Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
«Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў»
Нумар: 139-З
Прыняцьце: Палатай прадстаўнікоў
31 траўня 2006 (17 гадоў таму)
Ухваленьне: Саветам Рэспублікі
16 чэрвеня 2006 (17 гадоў таму)
Падпісаньне: прэзыдэнтам Беларусі
29 чэрвеня 2006 (17 гадоў таму)
Уступ у сілу: 13 студзеня 2007 (17 гадоў таму)[1]
Першая публікацыя: 2007 г.
у газэце «Зьвязда»

Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб судо́вым ла́дзе і ста́тусе су́дзьдзяў — звод заканадаўства Беларусі аб судовай уладзе, які набыў моц у студзені 2007 году.

На 2020 год налічваў 179 артыкулаў у складзе 5 разьдзелаў: 1) «Асновы, задачы і прынцыпы дзейнасьці судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь»; 2) «Парадак фармаваньня і кампэтэнцыя судоў Рэспублікі Беларусь»; 3) «Статус судзьдзі і народнага засядальніка»; 4) «Органы судзейскай супольнасьці»; 5) «Забесьпячэньне дзейнасьці судоў і органаў судзейскай супольнасьці». На 2020 год Кодэкс Беларусі аб судовым ладзе дзейнічаў з 11-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2006, 2009, 2011—2012, 2014, 2016 і 2018 гадоў[2]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2018 году № 132-З[3]. 24 сакавіка 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 2 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 10 снежня 2020 г. № 63-З[4]. У выніку гэты кодэкс стаў 8-м у перакладзе Экспэртнай рады.

Дзейнасьць судовай сыстэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Кодэксу аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў зьмяшчаў 18 артыкулаў, якія акрэсьлівалі: судовую сыстэму, задачы судоў, законнасьць і галоснасьць правасудзьдзя, роўнасьць перад законам, удзел грамадзянаў у правасудзьдзі, права на судовую абарону, аднаасобны і калегіяльны разгляд справаў, мову судаводзтва, абавязковасьць судовых пастановаў, выкарыстаньне дзяржаўных сымбаляў, друкаваныя выданьні і пячатку судоў, месцазнаходжаньне Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў Беларусі. Паводле 2-га артыкула, «судовая ўлада ажыццяўляецца толькі судамі ў асобе судзьдзяў і народных засядальнікаў» пры дапамозе адміністрацыйнага, гаспадарчага, грамадзянскага, канстытуцыйнага і крымінальнага судаводзтва. Згодна з 4-м артыкулам адзінства судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь забясьпечваецца шляхам «прызнаньня абавязковага выкананьня на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь судовых пастановаў, якія ўступілі ў законную сілу», а таксама «фінансаваньня судоў з рэспубліканскага бюджэту». У 5-м артыкуле згадвалася, што «судовую сыстэму Рэспублікі Беларусь складаюць: Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь — орган судовага кантролю за канстытуцыйнасьцю нарматыўных прававых актаў (НПА) у дзяржаве»; «суды агульнай юрысдыкцыі, якія ажыцьцяўляюць правасудзьдзе». Паводле 7-га артыкула, «суды ажыцьцяўляюць правасудзьдзе на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасьці зь ёй НПА». Згодна з 8-м артыкулам «правасудзьдзе ажыцьцяўляецца на аснове спаборнасьці і роўнасьці бакоў». У 9-м артыкуле прадугледжвалася, што «грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у дзейнасьці суда па ажыцьцяўленьні правасудзьдзя ў якасьці народных засядальнікаў»[2].

Паводле 10-га артыкула, «грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на судовую абарону ад замахаў на жыцьцё і здароўе, гонар і годнасьць, асабістую свабоду і маёмасьць, іншыя правы і свабоды, прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства, а таксама ад незаконных дзеяньняў дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў, іх службовых асобаў». Згодна з 11-м артыкулам «разбор справаў ва ўсіх судах адкрыты». У 12-м артыкуле згадвалася, што «справы ў судах разглядаюцца калегіяльна». Паводле 13-га артыкула, «судаводзтва і справаводзтва ў судах Рэспублікі Беларусь вядуцца на беларускай і расейскай мовах». Згодна з 14-м артыкулам «патрабаваньні судзьдзі, якія вынікаюць з яго паўнамоцтваў і прад'яўленыя ў адпаведнасьці з заканадаўствам, зьяўляюцца абавязковымі і падлягаюць выкананьню ва ўстаноўлены тэрмін усімі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, а таксама службовымі асобамі і грамадзянамі. Інфармацыя, якая выпатрабуецца судзьдзёй у сувязі з разгляданай справай, даецца на бязвыплатнай аснове»[2].

