Кацян
| Хан Кацян лац. Khan Kacian | |
| XII стагодзьдзе — 1241 | |
| Месца нараджэньня | |
|---|---|
| Месца сьмерці | |
| Прыналежнасьць | Белая Куманія |
Кацян (па-вугорску: Kötöny) — куманскі хан з роду Тэртовічаў. У гістарычнай літаратуры сустракаюцца розныя транскрыпцыі яго імя (Köten, Kutan, Kuthen, Kuthens, Kotyan, Kotjan, Koteny, Kötöny, Kuethan, Кутен, Хотен).
Жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1205 годзе, пасьля сьмерці князя Галіцкага Рамана Мсьціславіча, Кацян, разам з братам сваім Самагурам, удзельнічаў у паходзе Рурыка Расьціславіча й Ольгавічаў на Галіч — і ледзь не патрапіў у палон. У 1223 г., пасьля татарскага нашэсьця на кыпчацкую зямлю, Кацян явіўся ў Галіч да зяця свайго, князя Мсьціслава Мсьціславіча, і папрасіў яго й усіх руськіх князёў аказаць яму дапамогу супраць манголаў — якая й была паабяцана й аказана (гл. Бітва на рацэ Калцы).
У 1225 годзе Мсьціслаў прыводзіў Кацяна да сябе, зьбіраючыся ісьці на ляхаў, якія былі ў зьвязе з Даніілам Раманавічам, а ў 1228 Кацян дапамагаў вялікаму князю кіеўскаму Ўладзіміру Рурыкавічу — ізноў жа, супраць Данііла. Аднак, пазьней куманы Кацяна дапамагалі ўжо Даніілу — супраць Вугоршчыны.
У 1237 годзе разьбіты манголамі Батыя Кацян бег з 40 тысячамі аднапляменьнікаў у Вугоршчыну, дзе кароль Бела ІV міласьціва прыняў яго ў падданства й даў ім землі для пасяленьня. Наўзамен за паданьне Кацяну й яго людзям вугорскага падданства, — куманы, якія раней спалучалі ўсходняе хрысьціянства з пакланеньнем Тэнгры, прынялі каталіцтва. Афіцыйна з гістарычных крыніц вядома, што Кацян быў хрышчоны па лацінскім абрадзе ў 1239 г. Адна з дочак Кацяна, вядомая як Лізавета Куманская, была заручана (і пазьней узяла шлюб) з сынам Белы ІV, якія пазьней стаў Стэфанам (Іштванам) V Вугорскім.
Аднак, вугорская арыстакратыя, памятаючы ранейшую пераменнасьць хана Кацяна, ставілася да куманаў зь вялікім недаверам. Літаральна напярэдадні Мангольскага ўварваньня ў Вугоршчыну, дваране-змоўшчыкі забілі Кацяна й яго сыноў у Пешце (падазраючы, хутчэй за ўсё, беспадстаўна, што Кацян можа перайсьці на бок Батыя[2]). Пасьля сьмерці улюбёнага кіраўніка большая частка куманаў адраклася ад каталіцтва й перайшла ў падданства да баўгарскага цара Каламана І[3]. Частка полаўцаў (уключаючы й Лізавету Куманскую) засталася ў Вугоршчыне[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Magyar életrajzi lexikon (вуг.) / пад рэд. K. Ágnes — Budapest: Akadémiai Kiadó, 1967.
- ^ Гэта забойства апісана ў рамане Васіля Яна, «Батый» — глава «Канец хана Кацяна».
- ^ Пазьней, у 1280—1322 гг., Тэртэраўцы валадарылі ў Баўгарыі
- ^ Астатнія кацянаўцы засялілі камітаты Надзькуншаг (Вялікую Куманію), Кішкуншаг (Малую Куманію) і Ноград. Іх нашчадкі жывуць там дагэтуль, называюць сябе куманамі (у Надзькуншагу і Кішкуншагу) і палоцамі (у Ноградзе), хоць да XVIII стагоддзя зусім забыліся палавецкую мову.