Казімер Семяновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Семяновіч.
Казімер Семяновіч
Казімер Семяновіч
Казімер Семяновіч

Герб «Астоя»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 студзеня 1600[1]
Памёр пасьля 1651
Род Семяновічы
Дзейнасьць вайсковы інжынэр, фізык, інжынэр

Казі́мер Семяно́віч (16 студзеня 1600 — па 1651) — навуковец зь Вялікага Княства Літоўскага, інжынэр і тэарэтык артылерыі, мысьляр-гуманіст. Вынаходнік шматступеневае ракеты[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў XIV—XVI стагодзьдзях валодалі землямі на Віцебшчыне[3][4]. Навучаўся ў Віленскай акадэміі.

Удзельнік вайны з Маскоўскай дзяржавай (1632—1634) і аблогі гораду Белага (сакавік — травень 1634), удзельнік бітвы 30 студзеня 1644 году войскаў Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе быў сьведкам дзеяньня татарскіх фаервэркаў.

Жыцьцё за мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выехаўшы ў Нідэрлянды, у 1645 годзе браў чынны ўдзел у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрляндах атрымаў магчымасьць пазнаёміцца з багатай эўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры.

Назапасіўшы практычны досьвед, распачаў свае ўласныя досьледы з мэтай спасьцігнуць «таямніцы парахавых сіл», авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Настойліва вывучаў мэханіку, гідраўліку, пнэўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізыку, хімію, матэматыку, асвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і мэтале, адліўка гармат з мэталаў і іншыя. Ёсьць падставы меркаваць, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV апекаваў таленавітага фаервэркера і даваў патрэбныя сродкі, каб К. Семяновіч меў магчымасьць вывучаць зброю ў эўрапейскіх арсэналах.

Кар’ера на радзіме[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1646 годзе кароль адклікаў Казімера Семяновіча зь Нідэрляндаў і прызначыў яго інжынэрам у кароннай артылерыі.

У 1648 годзе атрымаў пасаду намесьніка начальніка артылерыі Каралеўства Польскага і разам з 12 гарматнікамі выяжджаў на вайну з казакамі. З уласнай ініцыятывы, а часта і за свой кошт праводзіў экспэрымэнты ў вонкавай і ўнутранай балістыцы, рабіў шматлікія запускі ракет. Пасьля паразы польскага войска пад Піляўцамі выйшаў у адстаўку ў званьні генэрал-леўтэнанта кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрлянды.

Навуковая дзейнасьць за мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш трэцяга выданьня «Вялікага мастацтва артылерыі», выдадзенага на нямецкай мове ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне ў перакладзе Томаса Бэрэна.

У 1650 годзе ў Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда-Вільгельма Габсбурґа выдаў на лаціне трактат «Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая». У 1651 годзе гэтую кнігу перавыдалі на францускай мове з прадмовай аўтара, прысьвечанай Вільгельму Фрыдрыху — начальніку артылерыі Рэспублікі Задзіночаных правінцыяў (такая тады была афіцыйная назва Нідэрляндаў). Гэтая прадмова да нашага часу застаецца апошнім дакумэнтальным сьведчаньнем жыцьця Казімера Семяновіча.

Існуюць розныя вэрсіі пра прычыны яго сьмерці, адной зь якіх (паводле А. Штэрнфэльда) магло быць забойства рамесьнікамі-піратэхнікамі за тое, што ў кнізе ён выдаў сакрэты і таямніцы свайго майстэрства.

Трактат Казімера Семяновіча перакладаўся на нямецкую, ангельскую, галяндзкую, дацкую і іншыя мовы. Паўтара стагодзьдзя ён быў адной з найважнейшых у Эўропе навуковых працаў па артылерыі і піратэхніцы[5].

Падрыхтаваў да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць яе не пасьпеў; захаваліся толькі зьвесткі пра існаваньне такога рукапісу ў бібліятэцы Артылерыйскага музэю ў Санкт-Пецярбургу.

У бібліятэцы Варшаўскага ліцэя (паводле сьведчаньня гісторыка польскай літаратуры Фэлікса Бянтоўскага) знаходзіўся бюст К. Семяновіча, на якім той меў ордэнскую стужку і ордэн Зоркі на грудзях. Мяркуюць, што гэтым ордэнам навукоўца ўзнагародзілі галяндцы за ягоную выдатную працу «Вялікае мастацтва артылерыі», а магчыма, і за ўдзел у аблозе гораду Гульста.