Утварэньне і кампэтэнцыя судоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі разьдзел Кодэксу налічваў 47 артыкулаў (19—65) у складзе 2-х главаў: 1) «Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь», 2) «Суды агульнай юрысдыкцыі». Большай была другая глава з 38 артыкулаў (28—65), дзе вызначаліся: утварэньне, кампэтэнцыя, склад, пераўтварэньне, скасаваньне, старшыня і намесьнікі старшыні гарадзкога, раённага і спэцыялізаванага судоў; кампэтэнцыя, склад, старшыня і намесьнікі абласнога і Менскага гарадзкога судоў, у тым ліку эканамічных; кампэтэнцыя і парадак працы прэзыдыюму абласнога і Менскага гарадзкога судоў; кампэтэнцыя судовых калегіяў абласнога і Менскага гарадзкога судоў; склад, кампэтэнцыя, старшыня і намесьнікі старшыні Вярхоўнага суду Беларусі; кампэтэнцыя і парадак працы Пленуму і Прэзыдыюму Вярхоўнага суду; кампэтэнцыя судовых калегіяў Вярхоўнага суду; Навукова-кансультатыўная рада пры Вярхоўным судзе. Паводле 28-га артыкула, «сыстэму судоў агульнай юрысдыкцыі складаюць: раённыя (гарадзкія) суды; абласныя (Менскі гарадзкі) суды, эканамічныя суды вобласьцяў (горада Менска); Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Згодна з 29-м артыкулам «раённы (гарадзкі), спэцыялізаваны суды ўтвараюцца, рэарганізуюцца і ліквідуюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь» у раёне, горадзе абласнога падпарадкаваньня, які ня мае раённага дзяленьня, раёне ў горадзе. Пагатоў, дапускалася ўтварэньня «аднаго спэцыялізаванага суду на некалькі раёнаў». У 30-м артыкуле згадвалася, што «пры наяўнасьці 10 і больш судзьдзяў у складзе раённага (гарадзкога) суду судзьдзі такога суду спэцыялізуюцца на разглядзе грамадзянскіх, крымінальных справаў, справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях». Паводле 31-га артыкула, «раённы (гарадзкі) суд: 1) разглядае ў межах сваёй кампэтэнцыі ў якасьці суду першай інстанцыі і па абставінах, якія нанава адкрыліся, грамадзянскія справы, а таксама ў якасьці суду першай інстанцыі крымінальныя справы і справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях; 2) разглядае ў межах сваёй кампэтэнцыі скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях; 3) вывучае і абагульняе судовую практыку, вядзе судовую статыстыку». Згодна з 32-м артыкулам «старшыні раённага (гарадзкога), спэцыялізаванага судоў прызначаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 год» і зьяўляюцца судзьдзямі адпаведнага суду, як і іх намесьнікі. «Старшыні раённага (гарадзкога), спэцыялізаванага судоў:

  1. кіруюць дзейнасьцю адпаведнага суду;
  2. старшынююць у судовых паседжаньнях;
  3. прызначаюць судзьдзяў у якасьці старшынявальных у судовых паседжаньнях;
  4. разьмяркоўваюць абавязкі паміж сузьдзямі;
  5. хадайнічаюць перад Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь аб унясеньні прапановаў у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасьці НПА;
  6. арганізуюць вывучэньне і абагульненьне судовай практыкі, вядзеньне судовай статыстыкі;
  7. кіруюць працай апарату адпаведнага суду, прызначаюць на пасады і вызваляюць ад пасадаў працаўнікоў апарату суда;
  8. інфармуюць Прэзыдыюм Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь аб дзейнасьці адпаведнага суду;
  9. вядуць асабісты прыём, арганізуюць працу адпаведнага суду па асабістым прыёме і разглядзе зваротаў грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асобаў;
  10. арганізуюць працу па павышэньні кваліфікацыі судзьдзяў і працаўнікоў апарату адпаведнага суду;
  11. выдаюць загады ў пытаньнях, якія адносяцца да іх кампэтэнцыі, не зьвязаных з судаводзтвам;
  12. прадстаўляюць адпаведны суд у адносінах зь дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі»[2].

