Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала (Кабыльнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Касьцёл Сьвятога Андрэя (Нарач)»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл і званіца
Касьцёл і званіца
Краіна Беларусь
вёска Кабыльнік
Каардынаты 54°56′19″ пн. ш. 26°41′15.3″ у. д. / 54.93861° пн. ш. 26.687583° у. д. / 54.93861; 26.687583Каардынаты: 54°56′19″ пн. ш. 26°41′15.3″ у. д. / 54.93861° пн. ш. 26.687583° у. д. / 54.93861; 26.687583
Канфэсія Каталіцкая царква і каталіцтва
Эпархія Менска-Магілёўская архідыяцэзія 
Архітэктурны стыль нэаготыка
Дата заснаваньня 1897
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан дзейнічае
Сайт Афіцыйны сайт
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала на Вікісховішчы

Касьцё́л Сьвято́га Андрэ́я Апо́стала — помнік архітэктуры XVIII — пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне колішняга мястэчка, на гістарычнай Віленскай вуліцы[a]. Дзее. Твор архітэктуры барока (званіца) і нэаготыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У зборніку старажытных грамат на лацінскай мове пад назвай «Kodeks dyplomatyczny katedry і diecezji wileńskiej = Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis»[1] зьмяшчаюцца тры граматы датычна касьцёла Сьвятога Андрэя ў Малым Мядзеле:

  • 21 траўня 1434 году — дароўная грамата вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча
  • 20 сакавіка 1440 году — зацьвярджальная грамата вялікага князя датычна рэктара касьцёла Марціна Дабрылоўскага
  • 22 чэрвеня 1463 году — дароўная грамата Андрэя Пецькавіча, князя Сьвірскага, каноніка віленскага і плябана ў Варнянах

Аднак у камэнтарах да гэтых грамат, складальнікі зборніка адзначалі, што яны ёсьць фальсыфікатам. Таму пытаньне пра дату заснаваньня касьцёла застаецца адкрытым.

У 1579 годзе ў Кабыльніку існавалі «касьцёлы закону Рымскага і Грэчаскага»[2].

У 1736 годзе касьцёл рэканструявалі на сродкі Марціна Аскеркі, кашталяна наваградзкага. У гэтыя часы яго апісваюць як будынак «немалых памераў», інтэр’ер якога аздаблялі 6 алтароў. Па пажары 1862 году касьцёл ізноў аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Сьвентаржэцкага». У сьвятыні былі 3 алтары, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам Ісусам у срэбнай з пазалочанымі элемэнтамі шаце.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стары драўляны касьцёл, 1880 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Паводле зьвестак «Памятнай кніжкі Віленскай губэрні на 1867 год» (Вільня, 1867), адміністратарам Кабыльніцкага касьцёлу значыўся Ўладзіслаў Руткоўскі. У 1872 годзе адміністратарам касьцёла 4 клясы ў Кабыльніку быў Станіслаў Сульжынскі. Паводле зьвестак памятных кніжак Віленскай губэрні за наступныя гады можна даведацца, што ў 1874 годзе настаяцелем Кабыленскага прыходу быў Ёсіф Бержанскі, у 1881 годзе — Антоні Грэковіч, у 1886 годзе — Міхал Ардынскі.

У 1896 годзе драўляны касьцёл згарэў. 2 верасьня 1897 году побач зь месцам, дзе знаходзіўся будынак старога касьцёла, заклалі падмуркі новай мураванай сьвятыні. Галоўны арганізатар будоўлі — ксёндз Ігнацы Расалоўскі. Фундатары — мясцовыя парафіяне. Паводле ўспамінаў Альбіны Маліноўскай з Малой Сырмежы, чырвоную цэглу прывозілі з Паставаў, лес дзеля будоўлі даў пан Скірмунт з Шэметава. Захаваўся абразок з запісам на адвароце, што Ян Койра ахвяраваў 5 даляраў на касьцельную цэглу. Будаваньня касьцёла скончылі 9 верасьня 1901 году. 25 ліпеня 1904 году біскуп Эдвард фон Роп кансэкраваў касьцёл. 9 лістапада 1903 году папа рымскі Піюс Х прызначыў біскупа Эдварда Ропа ардынатарам Віленскай дыяцэзіі. 13 чэрвеня 1904 году біскупа ўрачыста інтранізавалі ў катэдральным касьцёле Сьвятога Станіслава ў Вільні. Першай візытацыяй у час яго дзейнасьці стала паездка ў Кабыльнік і асьвячэньне новага будынка касьцёла.

У 1907 годзе пробашчам касьцёлу па-ранейшаму быў Ігнаці Расалоўскі. У 1908—1913 гадох пробашчам касьцёла і вікарыем у Кабыльніцкім касьцёле быў ксёндз Адам Плескачэўскі, а ў 1915 годзе — Яан Сілевіч.

Пра касьцёл за часамі Першай сусьветнай вайны ўзгадваецца ва ўспамінах местачкоўца Маліноўскага: «Спачатку ў 1915 годзе немцы жылі ў касьцёле, дзе палілі печкі. Потым касьцёл пачаў дзейнічаць паводле прызначэньня. Адзін раз у тыдзень маліліся ў касьцёле цывільныя, нашыя людзі, з 11 гадзін немцы каталіцкай, а пазьней лютэранскай веры… 16 сакавіка 1916 году ля касьцёлу з боку могільніка ўпалі дзьве бомбы. Усе шыбы ў касьцёле выпалі, паранілі людзей».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы міжваеннай Польскай Рэспублікі ў касьцёле працавалі арганісты, якія жылі ў 2-кватэрным драўляным доме на вуліцы Кусеўскай[b]. У 1919—1925 гадох арганістам у касьцёле працаваў Ігнаці Кучынскі. У 1930 годзе ў мястэчка прыехаў арганіст Браніслаў Каравацкі, які скончыў навучаньне пры Арцыдыяцэзіяльным касьцёле каталіцкай грамады Вільні. За ім утварыўся касьцельны хор, у якім бралі ўдзел больш за 40 чалавек, у тым ліку: Ян Бжазоўскі, Ванда Галіеўская, Антоні Жукоўскі, Сабіна Місюк, Ёсіф Мураўскі, Ян Валай, Браніслава Пяткевіч, Андрэй Пляшак, Геля Тункевіч, Казімер Жалубоўскі, Зімніцкі ды іншыя.