Філязофскія погляды. Навуковая праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філязофскія погляды. Спасылкі на іншых навукоўцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваім сьветапоглядзе на сусьвет Казімер Семяновіч у асноўным прытрымліваўся канцэпцыі Арыстотэля, сьведчаньнем чаго зьяўляюцца тыя месцы ў творы «Вялікае мастацтва артылерыі», дзе ён пераходзіў ад апісаньня эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных сьветапоглядных пытаньняў. Таксама добра ведаў вучэньне старажытнагрэцкіх філёзафаў пра натуральныя і вымушаныя рухі, і тагачасную канцэпцыю «імпэтусу» — руху цела пад націскам іншага цела-рухача. Зьвяртае на сябе ўвагу высокі ўзровень агульнай культуры К. Семяновіча, які добра ведаў і антычную літаратуру, і сучасныя яму тэхнічныя дасягненьні, і працы тагачасных эўрапейскіх аўтараў, што выдаваліся на нямецкай, грэцкай, лацінскай і інш. мовах. Польскі гісторык Г. Новак падлічыў, што ў кнізе беларускага навукоўца цытуюцца больш за 200 аўтараў, выкарыстана каля 260 твораў, пераважна старажытныя трактаты, каля 40% складаюць кнігі эпохі Рэнэсансу і Новага часу; шырока выкарыстаны творы Плятона, Арыстотэля, Сэнэкі, Эўкліда, Архімэда, Апалёна з Пэрґама, знакамітых сярэднявечных дасьледнікаў, мэдычная і прыродазнаўчая літаратура, выданьні па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі. Але галоўнай адзнакай шматграннай дасьледніцкай дзейнасьці і творчых пошукаў К. Семяновіча было пачуцьцё чалавечай годнасьці і прыналежнасьці да роднай зямлі, глыбокае веданьне яе жыцьцёвых патрэб і інтарэсаў. Асноўную мэту выданьня кнігі ён бачыў у тым, каб зрабіць паслугу сваей радзіме і сваім суайчыньнікам, «якія заўседы выяўлялі вялікую схільнасьць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі». Згадку пра дарагую яму айчыну можна знайсьці і ў апісаньні роднай прыроды, народных традыцыяў і сьвятаў, і ў звыклых назвах прадметаў, у старабеларускіх мерах вагі, вадкіх і сыпкіх рэчываў.

Праца ў кантэксьце сучаснасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматступенчатая ракета з Artis Magnae Artilleriae pars prima

У творчасьці Казімера Семяновіча адлюстраваліся цяжкасьці і супярэчнасьці станаўленьня досьледнага прыродазнаўства ў XVII стагодзьдзі, традыцыі, што зьвязвалі яго час зь сярэднявеччам і ў той жа час характарызуюць яго як навукоўца Новага часу. Уважлівасьць пры правядзеньні досьледаў і назіральнасьць дазволілі яму прадбачыць мэханічныя заканамернасьці, умела выкарыстоўваць найноўшыя дасягненьні тагачаснай навукі і тэхнікі. Крытыкуючы розныя перажыткі ў артылерыйскай справе і тых яе прадстаўнікоў, якія «адхрышчваюцца ад тэорыі і прынцыпаў цудоўнай матэматыкі» і лічаць ганьбай для піратэхніка-практыка выкарыстаньне тэарэм Архімэда, Эўкліда ці іншых славутых навукоўцаў, К. Семяновіч пісаў

« Менавіта тут крыніца гэтай новай навукі — „псэўдамэханікі“, невядомай у мінулых стагодзьдзях. Балюча мне толькі за тое, што ўзвышаная навука піратэхнікі ня толькі зьняважана тымі, хто яе выкарыстоўвае (кажу тут пра гэтых практыкаў без практыкі) і хто адабраў у яе былую славу і прыгажосьць, якую ёй надалі яе першыя адкрывальнікі. Балюча мне, што гэтую навуку адарвалі ад правільнай асновы — матэматыкі і запіхнулі паміж звычайнымі рамёствамі »

Выказваў пажаданьне, каб быў прыняты спэцыяльны закон, паводле якога спэцыялісты-піратэхнікі не дапускаліся б да работы бязь веданьня асноваў дакладных і прыродазнаўчых навук.