Згодна з 34-м артыкулам Кодэксу, «у кожнай вобласьці Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць абласны суд і эканамічны суд вобласьці, а ў горадзе Менску — Менскі гарадзкі суд і эканамічны суд горада Менска». У 35-м артыкуле прадугледжвалася, што «абласны (Менскі гарадзкі) суд складаецца з судзьдзяў абласнога (Менскага гарадзкога) суду, у тым ліку старшыні абласнога (Менскага гарадскога) суду, 1-га намесьніка і намесьнікаў старшыні». «У абласным (Менскам гарадзкім) судзе ўтвараюцца: прэзыдыюм суду; судовая калегія па грамадзянскіх справах; судовая калегія па крымінальных справах». Паводле 37-га артыкула, «абласны (Менскі гарадзкі) суд: 1) разглядае ў межах сваёй кампэтэнцыі ў якасьці суду першай інстанцыі, у парадку нагляду і па абставінах, якія нанава адкрыліся, грамадзянскія, крымінальныя справы і справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях; 2) разглядае ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі ў межах сваёй кампэтэнцыі грамадзянскія і крымінальныя справы ў апэляцыйным парадку, а таксама скаргі на пастановы раённых (гарадзкіх) судоў па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях; 3) ажыцьцяўляе нагляд за судовай дзейнасьцю ніжэйстаячых судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненьні заканадаўства; 4) вывучае і абагульняе судовую практыку, вядзе і аналізуе судовую статыстыку». Згодна з 44-м артыкулам «прэзыдыюм абласнога (Менскага гарадзкога) суду ўтвараецца ў складзе старшыні суда, 1-га намесьніка, намесьнікаў старшыні суду» і іншых судзьдзяў. «Пэрсанальны склад прэзыдыюму абласнога (Менскага гарадзкога) суду зацьвярджаецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду». Паводле 45-га артыкула, «прэзыдыюм абласнога (Менскага гарадзкога) суду: 1) разглядае ў межах сваёй кампэтэнцыі ў парадку нагляду і па абставінах, якія нанава адкрыліся, грамадзянскія і крымінальныя справы; 2) разглядае матэрыялы вывучэньня і абагульненьня судовай практыкі і аналізу судовай статыстыкі; 3) заслухоўвае старшыняў судовых калегіяў аб дзейнасьці судовых калегіяў, якія яны ўзначальваюць; 4) разглядае і зацьвярджае рэзэрв кадраў на пасады судзьдзяў раённых (гарадзкіх), спэцыялізаваных судоў». У 39-м артыкуле прадугледжвалася, што старшыня абласнога і Менскага гарадзкога судоў прызначаецца прэзыдэнтам Беларусі па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду «тэрмінам на 5 год». «Старшыня абласнога (Менскага гарадзкога) суду:

