Клясыфікацыя фільму

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Клясыфікацыя фільма»)

Клясыфікацыя фільму — аднясеньне фільму ў залежнасьці ад яго тэматыкі, жанру, зьместу і мастацкага афармленьня да пэўнай узроставай катэгорыі.

У залежнасьці ад краіны можа ажыцьцяўляцца галіновым аб’яднаньнем кінавытворцаў (Кінааб’яднаньне Амэрыкі) або ўпаўнаважанай дзяржаўнай установай («Інстытут культуры Беларусі»).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 студзеня 1993 году міністар культуры Рэспублікі Беларусь падпісаў Загад № 7 аб стварэньні Дзяржаўнага рэгістра кінавідэафільмаў і кінавідэапраграмаў (Менск, вул. К.Маркса, д. 12). 11 студзеня 1996 году міністар культуры і друку Анатоль Бутэвіч зацьвердзіў Палажэньне аб Джяржрэгістры кінавідэафільмаў і кінавідэапраграмаў, паводле 7-га артыкула якога: «Рэгістар ажыцьцяўляе клясыфікацыю айчынных і замежных кінафільмаў». Тамсама згадвалася, што «Зыходзячы са зьместу прагледжанага фільму, Рэгістар прысвойвае яму адпаведны індэкс, які вызначае парадак яго публічнай дэманстрацыі. Гэты індэкс у абавязковым парадку пазначаецца ва ўсіх выпадках публічнай дэманстрацыі кінатвора і яго рэклямы»:

  • «Л — для ўсіх гледачоў;
  • * — для паказу за выключэньнем спэцыяльных дзіцячых сэансаў;
  • ** — дазволена для паказу дзецям да 16 гадоў у суправаджэньні бацькоў;
  • *** — не дазволена для паказу дзецям да 16 гадоў;
  • **** — не дазволена для паказу асобам да 18 гадоў». Пагатоў кінатворы гэтага кшталту дазвалялі паказваць толькі ў адмысловых для таго кінатэатрах, а па этэрным і кабэльным тэлебачаньні «не раней за 23:00 і не пазьней за 4:00 па мясцовым часе»[1].

У Палажэньні ўдакладнялася: «Пры разьмяшчэньні рэклямы кінатвора ў правым верхнім куце афішы (буклета, лістоўкі, аб'явы і г.д.) мае быць разьмешчаны адзін з наступных сымбаляў:

  • А — для ўсіх гледачоў (у трохкутніку на зялёным фоне літара «А»);
  • ЛС — для паказу за выключэньнем спэцыяльных дзіцячых сэансаў;
  • Б16 — для паказу дзецям да 16 гадоў у справаджэньні бацькоў (у трохкутніку на жоўтым фоне літара «Б» і лічба «16»);
  • 16 — не дазволена для паказу дзецям да 16 гадоў (у трохкутніку на чырвоным фоне лічба «16»);
  • 18 — не дазволена для паказу асобам да 18 гадоў (у трохкутніку на чырвоным фоне лічба «18»)»[1].

Адначасова ў 1993 годзе пры Міністэрстве культуры стварылі Рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, культу насільля і жорсткасьці (РЭК), якая на аснове брытанскага досьведу распрацавала клясыфікацыйную мапу кінавідэавырабаў (Брытанская рада клясыфікацыі фільмаў)[2]. 21 красавіка 1997 г. Міністэрства культуры Беларусі зацьвердзіла Палажэньне аб Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, насільля і жорсткасьці. Паводле 3-га артыкула Палажэньня, «Склад РЭК фармуецца з кваліфікаваных спэцыялістаў-экспэртаў у галінах мастацтвазнаўства, эстэтыкі, этыкі, літаратуразнаўства, сацыялёгіі, юрыспрудэнцыі, мэдыцыны, пэдагогікі, псыхалёгіі і іншых па прапановах зацікаўленых міністэрстваў. Пэрсанальны склад РЭК узгадняецца з зацікаўленымі міністэрствамі і зацьвярджаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 3 гады». Паводле 6-га артыкула, «Уся без выключэньня прадукцыя эратычнага характару ці якая ўтрымлівае элемэнты насільля і жорсткасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад публічным яе паказам і распаўсюджваньнем, а таксама вытворчасьцю любым спосабам юрыдычнымі і фізычнымі асобамі абавязкова павінна мець экспэртнае заключэньне РЭК». Пагатоў экспэртыза фільму каштавала «за 60 мінут — 0,4 мінімальнай заработнай платы»[3]. З 2001 году старшынёй РЭК стала дацэнтка факультэту журналістыкі БДУ Ніна Фральцова[4]. У 2001—2005 гг. Дзяржрэгістар узначальваў рэжысэр Юры Цьвяткоў. На 2012 год звыш 99% клясыфікаваных у Беларусі фільмаў дазволілі да паказу[4].

21 жніўня 2014 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 810, паводле якой ухваліў Палажэньне аб Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці ў ёй прыкметаў праяваў экстрэмізму, якую стварыў пры Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь[5]. Паводле 5-га артыкула Палажэньня, «Пэрсанальны склад экспэртнай камісіі зацьвярджаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь». Камісію ўзначаліла кіраўніца Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Ядвіга Яскевіч[6].

Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» 2016 году, «Фільмы, прызначаныя для паказу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць клясыфікацыі». Згодна з 207-м артыкулам Кодэкса, «Клясыфікацыю фільму ажыцьцяўляе Міністэрства культуры». Паводле 5-га пункта 207-га артыкула, «Пасьля прагляду фільмы, якія ўтрымліваюць: элемэнты эротыкі, насільля і жорсткасьці, накіроўваюцца Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, у Рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, насільля і жорсткасьці для атрыманьня экспэртнага заключэньня; заклікі да экстрэмізму, накіроўваюцца Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, у Рэспубліканскую экспэртную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці ў ёй прыкметаў праяўленьня экстрэмізму для атрыманьня экспэртнага заключэньня». Згодна з 6-м пунктам, «Фільм можа быць аднесены да наступных узроставых катэгорыяў:

  • «0» — без узроставых абмежаваньняў;
  • «6+» — фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 6 гадоў;
  • «12+» — фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў;
  • «16+» — фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 16 гадоў;
  • «18+» — фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў. Паказ фільмаў гэтай узроставай катэгорыі па тэлебачаньні з 6-й да 24-й гадзіны забараняецца»[7].

Згодна з 7-м пунктам 207-га артыкула Кодэкса, «Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, прымаецца рашэньне аб адмове ў клясыфікацыі фільму ў выпадках выяўленьня ў фільме элемэнтаў парнаграфіі, прапаганды насільля і жорсткасьці і прыкметаў праяўленьня экстрэмізму». Пагатоў «Знак узроставай катэгорыі фільму ўказваецца ва ўсіх выпадках выкарыстаньня фільму (у тым ліку пры трансьляцыі па тэлебачаньні) і яго рэклямы (буклеты, запрашальныя білеты, лістоўкі, аб’явы і іншае), а таксама на ўпакоўцы матэрыяльных носьбітаў экзэмпляраў фільму». Паводле 208-га артыкула Кодэкса, «Дзяржаўны рэгістар фільмаў зьмяшчае зьвесткі аб фільмах, у адносінах да якіх прынята рашэньне аб клясыфікацыі, і іх узроставай катэгорыі». Пагатоў «Зьвесткі, якія зьмяшчаюцца ў Дзяржаўным рэгістры фільмаў, зьяўляюцца адкрытымі і разьмяшчаюцца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры»[7].