База дасьледаваньняў. Навуковая спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казімер Семяновіч дамогся рэальных посьпехаў менавіта таму, што яго высновы грунтаваліся не на агульнафілязофскіх рэчах пра праблемы руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім досьледных зьвестак. У гэтым дачыненьні характэрнымі зьяўляюцца вынікі праведзеных ім досьледаў па стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі, на аснове якіх ён фармулюе закон абсалютнага няпругкага сутыкненьня аднолькавых па велічыні, форме і рэчывах целаў: «У цэлым жа, — піша ён , — ніякі рух не зьнікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага». Амаль за 35 гадоў да ўвядзення Ляйбніцам паняцьця «кінэтычнай энэргіі», зыходзячы з назіраньняў за работай майстраў-ракетнікаў пры запаўненьні порахам ракеты, Семяновіч прыйшоў да высновы, што пры аднолькавай вуглавой хуткасьці лінейная хуткасьць молата прапарцыянальна да квадрату даўжыні ручкі першай ступені вагі. Сустракаюцца ў яго кнізе і тыпова схалястычныя разважаньні, асабліва ў спробах тлумачэньня зьяваў і працэсаў, разуменьне якіх ляжала далёка па-за межамі тагачаснай навукі. Але ад большасьці сваіх сучасьнікаў і папярэднікаў Казімера Семяновіча адрозьнівала пасьлядоўная апора на досьлед, экспэрымэнт пры вывучэньні і тлумачэньні зьяваў, за якімі вядзецца назіраньне. Так падыходзіў ён і да выкладаньня тэарэтычных палажэньняў і мэтадаў вызначэньня калібру гармат, радыюсаў і вагі ядраў у залежнасьці ад матэрыялаў, да раскрыцьця хіміі і тэхналёгіі вырабу розных гатункаў пораху, спосабаў праверкі яго баявых якасьцяў і захоўваньня.

Глыбока аналізаваў мэтады разьліку разнастайных тыпаў ракет, што выкарыстоўваліся і ў вайсковай справе, і на цывільныя патрэбы. Даў апісаньне канструкцыяў і спосабаў вырабу некалькіх дзясяткаў тыпаў ракет, у тым ліку ракет з хвастатымі стабілізатарамі-крыламі, ракет, якія запускаліся са спэцыяльных станкоў і інш. Асабліва цікавыя для сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі зьвесткі пра састаўныя (вязкі ракет) і шматступенныя ракеты. Некаторыя з апісаных К. Семяновічам ракет былі вядомыя зь літаратурных крыніц, многія, у тым ліку і шматступенныя ракеты, прапанаваныя ўпершыню.

Да вывучэньня канструяваньня розных тыпаў ракет падыходзіў гэтак сама, як і да іншых пытаньняў, што разглядаліся ў кнізе, — не як рамесьнік, а як навуковец-прыродазнавец, экспэрымэнтатар і практык. Погляды К. Семяновіча на прычыны руху ракеты, паводле яго сьведчаньняў, мусілі быць выкладзеныя ў другой, страчанай частцы кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Тут ён меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай ваеннай тэхнікі, сучасных яму сухапутных і марскіх гармат, апісаць працэс іх абслугоўваньня, выкарыстаньня і спосабы абароны ад нападу супраціўніка, архітэктурныя формы і тэхналёгію пабудовы артылерыйскай тэхнікі. Згадваў ён і пра намер прысьвяціць спэцыяльны разьдзел свайму новаму вынаходзтву, «у якім зьмяшчаюцца ўсе нашы веды» і якое «перасягае шмат якія іншыя прыстасаваньні і замяняе іх усе». Мяркуючы з усяго, Казімер Семяновіч вынайшоў аптычна-мэханічную прыладу накшталт нівэліра, бусолі ці кіпрэгеля ўнівэрсальнага характару. Ён меўся таксама разабраць шмат якія геамэтрычныя праблемы, астранамічныя і геаграфічныя пытанні. «Як толькі ўсё гэта, — пісаў навуковец, — у адпаведных месцах дойдзе да сьвядомасьці кожнага, тады адбудзецца вера ў мае словы».

Казімер Семяновіч. Марка Белпошты (1995)

Навуковыя працы і экспэрымэнты К. Семяновіча на многія гады перадвызначылі шляхі разьвіцьця эўрапейскай артылерыі, былі зь вялікай цікавасьцю і ўвагай сустрэтыя ў Эўропе. А яго гуманістычны сьветапогляд, рашучае адмаўленьне войнаў як найвялікшага няшчасьця для чалавецтва служылі ўзорам высокай маральнасьці і грамадзянскай адказнасьці для многіх пакаленьняў дасьледнікаў і навукоўцаў.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе Белпошта выдала адмысловую марку, прысьвечаную Казімеру Семяновічу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзьве даты: 16 студзеня // Зьвязда : газэта. — 16 студзеня 2010. — № 7 (26615). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Ткачоў М. Хто вынайшаў шматступеневую ракету? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 44.
  3. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 286.
  4. ^ Бельскі А., Ткачоў М. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. — Менск: Навука і тэхніка, 1992. С. 8.
  5. ^ Семяновіч Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 563.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]