  1. кіруе дзейнасьцю адпаведнага суду;
  2. фармуе судовыя склады адпаведнага суду;
  3. зацьвярджае па ўзгадненьні зь Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь склады судовых калегіяў;
  4. разьмяркоўвае абавязкі паміж 1-ым намесьнікам і намесьнікамі;
  5. склікае прэзыдыюм адпаведнага суду і старшынюе ў яго паседжяньнях;
  6. мае права ўзначальваць судовыя калегіі і судовыя склады;
  7. мае права старшыняваць у судовых паседжаньнях і паседжаньнях судовых калегіяў;
  8. прызначае судзьдзяў у якасьці старшынявальных у судовых паседжаньнях;
  9. разьмяркоўвае абавязкі паміж судзьдзямі;
  10. хадайнічае перад Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь аб унясеньні прапановаў у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасьці НПА;
  11. мае права выпатрабаваць зь ніжэйстаячых судоў судовыя справы для вывучэньня і абагульненьня судовай практыкі, для прыняцьця іх да вядзеньня абласнога (Менскага гарадзкога) суду, а таксама для праверкі іх у парадку нагляду;
  12. інфармуе Прэзыдыюм Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь аб дзейнасьці суда, які ён узначальвае»;
  13. «ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва апаратам адпаведнага суду, прызначае на пасады і вызваляе ад пасадаў працаўнікоў апарату суда, у тым ліку прызначае на пасады і вызваляе ад пасадаў кіраўнікоў структурных падразьдзяленьняў апарату суда па ўзгадненьні з намесьнікамі старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, якія курыруюць адпаведныя напрамкі;
  14. кіруе працай па вывучэньні і абагульненьні судовай практыкі, вядзеньні і аналізе судовай статыстыкі;
  15. вядзе асабісты прыём, арганізуе працу адпаведнага суда і каардынуе працу ніжэйстаячых судоў па асабістым прыёме і разглядзе зваротаў грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асобаў;
  16. інфармуе Пленум Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь аб практыцы прымяненьня судамі заканадаўства;
  17. кіруе працай па фармаваньні рэзэрву кадраў на пасады судзьдзяў раённых (гарадзкіх), спэцыялізаваных судоў, а таксама працай па кадравым забесьпячэньні, павышэньні кваліфікацыі судзьдзяў і працаўнікоў апарату адпаведнага суда і ніжэйстаячых судоў;
  18. прадстаўляе адпаведны суд у адносінах зь дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі»[2].

Паводле 36-га артыкула, эканамічныя суды вобласьці і Менску складаюцца з судзьдзяў, у тым ліку старшыні і яго намесьнікаў. У эканамічным судзе вобласьці і Менску ўтвараюцца 3 судовыя калегіі: 1) па разглядзе справаў у якасьці суду першай інстанцыі; 2) апэляцыйная; 3) па адміністрацыйных справах. Згодна з 38-м артыкулам «эканамічны суд вобласьці (горада Менска): 1) разглядае ў межах сваёй кампэтэнцыі эканамічныя справы ў якасьці суду першай інстанцыі, у апэляцыйным парадку і па абставінах, якія нанава адкрыліся, справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях у якасьці суду першай інстанцыі, а таксама скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях; 2) вывучае і абагульняе судовую практыку, вядзе і аналізуе судовую статыстыку; 3) рыхтуе прапановы аб удасканальваньні заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сфэры прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасьці». У 51-м артыкуле прадугледжвалася, што Вярхоўны суд Беларусі «ажыцьцяўляе правасудзьдзе па грамадзянскіх, крымінальных справах, справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, эканамічных справах, ажыцьцяўляе нагляд за судовай дзейнасьцю судоў агульнай юрысдыкцыі». Паводле 52-га артыкула, Вярхоўны суд складаецца з судзьдзяў, у тым ліку старшыні, 1-га намесьніка і іншых намесьнікаў. Вярхоўны суд дзейнічае ў складзе: Пленуму, Прэзыдыюму і 4 калегіяў — па грамадзянскіх, крымінальных і эканамічных спрваў, а таксама па справах інтэлектуальнай уласнасьці. У 54-м артыкуле прадугледжвалася, што старшыня Вярхоўнага суду прызначаецца прэзыдэнтам Беларусі «са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зь ліку судзьдзяў Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 год». У сваю чаргу 1-ы і іншыя намесьнікі старшыні Вярхоўнага суду прызначаліся прэзыдэнтам па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду зь ліку судзьдзяў Вярхоўнага суду на 5 гадоў. Згодна з 57-м артыкулам Пленум Вярхоўнага суду складаецца з усіх судзьдзяў Вярхоўнага суду і старшыняў абласных і Менскага гарадзкога судоў, у тым ліку эканамічных. Паводле 59-га артыкула, Пленум Вярхоўнага суду Беларусі склікаецца яго старшынём «прынамсі 1 раз за 3 месяцы». У 60-м артыкуле згадвалася, што прэзыдэнт Беларусі вызначае асабісты склад Прэзыдыюму Вярхоўнага суда па прадстаўленьні яго старшыні. Згодна з 63-м артыкулам склады судовых калегіяў Вярхоўнага суду зацьвярджаюцца яго старшынём[2].

