Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак (Нясьвіж)
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак | |
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак | |
| Краіна | Беларусь |
| Места | Нясьвіж |
| Каардынаты | 53°12′56,80″ пн. ш. 26°40′53,57″ з. д.HGЯO |
| Канфэсія | Каталіцкая царква |
| Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | барока |
| Дата заснаваньня | XVI стагодзьдзе |
| Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак на мапе Беларусі Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак | |
Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Нясьвіжы. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Старога Места, на гістарычнай Бэнэдыктынскай вуліцы[a]. Твор архітэктуры раньняга і віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з касьцёла, убудаванага ў кляштарны корпус, гаспадарчых пабудоваў і мура з брамай-званіцай. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцельную званіцу дзеля надбудовы купала-цыбуліны. З савецкіх часоў у кляштарным комплексе разьмяшчаецца пэдадагічны каледж.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Кляштар бэнэдыктынак у Нясьвіжы заснавалі ў канцы XVI ст. з фундацыі братоў Мікалая «Сіроткі» і Юрыя Радзівілаў. У 1590—1596 гадох вялося будаваньне мураванага кляштарнага комплекса, які меў абарончае значэньне. 12 чэрвеня 1597 году ў касьцёле адбылося першае набажэнства.
У 1720-я гады кляштар рэканструявалі, касьцёл упрыгожыла вежа. У 1763 годзе пры ўваходзе на тэрыторыю кляштару збудавалі вежу-браму. Пры кляштары дзеяла жаночая школа. У 1784 годзе кляштар наведаў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. На 1804 год было 22 навучэнкі, 48 чалавек жаночай прыслугі і 16 рамесьнікаў, на 1828 год — 33 манашкі, пераважна зь Менскага і Наваградзкага паветаў. У бібліятэцы было 437 кніг на польскай і 79 на лацінскай мовах. З музычных інструмэнтаў упамінаюцца 5 скрыпак, басэтля, 2 флейты.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1877[1] годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, па чым касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Кляштарны корпус прыстасавалі пад вайсковыя кашары. У гэты ж час зруйнавалі касьцельную вежу.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі бэнэдыктынкам. У 1945 годзе савецкія ўлады зачынілі кляштар.
З 1994 году ў будынках кляштару месьціцца пэдагагічны каледж на базе пэдагагічнай вучэльні, заснаванай у 1984 годзе.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з 5-граннай апсыдай і невялікім трансэптам. Уваход у касьцёл ажыцьцяўляецца з калідораў прыбудаванага кляштарнага карпуса. Галоўны фасад выходзіць ува ўнутраны дворык і мае выгляд рызаліта кляштарнага корпуса. Апсыда дэкаруецца трыма пілястрамі і лучковымі аконнымі праёмамі. Над рызалітам узвышалася 8-гранная 3-ярусная вежа, зруйнаваная ў другой палове XIX ст.
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Кляштарны корпус — 2-павярховы Е-падобны ў пляне будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі (цэнтральная частка — касьцёл). Гладкія сьцены фасадаў праразаюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Архітэктурна-прасторавая арганізацыя двух замкнёных двароў, сфармаваных як з заходняга, так і з усходняга, алтарнага боку касьцёла, мае нерэгулярны і досыць выпадковы характар. Галоўны ўваход разьмяшчаецца асымэтрычна, у паўночным крыле.
У бакавых крылах разьмяшчаліся кельлі, гаспадарчыя і службовыя памяшканьні, у паўднёвым крыле — заля-трапезная. Унутраны плян калідорны, часткова зьменены пад сучасныя патрэбы.
Брама-званіца
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вежа-брама разьмяшчаецца паміж кляштарымі сьценамі, на цэнтральнай восі ўнутранага дворыку. Гэта прастакутны ў пляне будынак, падзелены разьвітымі прафіляванымі цягамі на тры ярусы, якія паступова зьмяншаюцца. Першы ярус праразаецца аркай, над якой разьмяшчаецца высокі праём, другі з аркавым аконным праёмам у цэнтры, апярэзаны ліштвай, трэці ярус таксама з аркавым праёмам, дэкараваны крывалінейным карнізам. Кожны ярус на кутах падзяляецца пілястрамі. Вежа завяршаецца фігурным купал з шпілем. Дзьверы аздабляюцца мастацкай акоўкай[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі
- Т. Барэці, 1894 г.
- Т. Барэці, 1894 г.
- 1905 г.
- да 1918 г.
- да 1918 г.
- да 1918 г.
- 1923—1934 гг.
- 1923—1934 гг.
- 1930 г.
- 1937 г.
- Б. Таўрагінскі, 1937 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г
- да 1939 г.
- 1941—1944 гг.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Брама-званіца
- Кляштарны корпус з касьцёлам
- Касьцельная апсыда
- Мур
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Яўхімія — другое імя жонкі Мікалая Крыштопа Радзівіла «Сіроткі» Альжбеты зь Вішнявецкіх
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чапаева, 8
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ярашэвіч А. Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 375.
- ↑ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 372.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 612Г000480 |