Калюга (Маладэчна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Калюга — гістарычая мясьціна Маладэчна, былая вёска. Разьмяшчаецца ўздоўж Гарадоцкай вуліцы прыблізна ад месца старых могілак да чыгуначнага пераезду. Назва вёскі ўтварылася ад слова з сэнсавым значэньнем «катлавіна, паніжаная, пераўвільготненая мясцовасць», радзей «каляіна».[1] У ХІХ стагодзьдзі вёска Маладэчанскай воласьці Вялейскага павету Віленскай губэрні, прылягала непасрэдна да мястэчка і зьяўлялася працягам вуліцы Гарадоцкай. У апошняй траціне ХІХ ст. тут была заснаваная царкоўна-прыхадзкая школа, якая разьмяшчалася на выгане (цяпер вул. Гарадоцкая, 66).[2] У забалочанай мясцовасьці насупраць яе да 1960-х гадоў знаходзіліся пахаваньні свойскае жывёлы. У чэрвені 1917 року да частак 10-й расейскай арміі, што разьмяшчалася ў Маладэчне, прыехаў кіраўнік часовага ўраду Керанскі. Па дарозе праз забалочаныя мясьціны ягоны бранявік заграз у Калюзе. Ахоўнікі пасьпяшаліся выцягнуць яго з багны, баючыся нападу раззлаваных жаўнераў (перад гэтым ужо былі зьдзейсьненыя замахі на Керанскага ў Палачанах і Гарадку).

Верагодна, што ў часы міжваеннае Польшчы Калюга ўжо зьяўлялася неад’емнай часткай мястэчка, бо ў распараджэньні аб наданьні Маладэчну мескіх правоў ад 26 красавіка 1929 року падобны населены пункт не згаданы. У наш час забудова Калюгі пашырылася на захад і ўсход, асноўную частку забудовы раёну складаюць дамы сядзібнага тыпу. Да гістарычнай забудовы належаць дамы №№40 (1910 г.) і 47 па вул. Гарадоцкая. Назва вёскі ніяк не пазначана на мапе Маладэчна, хаця на некаторых мапах адзін з аўтобусных прыпынкаў на Гарадоцкае вуліцы падпісаны як «Калюга».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://web.archive.org/web/20140104025245/http://library.mogilev.by/kray/glusk/196.html
  2. ^ Святло камунізму, 13 красавіка 1990

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна - Мн.: БелЭн, 2002
  • Г.А.Каханоўскі. Маладзечна. -Мн., Полымя, 1988