Статус судзьдзі і народнага засядальніка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Кодэксу ўлучаў 59 артыкулаў (66—124), што складала 33 % усіх артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 11 главаў: 1) «Асноўныя палажэньні аб статусе судзьдзі і народнага засядальніка»; 2) «Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь»; 3) «Кандыдаты на пасаду судзьдзі старшыні, намесьніка старшыні суду агульнай юрысдыкцыі. Кваліфікацыйны экзамэн на пасаду судзьдзі суду агульнай юрысдыкцыі»; 4) «Прызначэньне судзьдзяў судоў агульнай юрысдыкцыі. Прысяга судзьдзі суда агульнай юрысдыкцыі»; 5) «Атэстацыя судзьдзяў. Кваліфікацыйныя клясы судзьдзяў»; 6) «Дысцыплінарная адказнасьць судзьдзяў судоў агульнай юрысдыкцыі»; 7) «Дысцыплінарная адказнасьць судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь»; 8) «Прыпыненьне, аднаўленьне і спыненьне паўнамоцтваў судзьдзі»; 9) «Адстаўка судзьдзі»; 10) «Дзяржаўная абароны судзьдзяў і народных засядальнікаў. Матэрыяльнае і сацыяльнае забесьпячэньне судзьдзяў»; 11) «Народны засядальнік». Найбольшай была 6-я глава ў складзе 12 артыкулаў (91—102), якія вызначалі: падставы для прыцягненьня судзьдзі да дысцыплінарнай адказнасьці; захады і тэрміны прымяненьня дысцыплінарных спагнаньняў; органы і права ўзбуджэньня дысцыплінарнага вядзеньня; парадак падрыхтоўкі і рашэньні па выніках разгляду справы аб дысцыплінарнай адказнасьці; тэрміны і парадак, падставы для спыненьня і заключэньне па выніках дысцыплінарнага вядзеньня; абскарджаньне рашэньня аб прымяненьні дысцыплінарнага спагнаньня і асаблівасьці яго прымяненьня прэзыдэнтам Беларусі. Паводле 67-га артыкула, «незалежнасьць судзьдзі і народнага засядальніка забясьпечваецца ўстаноўленымі заканадаўчымі актамі парадкам іх прызначэньня, прыпыненьня і спыненьня паўнамоцтваў, недатыкальнасьцю, працэдурай разгляду справаў і пытаньняў, таемнай нарады пры вынясеньні судовых пастановаў і забаронай патрабаваць яе выдаваньня, адказнасьцю за непавагу да суда або ўмяшаньне ў яго дзейнасьць ». Згодна з 69-м артыкулам «недатыкальнасьць судзьдзі распаўсюджваецца на яго жыльлё, службовае памяшканьне, транспарт і сродкі сувязі, карэспандэнцыю, маёмасьць і дакумэнты». У 71-м артыкуле згадвалася, што «для ажыцьцяўленьня правасудзьдзя судзьдзя мае права:

  1. патрабаваць ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў, а таксама ад службовых асобаў і грамадзянаў выкананьня судовых пастановаў, зьвязаных з ажыцьцяўленьнем ускладзеных на яго абавязкаў;
  2. запрошваць інфармацыю ў дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў, а таксама ў службовых асобаў і іншых грамадзянаў;
  3. запрошваць і атрымліваць у вызначаным парадку на бязвыплатнай аснове зьвесткі зь інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў і мець доступ, у тым ліку аддалены, да такіх інфармацыйных сыстэмаў, якія ўтрымліваюць пэрсанальныя дадзеныя, запрошваць і атрымліваць у вызначаным парадку на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў без пісьмовай згоды грамадзянаў зьвесткі з інфармацыйных сыстэмаў, якія ўтрымліваюць пэрсанальныя дадзеныя, па пісьмовым запыце або на падставе пагадненьня аб даваньні пэрсанальных дадзеных, заключанага Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь з уласнікам інфармацыйнага рэсурсу»[2].

