Мікалай Карполь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Карполь»)
Мікалай Карполь
Пэрсанальная інфармацыя
Поўнае імяМікалай Васільевіч Карполь
Нарадзіўся1 траўня 1938 (85 гадоў)
Бярэзьніца, Палескае ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая
ГрамадзянстваРасея
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыятрэнэр па валейболе
Дзяржаўныя ўзнагароды
Ордэн «За заслугі перад Айчынай» 3 ступені Заслужаны працаўнік фізычнай культуры Расеі
Ордэн Сяброўства
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Сяброўства народаў
Ганаровы грамадзянін Сьвярдлоўскай вобласьці

Мікала́й Васі́льевіч Карпо́ль (па-расейску: Николай Васильевич Карполь; нарадзіўся 1 траўня 1938 году, Бярэзьніца Палескага ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая) — савецкі і расейскі валейбольны трэнэр. Ачольваў жаночыя зборныя СССР (1978—1982, 1987—1991), СНД (1992), Расеі (1993—2004) і Беларусі (2009—2010). Прэзыдэнт і галоўны трэнэр клюбу «Уралочка-НТМК» (Екацярынбург, з 1969 року).

Заслужаны трэнэр СССР і Расеі, Заслужаны працаўнік фізычнай культуры Расеі. Чалец валейбольнае Залі славы. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Сяброўства народаў, «За заслугі перад Айчынай» III ступені і іншымі адзнакамі. Двойчы ўганараваны прэміі «Спартовы Оскар» у намінацыі «Найлепшы трэнэр па валейболе сярод жаночых камандаў». Ганаровы грамадзянін Екацярынбургу і Сьвярдлоўскай вобласьці.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Карполь нарадзіўся 1 траўня 1938 року ў вёсцы Бярэзьніцы (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці). Бацька і двое братоў загінулі на фронце. Выхаваньнем Мікалая і ягонага малодшага брата займалася бабуля. Вучыўся ў Ружанскай сярэдняй школе[1], дзе пачалося ягонае захапленьне валейболам[2].

Мікалай Карполь скончыў школу ў 1955 і ў наступным року пераехаў на Ўрал. У Ніжнім Тагіле паступіў у прафтэхвучэльню, дзе засвоіў прафэсію майстра мэханічнага калёнкавага сьвідраваньня і трапіў на працу ў трэст «Уралбурвзрывпром». Адначасна працягнуў навучаньне на фізычна-матэматычным факультэце Ніжнетагільскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту — з 1957 року на завочным, а цераз год — на дзённым аддзяленьні.

Упершыню на трэнэрскай ніве Мікалай Карполь паспрабаваў сябе ў студэнцкія гады, стварыўшы ў 1959 року валейбольны клюб на базе Індустрыяльнага пэдагагічнага тэхнікуму. У 1960 перайшоў у Сьвярдлоўскі абласны савет ДСТ «Працоўныя рэзэрвы», дзе працаваў трэнэрам да 1969 року. З 1963 трэніраваў зборную РСФСР «Працоўных рэзэрваў». Па сканчэньні НТДПІ ў сярэдзіне 1960-х цягам 2 рокаў спалучаў трэнэрскую працу з пэдагагічнай дзейнасьцю — выкладаў фізыку і астраномію ў вечаровай школе, тэхнічную мэханіку ў ПТВ.

У 1966 Мікалай Карполь ажаніўся з Галінай Дуванавай, адной зь лепшых гульцоў «Уралачкі», і праз год маладая сям’я пераехала ў Сьвярдлоўск. З 1969 року Мікалай Карполь ачоліў жаночы валейбольны клюб «Уралачка», практычна ўсе дасягненьні якога зьвязаныя зь імем яго галоўнага трэнэра. У кастрычніку 1978 року на базе «Ўралачкі» Карполь стварыў нацыянальную зборную СССР, зь якой перамог на маскоўскай Алімпіяде-1980.

У 1982, пасьля няўдалага выступу на чэмпіянаце сьвету (6-е месца), Мікалай Васільевіч адхілены ад кіраваньня зборнай. У 1987, вярнуўшыся на трэнэрскі масток, заняўся падрыхтоўкай савецкіх валейбалістак да Алімпіяды ў Сэуле-1988. Фінальны матч сэульскай Алімпіяды СССРПэру стаў адным з самых драматычных за ўсю алімпійскую гісторыю валейболу. Каманда СССР, якую перад пачаткам турніру адмыслоўцы не залічвалі ў склад фаварытаў, здолела ў пятай вырашальнай партыі вырваць перамогу 17:15.

Нацыянальныя жаночыя зборныя па валейболе пад кіраўніцтвам Карполя яшчэ тройчы атрымоўвалі алімпійскія ўзнагароды: срэбныя мэдалі ў Барсэлёне, Сыднэі і Афінах.

Акрамя посьпехаў у СССР Карполь, па сутнасьці, стварыў жаночы валейбол у Харватыі. З 1990 року ён працаваў галоўным трэнэрам заграбскай «Младасьці», чэмпіёна краіны 1992—1996 рокаў. У 1995—1999 харваткі тройчы запар выйгравалі срэбра чэмпіянатаў Эўропы. Адначасна Мікалай Васільевіч працаваў дараднікам з правамі галоўнага трэнэра ў гішпанскім клюбе «Мурсія» (1993—1996) і тройчы выйграваў чэмпіянаты Гішпаніі.

У чэрвені 2009 року Мікалай Карполь быў прызначаны тэхнічным дырэктарам жаночай зборнай Беларусі, а ў жніўні стаў яе галоўным трэнэрам[3]. У лістападзе 2010 року з прычыны няўдалага выступу зборнай у адборачным цыкле чэмпіянату Эўропы-2011 сышоў у адстаўку.

Мікалай Карполь вылучаецца экспрэсыўнымі і нестандартнымі паводзінамі на пляцоўцы, на мяжы дазволенага. Аднак большасьць ягоных апекуноў выказваюцца пра яго выключна станоўча. Ад валейбалістак Карполь атрымаў мянушку «тата».

Жыве і працуе ў Маскве. Мае брата і сястру, якія жывуць у Беларусі[4].

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Александр Горбач. (4 лістапада 2009) Новая победа Карполя (рас.) Спорт. Вечерний БрестПраверана 22 жніўня 2012 г.
  2. ^ КАРПОЛЬ Николай Васильевич (рас.). Международный объединённый биографический центр. Праверана 22 жніўня 2012 г.
  3. ^ Роман Орловский. Николай Карполь возглавил сборную Белоруссии // Комсомольская правда. — 19 августа 2009 года.
  4. ^ Алесь Сівы. (6 кастрычніка 2009) Уладзімір КАЗЛОЎ: «Не будзе моладзі — нам труба!». Народная воляПраверана 22 жніўня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Карпольсховішча мультымэдыйных матэрыялаў