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе мясцовага ксёндза Паўловіч забілі савецкія партызаны. Сьвятар спачыў ля касьцёлу. У 1950-я гады касьцёл спрабавалі зачыніць камуністычныя ўлады, пробашча парафіі ксяндза Пятра Васючонка пасадзілі ў турму, але вернікі праводзілі набажэнствы самі.

22 жніўня 2004 году адзначалася 570-годзьдзе пабудовы першага драўлянага касьцёла і стагодзьдзе кансэкрацыі новага будынка касьцёла. Цэлебраваў галоўную Эўхарыстыю ксёндз кардынал Казімер Сьвёнтэк. У наш час пры касьцёле дзейнічае місія кармэлітаў босых.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры нэаготыкі. Будынак мае тыповыя элемэнты гэтага стылю: стылізаваныя контрфорсы, акно-ружу, стрэльчатыя вокны. У разьвязку алтарнага фасаду некаторыя дасьледнікі бачаць адзнакі новага стылю «мадэрн».

У галоўным алтары захоўваецца велічны старажытны абраз Маці Божай зь Дзіцяткам Езусам y левай руцэ і скіпэтрам у правай (адрэстаўраваны ў 1902 годзе ў Вільні). Абразы ў бакавых алтарах, напісаныя Браніславам Камінскім: налева — абраз заступніка касьцёла Сьвятога Андрэя (1903 год), направа — Сьвятога Роха (1907 год). Каля сьцяны левага нэфу — алтар Сьвятога Антонія, таксама выкананы ў нэагатычным стылі з дубу ў пачатку XX ст.

У касьцёле стаіць арган 1902 году, што налічвае 2426 труб (2400 звукавых і 26 дэкаратыўных). Асаблівасьцю аргана ёсьць наяўнасьць спэцыяльнай прылады «Tremola», празь якую інструмэнт можа выдаваць характэрны дрыжачы гук «жалоснага» тэмбру.

У 1901 годзе, у гонар заканчэньня будаваньня касьцёла, з бронзы адлілі памятную эмблему ў выглядзе пласьціны і бронзавы дыск на мармуровым квадраце (умураваны ў пятую зьлева ад уваходу калёну). Тэкст пласьціны гучыць у перакладзе з польскай наступным чынам: «На памяць шчасьліва скончанага стагодзьдзя ад Раства Хрыстова і ўратаваньня свету. ХІХ ст. — 1901 год». Дыск на мармуровай пліце сымбалізуе Зямлю акружаную сфэрай (абадком), на якой узвышаецца крыж.

У гонар гістарычнай падзеі адкрыцьця касьцёла ў першую калёну налева ад галоўнага алтара была ўмуравана мармуровая табліца. У вольным перакладзе з лацінскай мовы тэкст табліцы гучыць наступным чынам: «Богу Ўсемагутнаму касьцёл драўляны Сьвятога Андрэя Апостала ў Кабыльніку быў пабудаваны князямі Сьвірскімі ў 1463 годзе. Потым пробашч Ігнаці Расалоўскі ў пачатку 1897 году заклаў нарожны камень пад новы касьцёл, будаваньне якога скончыў у 1901 годзе. Асьвяціў біскуп барон дэ Роп у 1904 годзе». Гэтая табліца ручной работы ў пачатку 90-х была заменена на фабрычную пробашчам парафіі а. Аўгустынам Квяткоўскім.

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавым прыкладам сакральнай архітэктуры, і напамінам пра драўляны касьцёл ёсьць барокавая драўляная званіца, адрэстаўраваная ў 1925 і 1995 гадох. Гэта квадратная ў пляне 3-ярусная каркасна-зрубавая пабудова пад шатровым дахам.

Цьвінтар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На цьвінтары каля касьцёлу знаходзяцца тры пахаваньні з надпісамі на польскай мове: магіла ксяндза Казімера Паўловіча (пам. 19.09.1943 г.), магіла ксяндза Яна Панятоўскага (пам. 17 ліпеня 1921 г.), магіла Лявона Кісяля (пам. 21.12.1882 г. у 66 гадоў).

16 кастрычніка 2008 году з нагоды 30-годзьдзя абраньня кардынала Караля Вайтылы папам рымскім Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт менска-магілёўскі, сымбалічна ў 18:45 (час абраньня папы) асьвяціў помнік Вялікаму Папу, усталяваны на прыкасьцёльнай тэрыторыі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Заводзкая, 2а
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Першамайская, 58

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. М. Адраджэнне готыкі. — Менск, 1993. — 71 с.
  • Кулагін А. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Менск: «Ураджай», 2000. — 304 с.: іл. ISBN 985-04-0350-0.
  • Яфімава В. Храм на зямлі, святыня ў сэрцы // Нарачанская зара. № 126—128, 14 жніўня 2004 г.
  • Каспаревский Ч. Орган Нарочанского костёла. — Санкт-Петербург, 25.01.2001 г. (рукопись).
  • Каспаревский Ч. Юбилейные празднества 1900-летия Рождества Христова и торжества в честь открытия и консекрации нового каменного костела. Санкт-Петербург, 5 апреля 2004 г. (рукопись);

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000443