Перайсьці да зьместу

Кныш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кныш
Бульбяны кныш
Бульбяны кныш
Тыппіражок
Нацыянальная стравабеларуская, украінская
ПаходжаньнеБеларусь, Украіна
РэгіёнУсходняя Эўропа
Асноўны складнікцеста
Распаўсюджаныя складнікікапуста, цыбуля, яйка, алей
Падобныя стравыбэрлінэр, ватрушка

Кныш — невялікі круглы піражок з запечанымі ўнутры (або выкладзеным на паверхні, паміж прыўзьнятымі краямі) тварагом або іншай начынкай: варэньнем, або пасераванай цыбуляй са скваркамі.

Вельмі характэрнымі для XIX стагодзьдзя былі кнышы з грачнёвай кашай і цыбуляй са скваркамі, якія падаваліся ў сярэднезаможных дамах як дадатак да мясных страваў. На пачатку XX стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі згадваў: «кнышы пякуцца з тварагом, макам, каноплямі і канфітурамі». Страва гэтая беларуска-ўкраінскага паходжаньня. Даўней палякі казалі «Русь пячэ кнышы памерлым» праз звычай пячы кнышы на Дзяды. Беларускае слова кныш (украінскае: книш), хутчэй за ўсё, паходзіць ад нямецкага knitschel — «галушка з мукі».

У 1900-я гады жыдоўскія перасяленцы зь Беларусі пашырылі кнышы ў хуткім харчаваньні ЗША[1].

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для прыгатаваньня дражджавога цеста выкарыстоўваюць: 2 шклянкі мукі, 3/4 шклянкі малака, 2 яйкі, 1 жаўток, 3 сталовыя лыжкі топленага масла, 30 грамаў дражджэй і чайную лыжку цукру. Для начыньня са смажанай цыбулі бяруць: 3 цыбуліны, 3 сталовыя лыжкі алею і перац. У прыгатаваньні начыньня з квашанай капусты выкарыстоўваюць: 300 грамаў квашанай капусты, 2 звараныя ў крутую яйкі, 1 цыбулю і 1 сталовую лыжку алею. З такой закладкі атрымліваецца 16 кнышоў[2].

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку прасяваюць муку ў місу. Затым расьціраюць дрожджы з цукрам і дадаюць 2 сталовыя лыжкі малака. Атрыманую сумесь разьмешваюць з 2-ма сталовымі лыжкамі мукі да атрыманьня густой масы, пасьля чаго пакідаюць яе ў цёплым месцы на 15 хвілінаў, каб пачала падыходзіць. Затым дадаюць рэшту мукі і малака, убіваюць туды ж яйкі і большую частку масла. Драўлянай лыжкай замежваюць цеста да аднароднасьці і элястычнасьці. Атрыманае цеста прыкрываюць ільняным ручніком або сурвэткай і хаваюць у цёплае месца на 30 хвілінаў да падваеньня аб’ёму. За гэты час рыхтуюць начыньне[2].

У выпадку цыбулевага начыньня цыбулю варта абабраць і нарэзаць маленькімі кубікамі. Атрыманыя кубікі цыбулі смажаць на алеі да карычнева-залацістага адценьня і пастаянна перамешваюць. Затым дадаюць перац. У выпадку начыньня з квашанай капусты яе дробна крышаць і вараць у малым аб’ёме вады, каб выкіпела залішняя вадкасьць. Цыбулю крышаць і смажаць на алеі да карычневага адценьня. Капусту і цыбулю зьмешваюць, пасьля чаго дадаюць перац і тушаць каля 10 хвілінаў. Пасьля звараныя ў крутую яйкі крышаць кубікамі і дадаюць у сумесь[2].

Затым цеста, што падышло, раскачваюць таўшчынёй каля 1 см на стальніцы, пасыпанай мукой. Раскачанае цеста наразаюць на кружкі прамерам каля 10 см. На кожным кружку робяць па 5 надрэзаў глыбінёй каля 3-х см ад краю ў бок сярэдзіны нажом, змочаным у алеі, каб той кружок атрымаў форму кветкі зь пялёсткамі. У сярэдзіну кожнай кветкавай формы кладуць начыньне. Яе пялёсткавыя краі выцягваюць і згортваюць усярэдзіну, каб закрыць падобна канвэрту. Атрыманыя формы пакідаюць у цёплым месцы на 7 хвілінаў. Затым краі зашчыпваюць, каб цалкам схаваць начыньне. Сфармаваныя кнышы раскладаюць на змазанай тлушчам блясе і змажваюць жаўтком. Духоўку папярэдне разаграюць да +180˚С і выпякаюць у ёй кнышы 30 хвілінаў да залаціста-карычневага адценьня. За 1 хвіліну за выняцьця ўжо запечаныя кнышы паліваюць топленым маслам[2].

Прыгатаваныя кнышы падаюць самастойна або з баршчом ці грыбной поліўкай. Кнышы з салодкім начыньнем можна падаваць з гарбатай або кавай і салатай з садавіны[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Рэстаратары нарэшце сталі да мяне прыслухоўвацца» // Ігуменскі тракт. — 5 лістапада 2013. — № 37 (52).
  2. ^ а б в г д Алесь Белы. «Русь пячэ кнышы памерлым» // Партал «Наша ніва», 2 лістапада 2021 г. Праверана 4 лістапада 2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»