Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам MerlIwBot (гутаркі | унёсак) у 03:49, 3 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл Сьв. Войцеха (здымак 1870 року)

Касьцёл Сьвятога Войцеха і кляштар бэнэдыктынак — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Менску. Дзейнічаў з 1-й пал. XVII ст да 1870-х рокаў. Займаў пляц на Высокім Рынку на Зборавай вуліцы (раён кінатэатра «Перамога»).

Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касьцёла і 2-павярховага кляштарнага корпусу з прыбудоваю, капліцы, капэляніі, 2 флігеляў, бровару, сьвірану, стайні і інш. пабудоваў, а таксама саду. Тэрыторыю кляштару абкружаў высокі мур, які меў некалькі брамаў. Усе кляштарныя збудаваньні зруйнавалі ў 1960-я рокі, да нашага часу захаваліся падмуркі касьцёла.[1][2]

Гісторыя

Высокі Рынак на здымку XIX ст., праваруч Касьцёл Сьв. Войцеха

Менскі бэнэдыктынскі кляштар заснаваў віленскі канонік Войцех Сялява, які купіў у месьце два дамы зь іншымі пабудовамі ў С. Друцкага-Горскага і А. Сакалінскага і перадаў іх ордэну. Адпаведны фундуш ад 4 траўня 1633 року 14 ліпеня таго ж року пацьвердзілі кароль Уладзіслаў ІV і віленскі біскуп С. Война.[3] Першыя манашкі перасяліліся сюды зь нясьвіскага бэнэдыктынскага кляштару.

Ад пачатку комплекс быў драўляным, але ўжо ў 16471649 роках намаганьнямі віленскага ваяводы Крыштапа Хадкевіча і ягонай жонкі Соф’я, уроджанай Горскай-Друцкай, архітэктар А. Кромер узьвёў мураваны касьцёл пад тытулам Сьв. Войцеха, біскупа і пакутніка. Мураваны кляштарны корпус збудавалі на сродкі К. К. Сьвірскай.[3] Мэцэнатамі кляштару былі Марцыбэла Зянкевіч, Сусанна і Алена Станкевіч, Сусанна Навадворская і інш.

Файл:Minsk 1790.jpg
Плян Менску (1790). Касьцёл і кляштар бэнэдыктынак значацца пад нумарам 7

У вайну з Масковіяй 1654—1667 рокаў усходнія захопнікі спалілі ўсе драўляныя кляштарныя пабудовы, значна пашкодзілі і разрабавалі мураваную сьвятыню. Кляштар адбудавалі ў 1670-я рокі, касьцёл асьвяціў біскуп Мікола Слупскі.

У 1682 року увесь комплекс рэканструявалі, апроч таго ўзьвялі новы мураваны кляштарны корпус. У 1780-я рокі комплекс кляштару зноў рэканструявалі паводле праекту архітэктара Т. Раманоўскага ў стылі сталага барока, але будаўніцтва вежаў-званіцаў завершылася толькі ў 1803 року.

Станам на кан. XVIII — пач. XIX стст. у валоданьні кляштару знаходзіліся 3 фальваркі, 8 вёсак, 3 карчмы, млын і каля 93 валок зямлі. У 1799 року ў ім жылі 22 манашкі. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой паводле Яна Ходзькі, вучылася 18 дзяўчат (толькі 6 зь іх плацілі на навучаньне[3]).

Па задушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў расейскія ўлады зачынілі кляштар бэнэдыктынак (1871), канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перадалі іх праваслаўнаму ведамству пад жаночы Праабражэнскі манастыр. У 1872 року пачалася перабудова барокавага комплексу ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.

У пачатку 1920-х рокаў савецкія ўлады ліквідавалі менскі жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква ў будынку былога касьцёла працягвала дзейнічаць, але ў 1930-я рокі яе прыстасавалі пад клюб. У сярэдзіне 1960-х рокаў комплекс касьцёла і кляштара ўзарвалі. Пазьней зь левага боку ад падмуркаў касьцёла збудавалі будынак мескай пракуратуры з чырвонай цэглы.

