Перайсьці да зьместу

Армія Краёва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Краёвая Армія»)
Армія Краёва
Armia Krajowa

Сьцяг Арміі Краёвай
Гады існаваньня 14 лютага 1942 — 19 студзеня 1945
Краіна Польшча
Падпарадкаваньне Польшча
Тып Падпольная армія
Колькасьць Каля 380 000 (1943)
Колеры бела-чырвоны
Войны Другая сусьветная вайна
Вядомыя камандзіры Міхал Токаржэўскі-Карашэвіч, Стэфан Равецкі, Тадэвуш Камароўскі, Леапольд Акуліцкі

Армія Краёва — кансьпірацыйны ўзброены рух польскага падпольля падчас Другой сусьветнай вайны, якая дзейнічала ва ўмовах нямецкай і савецкай акупацыяў польскай дзяржавы ў межах напярэдадні 1 верасьня 1939 году. Ставіла за мэту аднаўленьне Польшчы ў даваенных межах. Зьяўлялася наймацнейшай і найлепей арганізаванай падпольнай арміяй з тых, што дзейнічалі ў тым часе на тэрыторыі Эўропы.

Арганізацыйная структура АК

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камэндант АК — польская назва камандуючага АК.

Тэрытарыяльная структура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Структура Арміі Краёвай
Гісторыя беларускай арміі
Войска Полацкага княства

Войска Вялікага Княства Літоўскага

Войска Рэчы Паспалітай
(Войска Вялікага Княства Літоўскага)
Войскі паўстанцаў 1794 году

Расейская імпэратарская армія
Беларускі 7-ы гусарскі полк
Віленская ваенная акруга
Беларускі армейскі корпус

Літоўскае войска

Войскі паўстанцаў 1830 году

Войскі паўстанцаў 1863 году

Узброеныя сілы БНР

Летувіскае войска
Першы беларускі полк
Беларускі асобны батальён

Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія
Беларуска-летувіская армія
Беларуская ваенная акруга

Польскае войска
Самаабарона Літвы і Беларусі
Беларуская Вайсковая Камісія

Войска Сярэдняй Літвы

Узброеныя сілы СССР
Савецкі партызанскі рух у Беларусі

Беларуская самаабарона
Беларуская Народная Партызанка

Беларускі Копрус Самааховы
Беларуская Краёвая Абарона
Беларускі легіён
30-я дывізія (2-я расейская)
30-я дывізія (1-я беларуская)

Беларускі пасьляваенны антысавецкі супраціў

Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь

Тэрытарыяльная арґанізацыя падзялялася на абшары (беластоцкі, львоўскі, варшаўскі права- і леваўзбрэжны таксама заходні), і саматворныя акругі для найвялікшых местаў. На пачатку 1944 год структура АК выглядала наступным чынам:

  • Варшаўскі абшар
    • Падвокруг Усходні
    • Падвокруг Заходні
      • крыптонім: «Галерава», «Гайдукі», «Цукроўня»
      • Камэндант: палк. Францішак Яхнець «Раман»
    • Падвокруг паўночны
      • крыптонім: «Альштын», «Тухоля», «Крулявец», «Гарбарня»
      • Камэндант падпалк. Зыгмунт Маршэўскі «Казімеж»

Армія Краёва на Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе органы дзяржаўнай бясьпекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падпольлем. Паводле зьвестак НКУС БССР, за пэрыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласьцёх БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацыяў, якія аб’ядноўвалі 3221 удзельніка, зь якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 летувісаў і 106 чалавек іншых нацыянальнасьцяў. Адначасова вялася кампанія па высяленьні ў Сыбір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны з заходніх абласьцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных установаў, землеўласьнікаў, прадпрымальнікаў і г. д. У выніку дзейнасьці органаў бясьпекі і зьнешняй выведкі СССР польскаму падпольлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены значныя страты.

Пасьля нападу Нямеччыны на СССР і акупацыі Беларусі летам 1941 урад Сікорскага і Галоўнае камандаваньне СУБ у Варшаве выкарыстоўвалі складзеныя ўмовы дзеля ўмацаваньня сваіх пазыцыяў на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Сьледам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краінаў. Многія зь іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, зьвязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадзкімі, раённымі (павятовымі) ўправамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй. Акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларусаў, якія таксама разьлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як пляцдарм у змаганьні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазьбежна ўзьнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі дзеячамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля. Пачалася жорсткая барацьба на вынішчэньне адзін аднаго як уласнымі рукамі, так і з дапамогай немцаў.

