Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў (Юравічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Касьцёл і калегіюм езуітаў
Краіна Беларусь
Вёска Юравічы
Каардынаты 51°56′31.06″ пн. ш. 29°31′57.85″ у. д. / 51.9419611° пн. ш. 29.5327361° у. д. / 51.9419611; 29.5327361Каардынаты: 51°56′31.06″ пн. ш. 29°31′57.85″ у. д. / 51.9419611° пн. ш. 29.5327361° у. д. / 51.9419611; 29.5327361
Канфэсія Беларускі экзахат
Эпархія Тураўская япархія 
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Нараджэ́ньня Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кале́гіюм езуі́таў  — помнік архітэктуры XVIII ст. у Юравічах. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка пад адрасам вуліца Горная, 9, на беразе Прыпяці. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. У 2010-я гады комплексу вярнулі аўтэнтычны выгляд. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з будынкаў касьцёла і калегіюму, аточаных высокім мурам з уязной брамай. У наш час у будынках дзейнічае царква і манастыр Раства Багародзіцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраз Маці Божай Юравіцкай

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Айцы-езуіты зьявіліся ў Юравічах у другой палове XVII ст. з фундацыі Барбары Лозкі і Мар’яны Катарскай, якія перадалі вёску ў валоданьне ордэна. 8 верасьня 1673 году адбылося асьвячэньне капліцы, у якую ўрачыста ўнесьлі цудоўны абраз Маці Божай. У 1681 годзе ў выніку дзейнасьці астроскіх езуітаў у Юравічах утварылася езуіцкая місія.

У 1726—1746 гадох на месцы драўляных будынкаў кляштару збудавалі мураваныя. У 1754 годзе місію ператварылі ў рэзыдэнцыю. У 1756 годзе тут адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. Пры рэзыдэнцыі існавалі музычная бурса, тэатар і бібліятэка[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Юравічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзейнічаць. У 1820 годзе, па ліквідацыі ордэна езуітаў у Расейскай імпэрыі, будынкі перадалі мазырскім бэрнардынам. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, аднак у 1841 годзе[2] будынкі вярнулі каталікам. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у лістападзе 1864 году расейскія ўлады зноў адабралі будынкі ў каталікоў і ў 1865 годзе перабудавалі да непазнавальнасьці пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Наноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1958 годзе на загад старшыні калгаса помнік архітэктуры пачалі разьбіраць на цэглу.

У 1990-я гады будынкі перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, які заснаваў тут жаночы манастыр Раства Багародзіцы, а ў 2006 годзе — мужчынскі манастыр. У наш час вядзецца аднаўленьне комплексу ў выглядзе, набліжаным да аўтэнтычнага.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комплекс складаецца з будынкаў касьцёла і калегіюму, аточаных высокім мурам з уязной брамай. З кутоў агароджы і абапал брамы ўзвышаюцца круглыя ў пляне вежы з байніцамі.

Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсыдай. Галоўны фасад вэртыкальна падзяляецца на тры ярусы разьвітымі антаблемэнтамі, гарызантальна — пілястрамі. Разнастайныя нішы і вокны аздабляюцца складанымі профілямі і ляпнінай. Бакавыя сьцены падзяляюцца лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтара разьмяшчаюцца 2-павярховыя закрысьціі. Да паўночнай закрысьціі далучаецца 2-сьветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіюму. Пад касьцёлам разьмяшчаецца крыпта.

Калегіюм — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак. Ягоную сымэтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю падкрэсьліваюць дзьве 3-ярусныя вежы з кутоў дваровага фасада. Сьцены рытмічна падзяляюцца пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленьні. Плян галерэйны зь вялікай заляй у цэнтры. Перакрыцьці абодвух паверхаў скляпеністыя.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Блінова Т. Юравіцкая езуіцкая рэзідэнцыя // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 771.
  2. ^ Ярашэвіч А. Пакуты Юравіцкага касцёла // Наша Вера. № 2 (24), 2003 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  312Г000407