Прадугледжвае раўнамернае паступленьне вады па кроплі ў глебу да кожнай расьліны з увільгатненьнем толькі паласы распасьціраньня каранёў. Пры гэтым у ваду дадаюць рашчыну ўгнаеньняў. Дазваляе падаваць вызначаную колькасьць рашчыны праз пэўныя прамежкі часу[1].
Выкарыстоўваецца для ашчаджэньня вады пры паліве градак, пладовых дрэваў і хмызьнякоў, кветнікаў і жывых платоў. Для яго ўладкаваньня патрабуецца вадаправод. Складнікамі служаць: кропельніца, разгалінавальнік, мікратрубка, стойка, разьмеркавальная трубка, стартканэктар, трубаправод, вадзяны фільтар і злучальная арматура. Тэрмін службы складае 8—12 гадоў. Таксама бывае аўтаматызаванае кропельнае арашэньне зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) падлучэньнем і выдаткам вады. Больш спрошчаны паліў дае кропельная стужка зь меншым тэрмінам службы[2].
Складнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кропельніца. Бывае з кіраваным выдаткам вады, які вагаецца ад 2-х да 20 літраў за гадзіну. Таксама можа быць кампэнсацыйнай з захаваньнем устойлівага выдатку незалежна ад ціску вады ў трубаправодзе.
- Разгалінавальнік («павук»). Мае ад 2-х да 4-х адыходзячых штуцараў. Далучаецца да кропельніцы па адным на кожную.
- Мікратрубка. Надзяваецца на штуцар для адводу вады ў непасрэдную кропку паліву, таму тонкая і вырабляецца з плястмасы.
- Стойка. Да яе мацуецца канец мікратрубкі для ўстаноўкі ў пэўную кропку паліву.
- Разьмеркавальная трубка. Мацуецца да трубаправода адным канцом, а з другога — затыкаецца заглушкай. З бакоў да яе мацуюць кропельніцы з прымацаванымі да іх разгалінавальнікамі і мікратрубкамі. Мае прамер 16 мілімэтраў (мм) і таўшчыню сьценкі 1,1 мм. Служыць асноўнай зборачнай адзінкай арашэньня разам з далучанымі складнікамі.
- Стартканэктар. Штуцар для мацаваньня разьмеркавальнай трубкі да трубаправода. Для ўстаноўкі ў трубаправодзе сьвідруюць адтуліну. Ушчыльненьне робяць з дапамогай заціскной мутэркі на ім.
- Трубаправод. Плястмасавая трубка для падводу вады ад фільтра да разьмеркавальных трубак. Мацуецца да фільтра адным канцом, а другі — закрываць заглушкай.
- Вадзяны фільтар. Мацуецца да трубы з вадаправоднай вадой. Прадукцыйнасьць мае складаць выдатак вады на кожную кропельніцу на агародзе, памножаны на іх колькасьць, каб прадухіліць забіваньне вузкіх адтулінаў іржой і брудам.
- Злучальная арматура. Да яе адносіліся: штуцар, фітынг, траяк і кампэнсатар ціску, а таксама кран для адкрыцьця вады на асобнай дзялянцы агарода. Кампэнсатар ціску прызначаўся для кіраваньня напорам вады[2].
У спрошчаным выглядзе выкарыстоўваюць кропельную стужку ў выглядзе трубкі з таўшчынёй сьценкі ад 125 да 200 мікрамэтраў (мкм). Такая стужка мае выпускныя адтуліны на адлегласьці 20, 30 або 100 см адна ад адной. Стужку далучаюць да падводзячага трубаправода адным канцом з дапамогай стартканэктара, а на другім канцы замацоўваюць заглушку. Пры падачы вады тая выцякае з выпускных адтулінаў. Кропельная стужка замяняе разьмеркавальныя трубкі, кропельніцы, разьмеркавальнікі, мікратрубкі і стойкі, таму таньнейшая, але служыць 2—3 гады. Яе могуць перагрызьці сківіцамі нават такія цвыркуны, як мядзьведка[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ларыса Верамейчык. 4.2. Арашэньне // Асновы аграноміі / Ёсіф Багдзевіч, Аляксандар Гуз. — Менск: Ураджай, 1999. — С. 77. — 416 с. — 1000 ас. — ISBN 985-04-0122-2
- 1 2 3 Ірына Тамковіч. Сыстэма кропельнага паліву сваімі рукамі // Зьвязда : газэта. — 31 ліпеня 2014. — № 141 (27751). — С. 8. — ISSN 1990-763X.
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |