Кентэн Фіён Мае
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Кентэ́н Фіён Мае́ (па-француску: Quentin Fillon Maillet; 16 жніўня 1992 году) — францускі біятляніст. Алімпійскі чэмпіён 2022 году, а таксама пераможца Кубка сьвету 2021—2022 гадоў.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Кубку сьвету дэбютаваў у сэзоне 2013—2014 гадоў на этапе ў францускім Ансі. Ужо ў другой сваёй гонцы, якой была гонка перасьледу, здолеў набраць свае першыя пункты, фінішаваўшы на 37-м радку. У сэзоне 2018—2019 гадоў узяў перамогі ў масавым старце на этапе ў італьянскім Антгольцы-Антэрсэльве і гонцы перасьледу на этапе ў Солт-Лэйк-Сіці. Таксама браў удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году.

На чэмпіянаце сьвету 2019 году ў Эстэрсундзе Фіён Мае здабыў свае першыя мэдалі ў асабістых дысцыплінах, якімі сталі бронза ў спрынце і гонцы перасьледу. Праз год на чарговым чэмпіянаце сьвету стаў чэмпіёнам у мужчынскай эстафэце, дзе бег на апошнім этапе, а таксама быў срэбным прызэрам у масавым старце і спрынце. У Паклюцы ў 2021 годзе на чэмпіянаце сьвету разжыўся толькі бронзавым мэдалём у масавым старце. Увесь гэты час тры разы запар з 2019 па 2021 гады фінішаваў на трэцім радку агульнага заліку Кубка сьвету. Француз набыў добрую форму ў сэзоне перад чарговай Алімпіядай. У Кубку сьвету да лютага 2022 году біятляніст браў перамогі ажно ў пяці этапах, дамінуючы ў гонках перасьледу. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў Пэкіне спартовец 8 лютага стаў чэмпіёнам у індывідуальнай гонцы 20 км, а 13 лютага перамог у гонцы перасьледу. Акрамя таго, Фіён Мае ўзяў тры алімпійскія срэбныя мэдалі ў іншых дысцыплінах. Да канца Кубка сьвету, які скончыўся перамогай біятляніста ў агульным заліку, ён перамог яшчэ на трох этапах.
На чэмпіянаце сьвету 2023 году ў Обэргофе ўпершыню з 2017 году ён заваяваў мэдаль у зьмяшанай эстафэце, заняўшы трэцяе месца ў складзе зборнай Францыі, а таксама стаў пераможцам у мужчынскай эстафэце, дзе ўступіў у барацьбу на апошнім этапе. У наступным сэзонах Кубка сьвету ня меў вялікіх посьпехаў, а ў сэзоне 2023—2024 гадоў нават ня трапіў у дзясятку найлепшых паводле выніку сэзону. На чэмпіянатах сьвету 2024 і 2025 гадоў рабіўся чэмпіёнам у складзе эстафэтнай каманды.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Who's Who in France (фр.) — Paris: 1953. — ISSN 0083-9531; 2275-0908
- 1 2 olympics.com (анг.) — 2021.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт.
- Профіль (анг.) на FIS
- Старонка на IBU.