Каталіцтва ў Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Катэдральны сабор Сьвятых Пятра і Паўла ў Таліне

Каталіцкая царква Эстоніі зьяўляецца часткай сусьветнай Каталіцкай царквы.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2000 году ў краіне пражывала 5 745 чалавек, якія дэкляравалі сваё каталіцкае веравызнаньне, то бок каля 0,5 % насельніцтва[1]. Сайт catholic-hierarchy.org прыводзіць тую ж лічбу на 2008 год[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хрысьціянства пачало трапляць на тэрыторыю сучаснай Эстоніі ў XI стагодзьдзі[3], гэта пацьвярджаюць як археалягічныя, так і пісьмовыя сьведчаньні. Так, прыкладна ў 1070 годзе арцыбіскуп брэмэнскі прызначыў эстам і фінам біскупа[4]. У пачатку XIII стагодзьдзя тэрыторыя сучаснай Эстоніі была захоплена дацкімі і нямецкімі крыжакамі, за імі пачалася гвалтоўная хрысьціянізацыя эстаў, якая збольшага скончылася да 1227 году[5].

У першай палове XVI стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснай Эстоніі шырокае распаўсюджаньне атрымаў рэфармацыйны рух, а ўплыў каталіцтва стаў згасаць. У другой палове XVI стагодзьдзя амаль уся Эстонія была заваявана швэдамі, пасьля чаго каталіцтва было цалкам забаронена, а афіцыйнай царквой стала лютэранская. У 1559–1645 гг каталіцтва на тэрыторыі сучаснай Эстоніі існавала толькі ў паўднёвай вобласьці – Лівоніі, якая тады была падпарадкавана Вялікаму Княству Літоўскаму.[5]

З 1710 году ў выніку Вялікай Паўночнай вайны Эстонія знаходзіцца пад уладай Расейскай імпэрыі. Пасьля далучэньня эстляндзкіх земляў да Расейскай імпэрыі Пётр I аднавіў правы нямецкай арыстакратыі, страчаныя ёю пры швэдзкім кіраваньні, уключаючы свабоду сумленьня. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Эстоніі налічвалася каля 300 каталікоў, галоўным чынам сярод нямецкага дваранства. XIX стагодзьдзе стала пэрыядам адноснага адраджэньня каталіцкай веры ў Эстоніі, у 1845 годзе была асьвечаная царква ў Таліне, у 1899 годзе – у Тарту.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці ў 1918 годзе дзяржава гарантавала грамадзянам свабоду сумленьня. Сьвяты Прастол прызнаў Эстонію 10 кастрычніка 1921 году. У 1924 годзе ўтворана апостальская адміністратура Эстоніі. З 1931 па 1942 год яе ўзначальваў Эдуард Профітліх. У 1936 годзе ён стаў першым у гісторыі эстонскім каталіцкім біскупам. Эдуард Профітліх памёр у 1942 годзе ў савецкай турме, у наш час ідзе працэс яго бэатыфікацыі.

Да моманту, калі Эстонія ў 1940 годзе была далучана да СССР, у краіне налічвалася каля 5 тысячаў каталікоў. У савецкі пэрыяд Каталіцкая царква ў Эстоніі цярпела рэпрэсіі як і іншыя рэлігійныя рухі, былі зачынены ўсе храмы, акрамя двух, многія сьвятары прайшлі праз турмы і лягеры.

Пасьля распаду СССР і аднаўленьня незалежнасьці Эстоніі 28 жніўня 1991 году, былі зноў усталяваны дыпляматычныя адносіны паміж Эстонскай Рэспублікай і Сьвятым Стальцом. У 1993 годзе краіну наведаў Папа Рымскі Ян Павал II.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каталіцкая царква ў Тарту

Каталіцкая царква ў Эстоніі арганізацыйна абʼяднана ў апостальскую адміністратуру Эстоніі. Паводле зьвестак на 2008 год, у краіне налічвалася 5 745 каталікоў, 14 сьвятароў, 4 манахі (адзін францысканец і тры дамініканцы, зь іх 2 іераманахі), 20 манашак і 9 прыходаў[2]. Апостальскую адміністратуру зь 1 красавіка 2005 году ўзначальвае Філіп Жан-Шарль Журдан. Катэдральным саборам апостальскай адміністратуры Эстоніі зьяўляецца сабор Сьвятых Пятра і Паўла ў Таліне.

Паводле зьвестак перапісу 2000 году, каталікі Эстоніі разьмяркоўваліся па нацыянальнасьці наступным чынам: эстонцы – 1736, палякі – 867, беларусы – 831, летувісы – 749, расейцы – 713, украінцы – 290, латышы – 182, фіны – 77, немцы – 73, іншыя – 227[6].

Каталіцкія прыходы існуюць у Таліне, Тарту, Пярну, Валзе, Ахтмэ, Нарве, Сіламяэ, Раквэрэ і Ківіылі[7]. У Таліне таксама разьмешчаны адзіны ў краіне грэка-каталіцкая парафія, якая адміністрацыйна адносіцца да Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы.

Самай вядомай каталіцкай пабудовай краіны зьяўляецца кляштар Сьвятой Біргіты, пабудаваны ў 1407 годзе і разбураны ў час Лівонскай вайны расейскімі войскамі ў XVI стагодзьдзі. У 2001 годзе побач з руінамі старажытнага кляштару быў пабудаваны новы будынак, дзе цяпер жывуць 8 манашак-брыгітак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Каталіцтва ў Эстоніісховішча мультымэдыйных матэрыялаў