Перайсьці да зьместу

Кары Руэсьлётэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кары Руэсьлётэн
Kari Rueslåtten
Дата нараджэньня 3 кастрычніка 1973 (51 год)
Месца нараджэньня Тронгэйм, Нарвэгія
Прафэсія сьпеў
Гады дзейнасьці з 1992
Сябра ў The 3rd and the Mortal[d] і Storm[d]
Жанры
Вакал сапрана[d]
Інструмэнты голас[d]
Гурты «The 3rd and the Mortal»
Супрацоўніцтва «Storm»
Лэйблы
Сайт www.karirueslatten.com

Кары Руэсьлётэн (па-нарвэску: Kari Rueslåtten; нарадзілася 3 кастрычніка 1973 году, Тронгэйм, Нарвэгія) — нарвэская сольная сьпявачка.

З 14-ці гадоў Кары Руэсьлётэн вывучала ў музычнай школу тэхніку клясычнага сьпеву, а да 19 гадоў выступала ў некалькіх рок-гуртах.

У 1993 року Кары зь пяцьцю сябрамі ўтварылі гурт «The 3rd and the Mortal», які выконваў атмасфэрны дум-мэтал з дамешкам прагрэсіўных элемэнтаў. Зь ім Кары запісала дэма-пласьцінку «The 3rd And The Mortal» (1993), EP «Sorrow» (1993) і поўнафарматны альбом «Tears Laid in Earth» (1994).

Сышоўшы ў 1994 з «The 3rd and the Mortal», Руэсьлётэн як сэсыйная вакалістка ўдзельнічала ў запісе альбому «Nordavind» супэргурту «Storm», а неўзабаве выдала і свой першы сольны праект «Demo Recordings», абодва ў стылі нардычнай фолк-музыкі. Дэма-альбом выйшаў сьпіплым накладам, аднак атрымаў прызнаньне, і ў 1996 Кары заключыла кантракт зь фірмаю Sony Music.

Першы альбом Кары Руэсьлётэн «Spindelsinn» выйшаў у студзені 1997 року. Усе песьні на ім былі выкананыя па-нарвэску і вытрыманыя ў фолкавым стылі. За гэты альбом Кары была намінаваная на лепшую жаночую выканаўцу некалькіх нарвэскіх прэміяў, а сплаў нардычнае фолк-музыкі і попу прынёс ёй вялікую папулярнасьць у Скандынавіі.

У канцы 1997 року Руэсьлётэн пераехала з Тронгэйму ў Осьлё. 5 кастрычніка 1998 выйшаў другі альбом «Mesmerized», мякчэйшы, з больш асабістай лірыкай, гэтым разам цалкам па-ангельску. Акрамя таго, сьпявачка перайшла ад фолкава-акустычнага стылю да больш сучаснага гучаньня, нечым падобнага да Торы Эймас. Альбом прынёс Кары прызнаньне ва ўсёй Эўропе.

Каб не залежаць ад прадусэраў, Кары Руэсьлётэн вырашыла сама засвоіць гуказапіс і прадусаваньне ў Лёндане. Вярнуўшыся празь некалькі гадоў, сьпявачка выпусьціла на швэдзкім лэйбле GMR Music Group экспэрымэнтальны альбом «Pilot», дадаўшы ў яго новае сучаснае гучаньне. Музыка стала болей падобная да Б’ёрк, аднак з характэрным для Руэсьлётэн палкім адценьнем.

У студзені 2005 выйшаў наступны альбом «Other People’s Stories» з больш простай музыкай, хоць зь лёгка пазнавальнымі сучаснымі нотамі, якасьцю і чульлівасьцю. Альбом заняў 2-е месца ў рэйтынгу найлепшых нарвэскіх дыскаў 2005 року.

Скончыўшы канцэртныя выступы ў падтрымку альбому, напрыканцы 2005 року Кары прыпыніла сваю творчую дзейнасьць. У сакавіку 2007 яна нарадзіла дачку Агнэс.

На люты 2014 заплянаваны выхад чарговага альбому «Time to tell».

  • «Nordavind» (1995)
  • «Demo Recordings» (1995)
  • «Spindelsinn» (1997)
  • «Mesmerized» (1998)
  • «Pilot» (2002)
  • «Other People’s Stories» (2005)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]