Паводле 76-га артыкула, «кандыдатам на пасаду судзьдзі суда агульнай юрысдыкцыі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 25-гадовага ўзросту, валодае беларускай і расейскай мовамі, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю з прысваеньнем кваліфікацыі «Юрыст» і «Юрыст зь ведамі эканомікі», стаж працы паводле спэцыяльнасьці прынамсі 3 гады, парадак падліку якога ўстанаўліваецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам, ня зьдзейсьніў учынкаў, якія няславяць яго, здаў кваліфікацыйны экзамэн на пасаду судзьдзі». Пагатоў, «кандыдат на пасаду судзьдзі: 1) абласнога (Менскага гарадзкога) суду павінен мець стаж працы на пасадзе судзьдзі прынамсі 3 гады»; 2) Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь — 5 гадоў. Згодна зь 78-м артыкулам «кваліфікацыйны экзамен на пасаду суддзі праводзіцца экзамэнацыйнай камісіяй пры Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь». «Пэрсанальны склад экзамэнацыйнай камісіі, парадак падрыхтоўкі і правядзеньня кваліфікацыйных экзамэнаў зацьвярджаюцца старшынёй Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь». Падбор асобаў, якія прэтэндуюць на заняцьце пасады судзьдзі суда агульнай юрысдыкцыі, прадстаўленьне іх кандыдатураў экзамэнацыйнай камісіі ажыцьцяўляюцца Вярхоўным судом, абласнымі і Менскім гарадзкім судамі, эканамічнымі судамі вобласьцяў і Менску. «Станоўчы вынік кваліфікацыйнага экзамэну зьяўляецца падставай для залічэньня кандыдатам у судзьдзі і сапраўдны на працягу 3-х гадоў з моманту яго здачы». У 80-м артыкуле згадвалася, што «кваліфікацыйная калегія судзьдзяў рэкамэндуе зарэгістраванага ёю кандыдата ў судзьдзі для прызначэньня на пасаду стажора судзьдзі». Паводле 81-га артыкула, «судзьдзі прызначаюцца на пасаду тэрмінам на 5 год» прэзыдэнтам Беларусі па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду, а судзьдзі Вярхоўнага суду — з адначаснай згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пагатоў, «гранічны ўзрост знаходжаньня на дзяржаўнай службе судзьдзяў Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь — 70 гадоў, судзьдзяў іншых судоў агульнай юрысдыкцыі — 65 гадоў». Згодна 87-м артыкулам для судзьдзяў устанаўліваліся кваліфікацыйныя клясы: 5-я, 4-я, 3-я, 2-я, 1-я і вышэйшая. Судзьдзям раённых, гарадзкіх і спэцыялізаваных судоў прысвойваліся 5-я, 4-я, 3-я і 2-я клясы. Судзьдзям абласных і Менскага гарадзкога судоў, старшыням і намесьнікам старшыняў раённых, гарадзкіх і спэцыялізаваных судоў — 4-я, 3-я, 2-я, 1-я клясы. Судзьдзям Вярхоўнага суду — 1-я і вышэйшая клясы. Судзьдзям Канстытуцыйнага суду і старшыні Вярхоўнага суду — вышэйшая кляса. У 88-м артыкуле прадугледжвалася, што тэрмін знаходжаньня ў 5-й кваліфакацыйнай клясе складаў 2 гады, у 4-й — 3 гады, у 3-й — 4 гады. Паводле 89-га артыкула, прысваеньне і пазбаўленьне кваліфікацыйнай клясы, а таксама паніжэньне ў ёй судзьдзяў судоў агульнай юрысдыкцыі праводзіцца прэзыдэнтам Беларусі па прадстаўленьні старшыні Вярхоўнага суду[2].

