Старына (Весялоўскі сельсавет)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Касьцюкі (Старына)»)
Старына
трансьліт. Staryna
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Весялоўскі
Вышыня: 171 м н. у. м.
Насельніцтва: 10 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222149
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°18′42.01″ пн. ш. 28°17′21.98″ у. д. / 54.3116694° пн. ш. 28.2894389° у. д. / 54.3116694; 28.2894389Каардынаты: 54°18′42.01″ пн. ш. 28°17′21.98″ у. д. / 54.3116694° пн. ш. 28.2894389° у. д. / 54.3116694; 28.2894389
Старына на мапе Беларусі ±
Старына
Старына
Старына
Старына
Старына
Старына

Старына́[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 23 км на паўночны захад ад Барысава. Старына ўваходзіць у склад Весялоўскага сельсавету.

Гістарычна вёска складаецца зь дзьвюх частак — непасрэдна Старыны і былога гаспадарчага двара Касьцюкі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даўнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старына ніколі не была ні цэнтрам землеўладаньня, ні цэнтрам прыхода. Таму гістарычныя зьвесткі пра яе ў былыя часы адсутнічаюць. Няма зьвестак ні пра час яе заснаваньня, ні тлумачэньне паходжаньня яе назвы.

Найбольш старое сьведчаньне пра існаваньне Старыны можа быць аднесена да 20—40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, калі яна ўпершыню была адзначана на тагачаснай мапе. Маюцца ў ХІХ стагодзьдзі і больш позьнія згадваньні Старыны (або ў асобных дакумэнтах — Старынак). У сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя яна зьяўлялася засьценкам. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя Старына адносілася да Касьцюкоўскага сельскага таварыства.

Фальварак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фальварак ля Старыны, як ужо адзначалася раней, часта яшчэ называлі гаспадарчым дваром Касьцюкі. Час яго ўтварэньня таксама невядомы. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, яшчэ да адмены прыгоннага права, ён ужо існаваў. Належаў ён з таго часу і да моманту нацыяналізацыі Цюндзявіцкім.

Паны былі ня вельмі багатымі. Акрамя панскага дома, гаспадарчых пабудоў у фальварку жылі дваравыя людзі. Па стану на 1909 год тут было два дамы, у якіх агулам жыло 17 жыхароў. Як казалі людзі, у пана было ўсё дагледжана, акультурана. Дзе неабходна, былі зроблены мэліярацыйныя каналы, насыпы. Яшчэ доўга пасьля «панскіх» часоў на яго землях можна было атрымаць лепшыя ўраджаі, чым на іншых. Але потым усё было закінута.

У Цюндзявіцкіх са Старыны людзі маглі добра зарабіць. Плацілі паны на выбар або грошамі, або таварам. У савецкія часы калгасы не маглі даць тутэйшым сялянам такія магчымасьці заробкаў.

Новая ўлада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыцьцё ў Старыне пасьля падзеяў 1917 году і зьмены ўлады пачало мяняцца. Ня стала паноў. У былым панскім доме ў 1923 годзе разьмясьцілася школа. Існавала яна тут да 1937 году. У 30-х гадах распачалося зьліквідаваньне навакольных хутароў. У гэты час шмат людзей зь іх пасяляецца ў Старыне (напярэдадні гэтага перасяленьня тут жыло ўсяго 14 чалавек). З таго часу вёска значна пашыраецца, былая вёска і фальварак аб’ядноўваюцца ў адно цэлае.

Пацярпелі ад новай улады ня толькі Цюндзявіцкія. Жылі ў вёсцы тры браты. Мелі каня, дзьве каровы. Гаспадарка ў іх была агульная. У 30-я гады іх прызналі кулакамі, выслалі ў Архангельск. Дзяцей іх раздалі па мясцовых сем’ях. Праз 25 гадоў адзін з тых братоў вярнуўся ў Старыну. Пабудаваў тут прыгожы дом і жыў да канца сваіх дзён. Пайшоў ён з жыцьця, калі яму было каля 90 гадоў.

Вёска цяпер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наўрад ці хто цяпер зможа назваць вёску Старына пэрспэктыўнай. Тут маецца каля 25 хат. Жыхары — пераважна старога веку. Няма нічога ў вёсцы ад панскага фальварку. Будынкі не перажылі нават і вайну. Іх падмуркі былі разьбіты і зьнесены трактарамі.

Сярод «гістарычных» будынкаў можна адзначыць хіба што адну зь невялікіх гаспадарчых пабудоваў тых братоў, якія былі ў свой час сасланы ў Архангельск. Яна мае грунтоўны, зроблены з камянёў склеп. Калгасныя будынкі ўжо даўно запушчаны. Самым старым зь іх зьяўляецца былая кузьня, якая была перавезена сюды адразу пасьля вайны.

У Старыне ўжо даўно няма ні паноў, ні той дагледжанасьці, якая была пры іх. Замест таго ў навакольлях вёскі можна назіраць закінутыя былыя калгасныя будынкі.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2010 год — 10 чалавек
  • 2005 год — 25 двароў
  • 1999 год — 25 чалавек

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 66

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]