Архітэктура

Рысунак касьцёла з атлясу Менскай губэрні (1800)

Касьцёл

Пасьля рэканструкцыі 17801803 рокаў касьцёл уяўляў сабой прастакутны ў плане 1-нэфавы аб’ём з 5-граннай апсідай, памерамі 70 на 20 локцяў (каля 46×13 м). Сьвятыня мела 2-схільны чарапічны дах, больш нізкі над прэзьбітэрыюмам. Галоўны фасад, зьвернуты да вуліцы, завяршаўся франтонам крывалінейнага абрысу. Яго флянкавалі 2 высокія 3-ярусныя вежы з купальнымі завяршэньнямі. Фасад быў насычаны вытанчанай архітэктурнай плястыкай: тонкапрафіляваны раскрапаваны карнізны пас падзяляў яго на два ярусы, а пілястры — на тры часткі, аконныя праёмы мелі мяккую лучковую абмалёўку.[4]

Інтэр’ер пад цыліндрычнымі скляпеньнямі ўпрыгожвалі пяць 2-ярусных алтароў: галоўны алтар Сьв. Войцеха, алтары Тадэвуша Апостала, Сьвятой Сям’і, сьвятых патрыярхаў Бэнэдыкта і Схаластыкі, Беззаганага Пачацьця Панны Марыі. У галоўным драўляным алтары быў абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, напісаны на палатне, у срэбнай з пазалотай і рубінамі шаце. У 2-м ярусе быў абраз Сьв. Войцеха, увенчвала кампазыцыю разьбянае Ўкрыжаваньне. Падлогу ў прэзьбітэрыі касьцёла пакрывалі пліткі чорнага мармуру, у санктуарыі яна была цаглянаю. Закрыстыя мелася адна, на хорах стаялі арганы на 10 галасоў. Побач з хорамі каля бакавой сьцяны была адмысловая галерэя, дзе падчас сьвятаў выступалі музыкі.[5]

Касьцёл (леваруч) пасьля перабудовы пад праваслаўную царкву

Пры перабудове касьцёла на царкву верхнія ярусы вежаў і франтон разбурылі, замест іх паставілі 5 глухіх цыбулепадобных купалаў над асноўным аб’ёмам і драўляную абшытую жалезам 3-ярусную шатровую званіцу ў цэнтры галоўнага фасаду.[3]

Кляштар

Да заходняга фасаду касьцёла далучаўся 2-павярховы, прастакутны ў пляне, кляштарны корпус пад вальмавым дахам. Насуперак архітэктуры касьцёла ён меў сьціплае плястычнае вырашэньне, фасады рытмічна падзяляліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.[4]

Цікавай была сыстэма ацяпленьня будынка — ад печак у тоўшчы сьценаў і пад падлогаю былі пракладзеныя своеасаблівыя керамічныя каларыфэры, якія дапалі дадатковае цяпло. Корпус бэнэдыктынак разьлічваўся на 15 кельляў, тым ня менш у кляштары часам знаходзілася да 28 законьніцаў, а разам з навіцыяткамі, вучаніцамі і службоўцамі насельніцтва асяродку дасягала 90 чалавек.

У комплекс кляштару таксама ўваходзіў сад, які паводле інвэнтару 1804 року налічваў 150 фруктовых дрэваў і агарод.

Цікавыя факты

  • Менскі кляштар бэнэдыктынак быў апошнім, які царскія ўлады зьліквідавалі ў месьце. Пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 рокаў ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў перасьлед. У пачатку 1871 року з кляштару выслалі манашак, якія знайшлі тут прытулак пасьля ліквідацыі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх накіравалі ў Кімбараўскі кляштар, што знаходзіўся каля Мазыра.[6]

Крыніцы

  1. ^ Захар Шыбека, Уладзімер Гілеп, Уладзімер Дзянісаў. Што аднаўляць найперш? // Наша Ніва, 2004 — 46. С. 7 [1]
  2. ^ Аквапарк на кляштарных могілках // Наша Ніва, 27 верасьня 2006
  3. ^ а б в г Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар бенедыкцінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 292
  4. ^ а б Касцёл і кляштар бенедыкцінак // Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188
  5. ^ У. М. Дзянісаў. Кляштар бенедыкцінак // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 313
  6. ^ Сяргей Харэўскі. Колькі шчыгулаў да разуменьня сучаснага Менску // «Беларускі калегіюм», лекцыі

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Шаблён:Link FA