На 3 лютага 2017 г., калі набыў моц Кодэкс «Аб культуры», Дзяржаўны рэгістар фільмаў налічваў 13 983 фільмы. Зь іх 4959 (35,5%) фільмаў мелі пазнаку ** (да 14 гадоў у суправаджэньні бацькоў), 4185 (29,9%) — *** (з 16 гадоў), 3036 (21,7%) — * (да 12 гадоў у суправаджэньні бацькоў), 899 (6,4%) — **** (з 18 гадоў), 692 (4,9%) — 0 (для ўсіх), 102 (0,7%) — Э18 (эратычны з 18 гадоў)[8], 93 (0,7%) забароненыя, 15 (0,1%) без пазнакі, 2 не рэкамэндаваныя. Гэтыя фільмы паходзілі з 70 дзяржаваў, у тым ліку зь Беларусі — 116 (0,8%) фільмаў. З суседніх 5 дзяржаваў было 2066 (14,8%) фільмаў: Латвія — 8, Летува — 5, Польшча — 96 (0,7%), Расея — 1918 (13,7%; зь іх 79 часоў СССР), Украіна — 39 (0,3%). Паводле частак сьвету фільмы разьмяркоўваліся наступным чынам: Азія — 802 (5,7%) з 19 дзяржаваў, Акіянія — 116 (0,8%) з 2 дзяржаваў, Афрыка — 9 з 3-х дзяржаваў, Паўднёвая Амэрыка — 71 (0,5%) з 7 дзяржаваў, Паўночная Амэрыка — 7494 (53,6%) з 5 дзяржаваў, Эўропа — 5222 (37,3%) з 34 дзяржаваў. Яшчэ 5 фільмаў былі без пазнакі дзяржавы. Пагатоў звыш паловы фільмаў прыпадала на Злучаныя Штаты Амэрыкі — 7229 (51,7%). Другое месца займала сумежная Расея (13,7%). Наступныя 3 месцы займалі: Францыя — 1187 (8,5%) фільмаў, Брытанія — 563 (4%), Італія — 394 (2,8%). Па больш як 100 фільмаў стаяла на ўліку зь яшчэ 5 дзяржаваў: Японія — 306 (2,2%), Нямеччына — 277 (2%), Канада — 232 (1,7%), Гішпанія — 214 (1,5%), Кітай — 198 (1,4%). Таксама ўлічаныя фільмы належалі да 52 жанраў і відаў, сярод якіх найбольш пашыранымі былі 6: камэдыя (2827; 20,2%), драма (2592; 18,5%), трымценьнік (1604; 11,5%), баявік (1482; 10,6%), мэлядрама (1363; 9,7%) і анімацыя (1076; 7,7%). Па больш як 100 фільмаў належалі да яшчэ 7 жанраў: жахлівік (670), гістарычны (601), фантастычны (506), прыгодніцкі (423), дэтэктыў (334), дакумэнтальны (188) і фантазійны (183)[9].

На 27 кастрычніка 2017 г. пасьля набыцьця моцы Кодэксам «Аб культуры» (за 9 месяцаў) ў Дзяржаўны рэгістар фільмаў улучылі яшчэ 3069 фільмаў[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Палажэньне «Аб Дзяржаўным рэгістры кінавідэафільмаў і кінавідэапраграмаў» ад 11 студзеня 1996 г. (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, лістапад 2011 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  2. ^ Тацяна Падаляк. Сэкс не прынята выстаўляць «напаказ» (Зьвязда, 2 сакавіка 2002 г.) // Мэдыяэтыка: сацыяльныя каштоўнасьці, маральныя імпэратывы, прафэсійныя нормы сучаснай журналістыкі. — Менск: БДУ, 2015. — С. 167. — 191 с. — 150 ас. — ISBN 978-985-566-153-6
  3. ^ Аляксандар Сасноўскі. Палажэньне «Аб Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, насільля і жорсткасьці» ад 21 красавіка 1997 г. // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  4. ^ а б Вольга Чайкоўская. Глядзець або не глядзець // Жырандоля. — 9 чэрвеня 2012. — № 19 (148). — С. 6.
  5. ^ У Беларусі ствараецца камісія па ацэнцы інфармпрадукцыі на прадмет прыкметаў экстрэмізму // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 жніўня 2014 г. Архіўная копія ад 23 жніўня 2014 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  6. ^ Міхаіл Мясьніковіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 2014 г. № 810 «Аб экспэртных камісіях па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці ў ёй прыкметаў праяваў экстрэмізму (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 жніўня 2014 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  7. ^ а б А.Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З // Прававы партал Рэспублікі Беларусь «Эталон-Анлайн», 20 ліпеня 2016 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  8. ^ Настасься Панкратава. Ад чатырох «зорак» да бяздумнага «лайка» // Культура : газэта. — 28 студзеня 2017. — № 4 (1287).
  9. ^ Зьвесткі аб рэгістрацыі фільмаў, унесеныя ў Дзяржаўны рэгістар фільмаў да ўступленьня ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры (рас.) // «Інстытут культуры Беларусі», 3 лютага 2017 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.
  10. ^ Зьвесткі аб клясыфікацыі фільмаў, унесеныя ў Дзяржаўны рэгістар фільмаў пасьля ўступленьня ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры (рас.) // «Інстытут культуры Беларусі», 27 кастрычніка 2017 г. Праверана 1 лістапада 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]