На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі АК: Наваградзкая, Палеская і Віленская, а таксама інспэктарат Горадні, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падпольле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзьніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй пра абстаноўку на франтах вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяньня, дамаўляліся аб супольных дзеяньнях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г. д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел А. Бужынскага («Кміціца») ўдзельнічаў у баявых апэрацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Ф. Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацыяў па разгроме нацысцкіх гарнізонаў.

Асноўная частка польскага падпольля падтрымлівала і выконвала ўказаньні і ўстаноўкі Лёндану і Варшавы. Далейшая хада палітычных падзеяў рабіла непазьбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі. Галоўным было пытаньне аб савецка-польскай мяжы і адносінах да нямецкіх захопнікаў. На мясцовым узроўні да таго ж дзейнічалі фактары барацьбы за сфэры ўплыву, пытаньні забесьпячэньня харчаваньнем, зброяй і да т. п.

У чэрвені 1943 была прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым разьвіцьці партызанскага руху ў заходніх абласьцёх Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласьцёх БССР». У гэтых дакумэнтах падкрэсьлівалася, што заходнія вобласьці БССР зьяўляюцца неад’емнай часткай БССР, і што тут дапушчальна існаваньне толькі групаў і арганізацыяў, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаваньне ўсіх іншых арганізацыяў павінна разглядацца як умяшаньне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісьце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаваньняў:

  1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясьняць польскія з гэтых тэрыторыяў.
  2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутры.
  3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. Зь іх ствараць польскія савецкія партызанскія атрады.

Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася:

  1. Бяз шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падпольля.
  2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсьць магчымасьць, уключаць у барацьбу зь немцамі пад савецкім кіраўніцтвам.
  3. Сярод раззброеных і разьмеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожыя элемэнты.

Пераважна быў узяты кірунак на раззбраеньне польскіх фармаваньняў.

Усё разам названае прывяло да непазьбежных сутыкненьняў паміж савецкімі партызанамі і АК-аўцамі. Паводле зьвестак Я. Эрдмана, са 185 баявых апэрацыяў, праведзеных аддзеламі Наваградзкай акругі АК за пэрыяд з 1 студзеня 1942 па ліпень 1944 году, 102 былі супраць немцаў (55%) і 81 (45%) супраць савецкіх партызанаў. Звычайнымі былі зьявы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка — у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва. Паводле няпоўных зьвестак, зь вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Ня меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўбцоўскага злучэньня АК А. Пільх («Гура») у адной са сваіх публікацыяў прызнаваў, што за гэты ж пэрыяд яго легіянэры зьнішчылі каля 6 тысячаў чалавек.

У сваю чаргу немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сіл дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і «саветамі» ў сваіх мэтах. Адным зь першых кантакт зь немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А. Пільх. У сьнежні 1943 ён заключыў зь немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забесьпячэньне яго зброяй. 22 сьнежня ў Лідзе дамову зь немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэньня АК Ю. Сьвіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Перамовы аб супрацоўніцтве з гітлераўцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генэрал А. Крыжаноўскі («Вільк»). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 зь Лёндану паступіла афіцыйная забарона кантактаў зь немцамі. Вясной 1944 Генэральны камісар Беларусі Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую краёвую абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёну, дзе, фактычна, адбывалася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідзкай акругі.

Пасьля таго, як нямецкія войскі былі выгнаны зь Беларусі, органы НКУС прымянялі ў дачыненьні да былых сябраў АК рэпрэсіўныя меры. З тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Наваградзкай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысячаў акаўцаў разам зь іх сем’ямі.

Частка былых членаў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944—1945 у Заходняй Беларусі адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу, перасяленцаў з усходніх рэгіёнаў. Асобныя акцыі зафіксаваны да пачатку 1950-х гадоў.

На беларускіх землях найбольш вядомая акцыя этнічных чыстак ў навакольлі Беластоку ў пачатку 1946 году. Капітан Рамуальд Райс на чале 3-й Віленскай брыгады NSZ толькі з 30 студзеня па 2 лютага 1946 году забіў 79 беларусаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Райс й ягоныя салдаты расстрэльвалі, секлі сякерай, спальвалі жыўцом, а таксама гвалтавалі дзяўчат і забівалі іх пры супраціве[1].

  1. ^ Jakaja ž to pravda na sviêti?. Радыё Свабода (5 лютага 2013). Праверана 16 жніўня 2014 г.
  • Пачобут, А. Армія Краёва ў Беларусі // Наша гісторыя, №1, 2019, с. 12—18. ISBN 2617-2305
  • Пашкевіч, А. Героі ці бандыты? // Наша гісторыя, №1, 2019, с. 20—23. ISBN 2617-2305

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Армія Краёвасховішча мультымэдыйных матэрыялаў