Органы судзейскай супольнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 48 артыкулаў (125—172) у складзе главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб органах судзейскай супольнасьці», 2) «Зьезд судзьдзяў Рэспублікі Беларусь», 3) «Рэспубліканская канфэрэнцыя судзьдзяў», 4) «Рэспубліканская рада судзьдзяў», 5) «Канфэрэнцыі судзьдзяў абласных судоў і эканамічных судоў вобласьцяў», 6) «Кваліфікацыйныя калегіі судзьдзяў». Найбольшая была апошняя глава з 12 артыкулаў (159—172), якая апісвала: мэты і задачы, сыстэму і падсправаздачнасьць кваліфікацыйных калегіяў судзьдзяў; кампэтэнцыя Вышэйшай і абласных кваліфікацыйных калегіяў судзьдзяў; парадак і тэрміны разгляду матэрыялаў, прыняцьце і абскарджаньне заключэньня, а таксама пратакол паседжаньня кваліфікацыйнай калегіі судзьдзяў. Паводле 130-га артыкула, «Рэспубліканская рада суддзяў выбіраецца тэрмінам на 5 год» Зьездам судзьдзяў Рэспублікі Беларусь або Рэспубліканскай канфэрэнцыяй судзьдзяў пры нескліканьні Зьезду судзьдзяў у тэрмін прэзыдэнтам Беларусі або старшынямі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Кваліфікацыйныя калегіі судзьдзяў выбіраюцца тэрмінам на 4 гады. Згодна са 135-м артыкулам «Зьезд судзьдзяў Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляе свае паўнамоцтвы ў складзе судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, судоў агульнай юрысдыкцыі, а таксама судзьдзяў, якія знаходзяцца ў адстаўцы». У 143-м артыкуле прадугледжвалася, што ў склад Рэспубліканскай канфэрэнцыі судзьдзяў уваходзяць: судзьдзі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, а таксама «судзьдзі іншых судоў агульнай юрысдыкцыі ў колькасьці па 20 чалавек ад кожнай вобласьці, горада Менска, выбраных адпаведнымі канфэрэнцыямі судзьдзяў абласных (Менскага гарадзкога) судоў і эканамічных судоў вобласьцяў (горада Менска)». Паводле 149-га артыкула, Рэспубліканская рада судзьдзяў выбіраецца «ў колькасьці 27 чалавек зь ліку судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, судоў агульнай юрысдыкцыі, якія маюць стаж працы на пасадзе судзьдзі прынамсі 3 гады». У склад Рэспубліканскай рады судзьдзяў уваходзяць: 2 чалавекі ад Канстытуцыйнага суду, у тым ліку старшыня; 2 чалавекі ад Вярхоўнага суду, у тым ліку старшыня; па 3 чалавекі ад судоў кожнай вобласьці і Менску. Пры гэтым вылучэньне кандыдатаў у склад Рэспубліканскай рады судзьдзяў ажыцьцяўляецца Канстытуцыйным судом, Пленумам Вярхоўнага суда, канфэрэнцыямі судзьдзяў абласных і Менскага гарадскога судоў, у тым ліку эканамічных. Згодна са 153-м артыкулам Рэспубліканская рада судзьдзяў склікаецца «прынамсі 2 разы за год»[2].

Забесьпячэньне дзейнасьці судоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Кодэксу налічваў 7 артыкулаў (173—179) у складзе 2 главаў: 1) «Арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне»; 2) «Фінансаваньне судоў Рэспублікі Беларусь. Маёмасьць судоў». Большай была першая глава з 5 артыкулаў (173—179) пра: сакратарыят суда, сакратара судовага паседжаньня і забесьпячэньне грамадзкага парадку ў судзе. Паводле 173-га артыкула, апарат Вярхоўнага суду Беларусі ажыцьцяўляе забесьпячэньне дзейнасьці судоў агульнай юрысдыкцыі. Згодна са 174-м артыкулам «працаўнікі Сакратарыяту Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь і апарату Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, якія зьяўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі, прыраўноўваюцца паводле ўмоваў аплаты працы, сацыяльна-бытавога, матэрыяльнага і іншага забесьпячэння, мэдыцынскага абслугоўваньня да адпаведных катэгорыяў працаўнікоў Апарату Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. У 176-м артыкуле ўдакладнялася, што «абавязкі па забесьпячэньні грамадзкага парадку ў судзе, стрыманьні фактаў непавагі да суда, ахове памяшканьня суда і выкананьні іншых функцыяў, зьвязаных з падтрыманьнем грамадзкага парадку ў судзе, ускладаюцца на органы ўнутраных справаў». Паводле 179-га артыкула, «маёмасьць, неабходная Канстытуцыйнаму суду Рэспублікі Беларусь, судам агульнай юрысдыкцыі для ажыццяўленьня іх дзейнасьці, зьяўляецца рэспубліканскай уласнасьцю і знаходзіцца ў іх апэратыўным кіраваньні»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў ад 29 чэрвеня 2006 г. № 139-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 20 жніўня 2020 г.
  3. ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 20 жніўня 2020 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў ад 29 чэрвеня 2006 г. № 139-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 24 сакавіка 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2021 г.